У апошні дзень збору подпісаў у Менску, Магілёве, Віцебску, Бабруйску і іншых гарадах Беларусі затрымліваюць удзельнікаў перадвыбарчых пікетаў, «жывых ланцугоў» і прадстаўнікоў СМІ.
Менск. На плошчы Якуба Коласа каля філармоніі была затрыманая фатографка «Белсату» Ірына Арахоўская і аператар Reuters Уладзімір Косцін. Яны былі дастаўлены ў Першамайскі РУУС. Ірыну Арахоўскую вызвалілі каля 22:20. Яна кажа што міліцыянты патрабавалі, каб журналісты «не вярталіся ў горад», пагражалі адміністратыўнай адказнасцю. У пастарунку Арахоўская правяла прыкладна 2 гадзіны.
Падчас стрыму міліцыянты таксама затрымалі карэспандэнтку «Радыё Свабода» Аляксандру Дынько і аператара Андрэя Рабчыка. Каля 22:00 Дынько і Рабчыка адпусцілі – агулам яна правяла ў пастарунку каля 2 гадзінаў.
ПЦ «Вясна» паведамляе таксама пра затрыманне каля філармоніі трох удзельнікаў пікету па збору подпісаў і чальца ініцыятыўнай групы Вольгі Кавальковай Юрася Палойка.
Затрыманні людзей адбываецца па ўсім Менску, бо людзі стыхійна пачынаюцца станавіцца ў «жывыя ланцугі» ў розных кропках гораду. Паводле праваабаронцаў, каля парку Горкага людзей затрымлівалі «без разбору». У прыватнасці, затрымалі фатографа TUT.by Вадзіма Заміроўскага. Затрымана таксама журналістка Onliner Настасся Занько.
Каля «Макдональдса» недалёка ад ст. м. Кастрычніцкая забралі дзяўчыну і хлопца з бел-чырвона-белым сцягам на плячах.
Паводле праваабаронцаў, у Менску сілавікі працягваюць ісці па праспекце Незалежнасці ў суправаджэнні некалькіх аўтобусаў, яны не дазваляюць людзям ісці ў бок ЦУМа, прымушаюць усіх разварочвацца. Затрымліваюць нават тых, хто проста стаіць ля крамаў і кавярняў.
«Еўрарадыё» паведамляе пра затрыманне сваіх журналістаў Марыі Вайтовіч і Арцёма Маёрава. Каля 23:30 іх адпусцілі.
Каля ГУМа затрымалі чэшскую грамадзянку Вероніку Кірушчанка – яна не ўдзельнічала ў «жывым ланцугу», а проста ішла з «Макдональдса». Яе павезлі ў Цэнтральны РУУС. Грамадзянку Чэхіі праз 3 гадзіны вызвалілі без складання пратаколу. Сказалі «выходзьце і выклікайце таксоўку».
Паводле ПЦ «Вясна», па стане на 22:20 у Менску затрыманыя мінімум 35 чалавек. Па стане на 23:50 – каля 45.
Віцебск. У Віцебску затрыманая актывістка і блогерка Алена Янушкоўская і яе дачка. Іх даставілі ў Чыгуначны РАУС гораду Віцебску. Па словах праваабаронцы Ірыны Траццяковай, на іх будуць складаць пратаколы па 23.34. Дачку могуць адпусціць, а Алену хутчэй за ўсё затрымаюць да суду ў панядзелак.
Таксама праваабаронцы паведамляюць пра затрыманне некалькіх чалавек, імя якіх невядомыя.
Магілёў. Журналіста Аляксандра Сабалеўскага затрымалі ў жывым эфіры для Магілёўскага YouTube канала 6TV. Таксама затрыманы карэспандэнт TUT.BY Анжаліка Васільеўская. Іх даставілі ў РАУС Ленінскага раёна Магілёва. Пазней Васілеўскую адпусцілі без складання пратаколу.
Бабруйск. Затрыманыя журналісты Сяржук і Алеся Лацінскія, а таксама актывісты кампаніі «Краіна для жыцця» Iлля Уласаў і Уладзiмiр Мiхалап. Імёны яшчэ некалькіх затрыманых невядомыя.
Гомель. Праваабаронцы паведамляюць пра «хапун» у Гомлі.
У Гомлі таксама раней прайшлі прэвентыўныя затрыманні. Сярод затрыманых – журналістка «Белсату» Ларыса Шчыракова, актывісты Уладзімір Няпомняшчых і Таццяна Канеўская.
Маладзечна. Тэлеграм-каналы выклалі відэа штурханіны АМАПу з пратэстоўцамі.
Народ vs. АМАП. Маладзечна.Відэа: МКБ
Opublikowany przez Белсат TV Piątek, 19 czerwca 2020
***
Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец паведамляе, што па стане на 23:55 усіх затрыманых журналістаў вызвалілі.
ІІ belsat.eu