Кіберпартызаны паведамілі пра ўзлом сайту КДБ


Кіберпартызаны прызналі сваю датычнасць да ўзлому сайту КДБ яшчэ ўвосень 2023 года. Пра гэта ўдзельнікі кібергрупоўкі напісалі ў сваім тэлеграм-акаўнце.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. 25 кастрычніка 2021 года.
Фота: Белсат

«Афіцыйны сайт КДБ РБ не працуе ўжо больш за 2 месяцы. А ўсё таму, што кіберпартызаны прабраліся туды яшчэ ўвосень 2023 года і выпампавалі ўсю даступную інфармацыю. Працягваем жахаць па дыктатуры», – гаворыцца ў паведамленні.

Скрыншот з сайту Камітэту дзяржаўнай бяспекі.
Фота: Киберпартизаны BY / Telegram

Для пацвярджэння сваіх дзеянняў кіберпартызаны выклалі спіс адміністратараў сайту Камітэту дзяржбяспекі, а таксама базу звестак сайту і логі серверу.

Звесткі, атрыманыя кіберпартызанамі, з сайту КДБ.
Фота: Киберпартизаны BY / Telegram

Як трапна пракаментаваў гэты выпадак палітычны аглядальнік і гісторык Аляксандр Фрыдман, «у КДБ Беларусі ўмеюць правільна расстаўляць прыярытэты і эканоміць рэсурсы: камітэтчыкам удалося, паводле Івана Церцеля, перадухіліць атакі баявымі дронамі з натаўскай Літвы, але не ўдалося запусціць уласнага сайту, на які здзейснілі атаку кіберпартызаны».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў