З 26 жніўня сталічны метрапалітэн перайшоў з летняга рэжыму працы на зімовы. Пра гэта паведамілі на прадпрыемстве.
У метрапалітэне нагадалі, што з 1 ліпеня цягнікі хадзілі па летнім графіку. Гэтак, на Маскоўскай лініі інтэрвал руху ў ранішнюю і вячэрнюю гадзіны пік складаў 2,5 хвіліны, а на Аўтазаводскай лініі – 3 хвіліны. Цяпер жа ў гэты час цягнікі будуць хадзіць з інтэрвалам 2 хвіліны на абедзвюх лініях.
Як адзначылі на прадпрыемстве, летні рэжым працы звязаны з масавымі адпачынкамі, дачным сезонам, вакацыямі, у выніку чаго штосодневы пасажырапаток у метро ў чэрвені і ліпені ў параўнанні з траўнем і красавіком скараціўся сёлета ў сярэднім на 100 – 120 тысяч чалавек.
З канца жніўня напярэдадні навучальнага года, з завяршэннем летняга сезону, у Менск вяртаецца значная колькасць грамадзянаў і пасажырапаток у метро павялічваецца, падкрэслілі ў метрапалітэне.
МГ belsat.eu