ЗША часткова знялі санкцыі з экспарту медычнага абсталявання ў Беларусь і Расею


Злучаныя Штаты вывелі з-пад экспартных абмежаванняў некаторыя віды медычнага абсталявання для Беларусі і Расеі. Пра гэта паведамляе амерыканскае Бюро прамысловасці і бяспекі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

Санкцыі знялі з медычных вырабаў пад кодам EAR99. Да яго адносіцца шырокі пералік медычнага абсталявання, што выкарыстоўваюць у шпіталях, паліклініках і медычных цэнтрах для дыягностыкі захворванняў.

У прыватнасці вядзецца пра гематалагічныя аналізатары, кардыёстымулятары, стаматалагічныя інструменты і імпланты, машыны для пералівання крыві, слыхавыя апараты і ЭКГ, сэрцавыя клапаны, маніторы для стацыянараў, апараты УГД і ШВЛ, дэталі для апаратаў КТ і МРТ.

Санкцыі не будуць распаўсюджвацца на гэтыя вырабы толькі ў тым выпадку, калі абсталяванне выкарыстоўваюць для медычных мэтаў, а не ў прамысловай сферы або ВПК.

Тыдзень таму Дзяржаўны дэпартамент Злучаных Штатаў паведаміў пра ўвядзенне новых санкцыяў у дачыненні Менскага заводу колавых цягачоў (МЗКЦ). Прадпрыемства разам з некалькімі кітайскімі кампаніямі вінавацяць у тым, што яны дапамагаюць Пакістану вырабляць зброю масавага знішчэння.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў