news
Разбор
Чарнобыльская катастрофа: 10 рэчаў, якія варта ведаць
38 гадоў таму адбылася аварыя, наступствы якой адчуваюцца і пужаюць дасюль.
26.04.202406:00

38 гадоў таму адбылася аварыя, наступствы якой адчуваюцца і пужаюць дасюль. «Белсат» сабраў адказы на пытанні пра чарнобыльскую катастрофу: ад прычынаў і наступстваў да мутантаў і БелАЭС. У рыхтаванні матэрыялу дапамог радыяцыйны хімік Сяргей Бесараб.

Від на разбураны чацвёрты энергаблок Чарнобыльскай АЭС. Прыпяць, Украінская ССР. 1986 год.
Фота: SIPA / East News

Што і калі адбылося

У ноч на 26 красавіка 1986 года на 4-м энергаблоку Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, што блізу гораду Прыпяць тагачаснай Украінскай ССР, праводзілі эксперымент з сістэмай аварыйнага энергазабеспячэння. Здарыўся магутны выбух, які цалкам разбурыў рэактар. На станцыі распачаўся пажар, які значна пагоршыў эфект «бруднай бомбы». З рэактару ў асяроддзе аказаліся выкінутыя тоны ядравага паліва і радыеактыўных рэчываў. Небяспечныя рэчывы разляцеліся на сотні кіламетраў, што прывяло да шматлікіх смерцяў і хваробаў. Часткі ахвяраў можна было пазбегчы, калі б улады СССР адрэагавалі належным чынам.

Эвакуяваць людзей з Прыпяці пачалі толькі праз 36 гадзінаў па аварыі. Улады Савецкага Саюзу працяглы час утойвалі маштабы і небяспеку катастрофы. Толькі 28 красавіка савецкае інфармацыйнае агенцтва ТАСС паведаміла пра аварыю пяццю кароткімі сказамі. 1 траўня, калі яшчэ гасілі пажар на ЧАЭС, у Кіеве, Менску ды іншых гарадах, куды паляцелі небяспечныя рэчывы, людзей зганялі на першамайскія дэманстрацыі. Першыя парады пра бяспеку ў дзяржаўных медыях пачалі даваць толькі 6 траўня, і толькі 14 траўня кіраўнік СССР Міхаіл Гарбачоў агучыў тэлезварот, у якім хоць і прызнаў факт аварыі, але больш заспакойваў і вінаваціў Захад у «паклёпе».

Чаму здарылася аварыя

Дакладна вядома, як адбыўся выбух: спроба экстранна заглушыць рэактар прывяла да вельмі хуткага росту магутнасці. Нават савецкая камісія пазней прызнала памылку ў канструкцыі сістэмы абароны рэактару. Але пра тое, хто вінаваты і чаму ўтварыліся перадумовы аварыі, дасюль няма адзінай агульнапрынятай версіі. Міжнароднае расследаванне (PDF) выявіла доўгі спіс фактараў, якія, імаверна, прывялі да катастрофы.

Сярод прычынаў называлі фізічныя характарыстыкі рэактару і асаблівасці канструкцыі органаў кіравання; таксама ўвядзенне рэактару ў недаследаваны і не агавораны рэгламентам стан; невынясенне навукі з папярэдніх дзвюх аварыях на такіх рэактарах і невыпраўленне выяўленых дэфектаў; нізкая культура бяспекі на ўсіх этапах, ад самога праектавання, і ўва ўсіх савецкіх арганізацыях, звязаных з атамнай энергетыкай.

Ці праўду паказалі ў серыяле «Чарнобыль»

Папулярны міні-серыял «Чарнобыль» 2019 года ад амерыканскага каналу HBO – мастацкі, а не дакументальны твор, у якім некаторыя падзеі і персанажы выдуманыя, што адзначалі  ўдзельнікі падзеяў і гісторыкі. Даследчыца Улляна – не рэальная постаць, а зборны вобраз савецкіх навукоўцаў; верталёт над рэактарам разбіўся на чатыры месяцы пазней; шахцёры не распраналіся дагала ў тунэлі пад рэактарам; на судзе з апошняга эпізоду выступалі іншыя людзі…

Але серыял пераважна хвалілі за дастаткова дакладную перадачу асноўных падзеяў і за мастацкія якасці. Сапраўдная ў тым ліку гісторыя беларускага пажарніка Васіля Ігнаценкі і ягонай жонкі Людмілы, а гэта адна з галоўных сюжэтных лініяў серыялу. Гэтая гісторыя таксама адна з галоўных у кнізе «Чарнобыльская малітва» Святланы Алексіевіч. Серыял HBO можа быць добрым стартам для паглыблення ў дакументальныя крыніцы, а з тых крыніцаў выявіцца, што самыя «неверагодныя» эпізоды з серыялу адбыліся напраўду.

Аналітыка
Чарнобыль у беларускім кіно і літаратуры. Што пачытаць, паглядзець і як ацаніць
2021.04.26 11:15

Колькі людзей загінула і захварэла

Дакладныя лічбы дасюль невядомыя, але колькасць ахвяраў куды большая за афіцыйны спіс (PDF). Сам выбух забіў двух чалавек. У першыя тры месяцы па аварыі не менш за 28 чалавек памерлі ад вострай прамянёвай хваробы. Але радыяцыя найчасцей не забівае імгненна, а таксама выклікае хваробы, якія можна спісаць на іншыя прычыны. Радыяцыя – не адна вялікая куля, рана ад якой выразна бачная, а мноства элементарных часціцаў, якія б’юць па цэлым арганізме, як карцеч з мноства мікраскапічных стрэльбаў.

Аварыя сталася прычынаю пашырэння раку шчытавіцы, лейкозу ды іншых хваробаў.  Паводле Сусветнай арганізацыі здароўя ды іншых міжнародных арганізацыяў (PDF), апраменьванне было або мела стаць прычынаю каля 4 тысячаў заўчасных смерцяў ліквідатараў, эвакуяваных і тых, хто працягваў жыць на забруджаных тэрыторыях. Паводле некаторых падлікаў, колькасць «лішніх» смерцяў ад раку пасля аварыі на ЧАЭС можа дасягаць 60 тысячаў. Таксама чарнобыльская катастрофа сталася прычынаю псіхалагічных траўмаў ад перасялення, пагаршэння ўмоваў жыцця і агульнай боязі радыяцыі, пра якую савецкіх грамадзянаў не інфармавалі належным чынам.

Hавiны
Радыяцыйная небяспека: куды бегчы, як хавацца і што рабіць з ёдам
2022.03.16 18:03

Ці ёсць чарнобыльскія мутанты

У пэўным сэнсе – так. Але чарнобыльскія мутанты не выглядаюць так, як, напрыклад, ва ўкраінскай серыі відэагульняў «S.T.A.L.K.E.R». Гаворка пра генетычныя змены праз апраменьванне, якія могуць пагаршаць здароўе і скарачаць працягласць жыцця, а могуць быць і адносна бяскрыўднымі. Напрыклад, чарнобыльскія жабы, якія былі зялёнымі, сталіся чорнымі, але чарнобыльскія бадзяжныя сабакі выглядаюць як звычайныя. Жывёліны, якія нараджаліся з моцнымі фізічнымі дэфармацыямі, проста не выжывалі.

Тыя сур’ёзныя мутацыі, якія з’яўляліся ў першыя гады ў асобаў, пацярпелых ад радыяцыі, падобна, прыводзілі да гібелі зародкаў падчас цяжарнасці. Але пазней у дзяцей ліквідатараў аварыі на ЧАЭС не выявілі мутацыяў, звязаных з уплывам радыяцыі на бацькоў. Шматлікія дзеці, народжаныя праз пакаленне пасля аварыі, маюць пэўныя генетычныя парушэнні. У шмат якіх дзяцей развілася раней невядомая сэрцавая хвароба, якую сталі называць чарнобыльскім сэрцам (аднайменны дакументальны фільм пра гэта атрымаў «Оскара» ў 2004 годзе).

Інтэрв’ю
«У 97 % дзяцей, якіх мы абследавалі, ёсць генетычныя парушэнні». Як уплывае Чарнобыль праз 37 гадоў
2023.04.26 10:30

Але навукоўцы дасюль даследуюць эфекты чарнобыльскай катастрофы на здароўе людзей і не могуць у кожным канкрэтным выпадку сказаць, звязаная ці не хвароба з радыяцыяй. Дакладна, што пасля чарнобыльскай катастрофы павялічылася частата шэрагу захворванняў кшталту раку шчытавіцы, але гэта, падобна, звязана не столькі з мутацыямі беспасярэдне ў выніку аварыі, колькі з назапашваннем у арганізме радыенуклідаў. Напрыклад, ад піцця малака кароў, якія харчаваліся забруджанаю травою.

Навуковыя пытанні часам натыкаюцца на палітычны супраціў: гэтак, беларускі даследнік уплыву радыяцыі на здароўе чалавека (у тым ліку радыеактыўнага цэзію на сэрцава-судзінную сістэму) Юрый Бандажэўскі прабыў за кратамі больш за 6 гадоў па бяздоказным абвінавачанні ў карупцыі і быў названы вязнем сумлення. Аляксандра Лукашэнку ж непакоіць, што забруджаныя тэрыторыі не выкарыстоўваюцца людзьмі.

Гісторыі
«Левае вока расейскае, правае – нямецкае». Гісторыі беларусаў, якія ездзілі за мяжу па чарнобыльскіх праграмах
2021.04.26 17:09

Што цяпер з ліквідатарамі наступстваў аварыі

Ліквідатары – гэта больш як паўмільёна чалавек: ад супрацоўнікаў ЧАЭС, якія вымыкалі абсталяванне, і пажарнікаў, якія гасілі пажар на станцыі, да тых, хто закапваў забруджаную радыяцыяй глебу або ахоўваў забруджаныя тэрыторыі (як прымусова, гэтак і па-савецку «добраахвотна-прымусова»). Колькі чалавек у Беларусі цяпер маюць афіцыйны статус «пацярпелага» (так сталі называць і ліквідатараў, і жыхароў забруджаных раёнаў), невядома дакладна: у 2012 годзе казалі, што 114 тысячаў, у 2021-м – больш за 70 тысячаў, ды актуальных і дакладных звестак не публікуюць.

Сёння ліквідатарам пры пэўных умовах дазваляюць раней выходзіць на пенсію, інвалідам праз удзел у ліквідацыі дадаюць да пенсіяў дадаткі на некалькі дзясяткаў рублёў за месяц. Тым, хто атрымаў прамянёвую хваробу, даюць прыярытэт у абароне ад скарачэння на працы і лішнія два тыдні адпачынку на год. Ды асноўную масу ільготаў скасавалі ў 2007–2009 гадах, ліквідатары адчуваюць сябе падманутымі і кінутымі. А ўлады Беларусі ўжо думаюць паставіць ім помнік.

Hавiны
Ліквідатар зняў гэта ў чарнобыльскай зоне, пакуль камеру не забраў КДБ
2019.06.18 12:55

Дзе цяпер зона адчужэння і калі яе адменяць

Менавіта словамі «зона адчужэння» завецца частка тэрыторыяў Украіны і Беларусі, з якой праводзілі эвакуацыю насельніцтва пасля аварыі на ЧАЭС і дзе цяпер забараняюць сяліцца ды нават з’яўляцца без адмысловага дазволу. Высялялі не толькі з зоны адчужэння. Называюцца розныя лічбы адселеных, ад 100 да 350 тысячаў чалавек. Сотні асобаў незаконна вярнуліся на родныя землі – такіх называюць самасёламі.

Мапа забруджвання Беларусі радыяцыяй
Мапа забруджвання Беларусі радыяцыяй. Звярніце
ўвагу: далёка не ўсе забруджаныя тэрыторыі ўваходзяць у зону адчужэння ці радыяцыйны запаведнік. Выява: Chernobyl.mchs.gov.by
Мапа забруджвання Беларусі радыяцыяй, фрагмент
Мапа забруджвання Беларусі радыяцыяй, фрагмент. Зона каля Нароўлі з рыскамі толькі справа зверху ўлева ўніз, без рысак крыж
накрыж: гэта запаведнік, але не зона адчужэння. Выява: Chernobyl.mchs.gov.by

Зона адчужэння – гэта далёка не ўсе тэрыторыі, забруджаныя ў выніку чарнобыльскай катастрофы. Вялікі атлас мапаў забруджвання публікавалі ў 2009 годзе. На шмат якіх «плямах» не забараняюць жыць і весці гаспадарку, як, напрыклад, у Хойніках. Агулам на забруджаных радыяцыяй тэрыторыях Беларусі жывуць 930 тысячаў чалавек. У Беларусі паступова падчышчаюць заканадаўства ад выразу «зона адчужэння», у дзяржаўных медыях часцей кажуць пра Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік, які залучае таксама тэрыторыі, дзе дазволеная пэўная гаспадарчая дзейнасць. Да таго ж, у 2022 годзе Лукашэнка закрыў адмысловы Дэпартамент ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС. Ствараецца ўражанне, што ў «запаведніку» ўжо бяспечна жыць і там можна весці сельскую гаспадарку, як заклікае Лукашэнка.

Радыеактыўныя элементы распадаюцца самі сабою, але з рознаю хуткасцю. Калі перыяд паўраспаду стронцыю-90 складае 29 гадоў і цэзію-137 – 30 гадоў, значыць, такіх атамаў на забруджаных тэрыторыях ужо стала ўдвая менш, а ў чатыры разы менш стане ў 2045–2046 гадах. Найбольш радыеактыўны з «прадуктаў» аварыі на ЧАЭС, ёд-131, мае перыяд паўраспаду ўсяго 8 дзён. Але чарнобыльская катастрофа прынесла таксама плутоній-241 з перыядам паўраспаду больш за 14 гадоў, які распадаецца ў радыеактыўны амерыцый-241 з перыядам паўраспаду 430 гадоў. І калі глебу параўнальна проста ачысціць ад радыяцыйнага забруджання, зняўшы забруджаны пласт і пахаваўшы яго (у дасюль засакрэчанае месца), то ад радыенуклідаў у раслінах пазбавіцца значна цяжэй (дасюль у грыбах і ягадах на Гомельшчыне знаходзяць зашмат цэзію-137). Шмат якія забруджаныя тэрыторыі нават паблізу ЧАЭС ужо больш-менш дастаткова бяспечныя для кароткіх візітаў, але многія тэрыторыі будуць непрыдатныя для сталага пражывання яшчэ сотні ці тысячы гадоў.

Інтэрв’ю
«Я праклінаю гэты дзень»: адзіная жыхарка вёскі Рудня-Дудзіцкая – пра жыццё пасля Чарнобылю
2022.04.25 07:30

Што цяпер з Чарнобыльскай АЭС

Чацвёрты энергаблок – пад гіганцкім саркафагам. У 2019 годзе здалі ў эксплуатацыю новы саркафаг, гэтак званы канфайнмэнт, які накрыў стары, збудаваны яшчэ ў 1986-м. І новы саркафаг будавалі жывыя людзі, якія першы час працавалі зменамі па паўгадзіны – ЧАЭС не забівае імгненна, але шкодзіць здароўю ў залежнасці ад часу і забруджанасці канкрэтнага месца. На станцыі былі яшчэ тры дзейныя і два недабудаваныя энергаблокі. Дзейныя адключалі паступова, Чарнобыльская АЭС цалкам перастала вырабляць электраэнергію 15 снежня 2000 года, але і пасля гэтага працягнуліся працы ў «пахаванні» энергаблокаў. Акрамя таго, на тэрыторыі ЧАЭС паставілі сонечную электрастанцыю – выйшла, што Чарнобыль ізноў дае энергію.

У час поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе расейскія войскі захапілі Чарнобыльскую АЭС, капалі акопы ў моцна забруджаным Рудым лесе каля станцыі і, магчыма, атрымалі дозы апраменьвання. На станцыі пасля гэтага заўважылі падазроны рост узроўню радыяцыі. Але калі «расейскі бліцкрыг» праваліўся і войскі пакінулі Чарнобыль, значных пашкоджанняў на атамнай станцыі не выявілі – «вызваляльнікі» толькі абрабавалі лабараторыі і скралі радыеактыўныя матэрыялы, якія пасля спрабавалі прадаць на барахолках. На момант публікацыі ў расейскім палоне застаюцца 103 абаронцы ЧАЭС.

Аналітыка
FAQ пра Чарнобыль у кантэксце вайны: ці можа атам быць мірным?
2022.04.26 10:31

Ці можа такое паўтарыцца з Беларускай ці Запарожскай АЭС

Чарнобыльская катастрофа паказала свету небяспеку АЭС, хібы канкрэтных рэактараў і пратаколаў бяспекі. Сучасныя АЭС лічацца куды больш бяспечнымі. І нават станцыі з такімі рэактарамі РМБК-1000, як былі ў Чарнобылі, працягваюць працаваць у Расеі пасля пэўнай мадэрнізацыі: на момант публікацыі яшчэ дзеюць два такія рэактары на Ленінградскай АЭС, два на Курскай АЭС, тры на Смаленскай АЭС. Менавіта такая аварыя, як была ў Чарнобылі, цяпер малаімаверная, але магчымыя іншыя – напрыклад, як на АЭС у японскай «Фукусіме-1», скляпенні якой затапіла ў выніку землятрусу і цунамі ў 2011 годзе.

Найбольшую небяспеку свету цяпер нясе Запарожская АЭС ва Украіне, бо яе акупавалі расейскія войскі. 13 красавіка 2024 года апошні энергаблок Запарожскай АЭС перавялі ў стан халоднага спынення, але баявыя дзеянні вакол станцыі нясуць пагрозу радыяцыйнай бяспецы. Расея няспынна вінаваціць Украіну ў абстрэлах станцыі, а Украіна падазрае Расею ў правакацыях і мінаванні станцыі. Гэтыя падазрэнні выглядаюць небеспадстаўнымі на фоне падрыву Кахоўскай ГЭС і абстрэлу Дняпроўскай ГЭС.

За БелАЭС хвалююцца з іншых прычынаў: на станцыі пастаянна здараюцца няштатныя сітуацыі і планавыя адключэнні. Яшчэ падчас будаўніцтва адзін корпус рэактара памялі і замянілі пасля грамадскага і міжнароднага ціску, але другі, які выдалі на замену, падрапалі і не замянілі. І гэта адбываецца ў аўтарытарнай краіне, якая парушае правілы, утойвае інфармацыю і эканоміць на бяспецы.

Разбор
БелАЭС будзем адключаць? Немцы адмовіліся ад АЭС – ці змогуць адмовіцца іншыя
2023.04.26 16:00

Ці паўплываў Чарнобыль на распад СССР

Чарнобыльскую катастрофу нярэдка называюць сярод фактараў, якія прывялі да падзення камуністычнага рэжыму. Але не адзіным фактарам. СССР яшчэ да аварыі быў у глыбокім крызісе – ці то з брэжнеўскага застою, ці то з ленінскай рэвалюцыі. Неэфектыўнасць савецкага рэжыму вымусіла камуністаў запусціць перабудову і галоснасць.

Якраз калі ў СССР дазволілі крытыкаваць асобныя хібы, здарылася катастрофа, якую першы час утойвалі і пра небяспеку якой не інфармавалі належным чынам. Але сумнеўна, што СССР захаваўся б, калі б не было Чарнобылю: «адпусканне цэнаў», страты ад уварвання ў Афганістан ці жнівеньскі путч не былі наўпрост звязаныя з аварыяй на ЧАЭС. Дакладна тое, што аварыя значна павялічыла недавер людзей да камуністычнай улады і паказала рэальную небяспеку некампетэнтнага кіравання дзяржаваю.

Аналітыка
Пандэмія каронавіруса і катастрофа на ЧАЭС: параўноўваем рэакцыю ўладаў
2021.04.26 08:15

Алесь Наваборскі belsat.eu