Беларускага музыку і палітвязня Васіля Ярмоленку прысудзілі да трох гадоў «хіміі» за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч.1 арт. 342 КК), паведаміў праваабарончы цэнтр «Вясна». Паведамляецца, што на такі ж самы тэрмін была асуджаная і сяброўка гітарыста палітзняволеная Таццяна Гацко.
Васіля Ярмоленку і Таццяну Гацко прызналі вінаватымі ў актыўным удзеле ў паслявыбарчых пратэстах 2020 года. Суд над імі адбыўся 22 красавіка.
Васіль Ярмоленка – былы артыст Беларускага дзяржаўнага ансамбля танцаў. Як гітарыст ён граў у такіх гуртах, як Unia, «Голая Манашка», «Мутнаевока». Быў затрыманы сёлета 25 студзеня і да суду знаходзіўся пад вартай у СІЗА №1 на Валадарскага ў Менску. У гэты ж дзень затрымалі і Таццяну Гацко, яе таксама ўтрымлівалі ў следчым ізалятары.
«Вясна» ўдакладняе, што адразу пасля затрымання на праўладным тэлеграм-канале з’явілася «пакаяннае» відэа, з якога вынікала, што ў жніўні 2020 году Васіль Ярмоленка ўдзельнічаў у некалькіх масавых мерапрыемствах, а таксама стаяў у счэпцы на праезнай частцы. Таццяна таксама прызналася на відэа, што ў жніўні 2020 году яе сфатаграфавалі на Нямізе з бел-чырвона-белым сцягам.
Музыка і ягоная сяброўка прызнаныя вінаватымі і асуджаныя на тры гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу («хімія»).
Да прызначэння месца адбыцця пакарання Ярмоленку і Гацко вызвалілі з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе.
ЗК belsat.eu