Патрабаванні да ўвозу хатніх гадаванцаў з Беларусі ў Еўразвяз стануць больш жорсткімі


З 16 верасня 2024 года ўскладняецца ўвоз хатніх жывёлаў з Беларусі і Расеі ў краіны Еўразвязу, паведамляе Дзяржаўная харчова-ветэрынарная служба Літвы.

Фота мае ілюстрацыйны характар.
Крыніца: Белсат

Паводле новых патрабаванняў, кожная жывёла, якую ўвозяць у ЕЗ, павінна будзе прайсці сералагічнае даследаванне на антыцелы да вірусу шаленства і атрымаць дакумент, які гэта пацвярджае.

Правілы ўвозу становяцца больш жорсткімі, таму што Беларусь і Расея былі выключаныя са спісу краінаў, якія эфектыўна рэалізуюць антырабічныя патрабаванні.

«Летась 63 жывёліны, якіх перавозілі ў камерцыйных мэтах, не былі дапушчаныя ў Літву праз неадпаведнасць суправаджальных дакументаў, умоваў перавозкі ці ідэнтыфікацыйнага нумару гадаванца, – распавяла галоўны дзяржаўны ветэрынар Дэпартаменту памежнага кантролю Літвы Аліцыя Заранковіч, – Цяпер для ўвозу ў Еўразвяз сабак, котак ці тхароў з Беларусі і Расеі неабходна праводзіць тэст на антыцелы да шаленства».

Гісторыі
Як выехаць з Беларусі, калі ты кот палітвязня
2021.12.04 10:51

Дзяржаўная харчова-ветэрынарная служба Літвы падкрэслівае, што ўзор тэсту на антыцелы да шаленства неабходна ўзяць як мінімум праз 30 дзён пасля вакцынацыі і як мінімум за 3 месяцы да выдачы ветэрынарнага сертыфікату і ўезду ў ЕЗ.

Акрамя таго, тэст мусіць быць праведзены ў зацверджанай лабараторыі, а вынік мусіць паказваць узровень антыцелаў, якія нейтралізуюць вірус шаленства, не меншы за 0,5 МЕ/мл. Жывёла таксама павінна мець ветэрынарны сертыфікат узору ЕЗ, выдадзены дзяржаўным ветэрынарам трэцяй краіны.

Пры ўвозе з Расеі і Беларусі ў ЕЗ жывёла павінна мець падскурны мікрачып ці татуіроўку, зробленую да 3 ліпеня 2011 года, і прышчэпку ад шаленства (першасная вакцынацыя жывёлы не малодшай за 12 тыдняў). Калі жывёла вяртаецца з Беларусі ці Расеі ў ЕЗ, яна таксама павінна мець падскурны мікрачып ці татуіроўку, быць прышчэпленая ад шаленства, а з 16 верасня 2024 года гаспадар мусіць прадставіць інфармацыю пра тое, што гадаванец быў сералагічна правераны на антыцелы да шаленства перад выездам з Еўразвязу.

Аб’ектыў
У Беларусі прынялі закон наконт абыходжання з жывёлінамі
2024.04.04 20:37

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў