Публікацыя «Насупраць «палацу Пуціна» пад Геленджыкам пачнуць разводзіць вустрыц» змусіла Крэмль не на жарт раззлавацца.
Паведамляецца, што публікацыя, якая выйшла 11 траўня на rbc.ru, стала «апошняй кропляй» для Крамля і змусіла звярнуцца кіраўніцтва Расеі да ўладальніка медыяхолдынгу.
У матэрыяле паведамлялася, што ТАА «Паўднёвая цытадэль» атрымала для вырошчвання вустрыц і мідыяў 1000 га акваторыі каля мысу Ідакопас пад Геленджыкам, каля гэтак званага палацу Пуціна. Уладальнік «Паўднёвай цытадэлі» раней працаваў у кампаніі, якая абслугоўвае палац.
Напярэдадні стала вядома, што з найбуйнейшага расейскага медыяхолдынгу РБК звольнілі кіраўніцтва.
Чытайце таксама >>> Крэмль разграміў медыякампанію РБК?
Нядаўна РБК апублікаваў расследаванне аб прыбытках Кацярыны Ціханавай, якую лічаць дачкой прэзідэнта Расеі, а таксама яе мужа, бізнесоўца Кірыла Шамалава, ды іншых набліжаных да Крамля асобаў.
У красавіку ва ўладальніка холдынгу і кіраўніцтва кампаніі адбыліся вобшукі. У расейскім ліберальным асяродку гэта ўспрынялі як ціск на РБК у звязку з нядаўнімі публікацыямі, але ў Крамлі такую сувязь абвяргаюць.
ЮВ, belsat.eu, паводле korrespondent.net