Суд Чыгуначнага раёну Віцебску разгледзеў скаргу начальніка Першамайскага РАУС Віцебску палкоўніка міліцыі Сяргея Сарокіна наконт пастановы начальніка ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкаму Уладзіміра Назаркі.
Сяргей Сарокін і яго маці Ларыса Іванаўна ў калідоры суда
Яна была вынесеная 23 сакавіка бягучага года. Дакумент пакінулі без змяненняў.
«У адпаведнасці з пастановай, Сяргей Сарокін прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці па ч.1 арт. 18.16 (за кіраванне аўтамабілем у пʼяным выглядзе) і ч.10 арт. 18.14 (за стварэнне аварыйнай абстаноўкі). Яму прызначанае пакаранне ў выглядзе 5 гадоў пазбаўлення пасведчання кіроўцы (3 гады за «пʼянку» за рулём і 2 – за аварыйную абстаноўку), а таксама за абодва парушэнні прызначаны штраф у памеры 116 базавых велічыняў – гэта 24 млн 360 тыс. рублёў. Сарокін пастанову абскардзіў», – паведаміла прадстаўнік Віцебскага абласнога суда Наталля Платоненка.
Суд разгледзеў скаргу палкоўніка і пакінуў яе без задавальнення. На думку суддзі, вінаватасць Сарокіна пацвярджаецца паказаннямі двух сведкаў – Артура Яраша і Аліны Б., якія прайшлі апытанне з выкарыстаннем паліграфа – у адрозненне ад Сарокіна і ягонай маці. Паказанні сведкаў, на думку суда, цалкам спалучаюцца і не супярэчаць адно аднаму.
Пастанова ДАІ ўступіла ў законную сілу 26 красавіка.
У МУС запэўніваюць, што кіраўніцтва ведамства займае прынцыпова строгую пазіцыю ў адносінах да тых супрацоўнікаў, якія ўчынілі такія парушэнні, як пʼянае кіраванне. У міліцэйскім ведамстве кажуць, што чалавека, які здзейсніў такі ўчынак, што дыскрэдытуе праваахоўнікаў, адназначна і неадкладна звальняюць з органаў унутраных спраў. Менавіта такая доля чакае Сяргея Сарокіна, які, хоць і быў часова адхілены ад выканання абавязкаў на час разглядаў, па сённяшнія дзень фактычна застаецца начальнікам РАУС Першамайскага раёну Віцебску.
Нагадаем, што раней суды гораду Віцебску аштрафавалі за дачу ілжывых паказанняў па гэтай справе дваіх сведкаў з боку палкоўніка Сарокіна: ягоную маці, Ларысу Сарокіну, а таксама галоўнага бухгалтара прадпрыемства «КІМ» Людмілу Ю. Абедзве жанчыны атрымалі штрафы ў памеры 2,1 млн рублёў.
Праверка СК, нанова распачатая 13 красавіка па заяве Ларысы Сарокінай, у якой яна абвінавачвае Артура Яраша, які затрымаў п’янага кіроўцу, у вымагальніцтве.
НМ, belsat.eu, паводле Auto.tut.by