Ужо больш як месяц Чырвоны касцёл у цэнтры Менску стаіць зачынены і для вернікаў, і для святароў. Афіцыйныя прычыны закрыцця выклікаюць усё большы скепсіс. Пры гэтым час, калі касцёл могуць ізноў адчыніць, застаецца невядомы.
Пажар у касцёле Святых Сымона і Алены здарыўся ўночы 26 верасня. Невядомыя таксама пабілі шыбу ў святыні. І хоць афіцыйна плошча пажару склала ўсяго 20 квадратных метраў, будынак пастанавілі закрыць «на рамонт». Паралельна адлучылі ўсе камунікацыі, а ў каталікоў забралі ключы ад касцёлу, павесіўшы на дзверы пломбы. Афіцыйныя перамовы кіраўніцтва Каталіцкага Касцёлу ў Беларусі з чыноўнікамі плёну не далі. Каля святыні тым часам штодня патрулююць сілавікі, якія перашкаджаюць публічным масавым малітвам ля святыні.
30 кастрычніка на сайце Чырвонага касцёлу з’явілася падзяка вернікам за падтрыманне і заклік надалей маліцца за вяртанне яго вернікам.
«Да гэтага часу на ўсе нашыя звароты да дзяржаўных уладаў мы не атрымалі канкрэтных адказаў», – паведамляецца на сайце парафіі.
На старонках дзяржаўных медыяў пра Чырвоны касцёл апошні раз згадвалі два тыдні таму. Тады, 17 кастрычніка, тэлеканал ОНТ паведамляў, што «парафіянам касцёлу Святых Сымона і Алены ў Менску (або Чырвонага касцёлу) вылучаць часовае памяшканне для малітваў».
Але, паведамілі ў размове з нашым карэспандэнтам у курыі Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі, за два тыдні ніякага асобнага памяшкання вернікам так і не далі:
«Чакаем адказу ад дзяржавы на нашыя звароты».
Як заявілі ў касцёле, ніякіх адказаў няма: «Са Следчага камітэту толькі паведамілі, што следства працягваецца».
«Лістуемся і чакаем. Шукаем магчымасць аднаўлення службаў. Пакуль безвынікова», – адзначылі прадстаўнікі парафіі.
Рэчаў з касцёлу парафіяне так і не забралі, хоць ад іх гэтага і патрабавалі. Пра адмову забіраць рэчы ў касцёле заявілі 20 кастрычніка, адзначыўшы, што «канструктыўны дыялог» з чыноўнікамі не атрымаўся.
Пры гэтым святарам і вернікам дасюль зачынены ўваход у касцёл, таму немагчыма нават ацаніць шкоду святыні ад пажару:
«У касцёл не ступала нага нават мітрапаліта, толькі супрацоўнікаў «Спадчыны» з малаткамі».
Адзін са святароў Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі паведаміў, што адмова парафіянаў выносіць рэчы з касцёлу выклікала незадаволенасць мітрапаліта Юзафа Станеўскага:
«Мітрапаліт быў незадаволены. Сказаў не нагнятаць. Сказаў выносіць рэчы. Ведаю, што цяпер напружаная крыху сітуацыя паміж пробашчам і мітрапалітам. А мітрапаліт ува ўсім слухае нунцыя».
Паводле святара, улады запэўніваюць, што вернуць касцёл, калі зробяць у ім рамонт:
«Толькі тэрміны вельмі дзіўныя: 1,5–2 гады. За два гады можна поўную рэстаўрацыю зрабіць. Як ён быў першапачаткова. Толькі сумняваюся, што яны гэта зробяць».
Тэрмінаў, калі адчыняць касцёлу, не змаглі назваць ні ў Адміністрацыі Маскоўскага раёну Менску, дзе месціцца касцёл, ні ў «Менскай спадчыне», на балансе якой ён лічыцца.
«Там працы ладзяцца. Пакуль ён зачынены. Тэрмінаў я пакуль, на жаль, вам падказаць не магу. Прабачце, у мяне няма такой інфармацыі», – паведамілі ў Адміністрацыі Маскоўскага раёну.
І параілі звяртацца ў «Менскую спадчыну». Але і там адказ быў аналагічны:
«Не магу вам адказаць на гэтае пытанне».
У «Менскай спадчыне» параілі пісаць афіцыйны ліст, «яго будуць разглядаць»: «Вам ніхто не адкажа цяпер на гэтае пытанне».
Тым часам 21 лістапада споўніцца 112 гадоў з моманту асвячэння Чырвонага касцёлу. Святыні, збудаванай вернікамі выключна за ўласны кошт і дзеля ўласных мэтаў. Пытанне, ці адчыніць святыня свае дзверы да гэтай даты, застаецца адкрытае.
Макар Мыш belsat.eu