Міжнародны крымінальны суд пачаў расследаваць падрыў Кахоўскай ГЭС


Міжнародны крымінальны суд ужо пачаў расследаваць падрыў плаціны на Кахоўскай ГЭС на зварот украінскага боку, а пацярпелыя раёны ўжо наведалі эксперты. Пра гэта паведаміў Уладзімір Зяленскі ў вечаровым відэазвароце.

Кахоўская ГЭС пасля падрыву. 6 чэрвеня 2023 года. Херсонская вобласць, Украіна.
Фота: Укргідроенерго / Facebook

Прадстаўнікі Міжнароднага крымінальнага суда ўжо наведалі пацярпелую ад падрыву дамбы Херсонскую вобласць, кажа Уладзімір Зяленскі:

«У першы ж дзень пасля катастрофы генеральны пракурор накіраваў у Міжнародны крымінальны суд адпаведны зварот для расследавання гэтай катастрофы. І праца ўжо пачалася. Вельмі важна, каб прадстаўнікі міжнароднага правасуддзя на свае вочы пабачылі наступствы гэтага расейскага тэракту і самі пачулі, што расейскі тэрор працягваецца. Працягваецца максімальна цынічнымі абстрэламі затопленай тэрыторыі і тэрыторыі эвакуацыі».

Зяленскі адзначыў, што ўкраінскія ўлады будуць спрыяць аб’ектыўнаму расследаванню і дадуць поўны доступ да пашкоджаных тэрыторыяў і да ўсёй інфармацыі. «Гэтае расследаванне вельмі важнае для бяспекі ўсяго свету», – дадаў ён.

Кахоўская гідраэлектрастанцыя была падарваная ў ноч на 6 чэрвеня. У выніку выбуху разбурыліся машынны зал і плаціна, што выклікала экалагічную катастрофу. Вада з вадасховішча пачала заліваць гарады і вёскі, пачалася эвакуацыя. Абмяленне Кахоўскага вадасховішча пагражае бяспецы Запарожскай атамнай электрастанцыі.

На 11 чэрвеня ў выніку падрыву Кахоўскай ГЭС загінулі 5 чалавек. 35 чалавек лічацца зніклымі без вестак, з іх – 7 дзяцей.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў