Знік генерал Сяргей Суравікін – намеснік камандзіра групоўкі расейскіх войскаў ва Украіне


Пра знікненне Сяргея Суравікіна – «генерала Армагедона», намесніка камандзіра Аб’яднанай групоўкі расейскіх войскаў ва Украіне – расейскія тэлеграм-каналы паведамілі 28 чэрвеня. RTVI разбірае, што магло здарыцца.

Генерал расейскай арміі Сяргей Суравікін.
Фота: Global Look Press

24 чэрвеня, пасля пачатку мяцяжу Прыгожына, у расейскіх тэлеграм-каналах з’явіўся зварот Сяргея Суравікіна да заснавальніка ПВК Вагнэра, у якім генерал пераконваў яго спыніць марш і вярнуцца на зыходныя пазіцыі. Пасля таго, як Прыгожын развярнуў калоны і сітуацыя з вагнэраўцамі была ўрэгуляваная, Суравікін перастаў з’яўляцца ў публічным полі. Ён не з’явіўся на выступе Пуціна перад вайскоўцамі і сілавікамі 27 чэрвеня.

Раніцай 28 чэрвеня ў тэлеграм-канале былога супрацоўніка прэс-службы Мінабароны Міхаіла Звінчука «Рыбарь» з’явілася паведамленне, што месцазнаходжанне «генерала Армагедона» невядомае, аднак ёсць інфармацыя, што ён можа быць на допытах.

Увечары 28 чэрвеня ваенны карэспандэнт Уладзімір Раманаў апублікаваў у сваім тэлеграм-канале допіс, у якім паведаміў, што Суравікіна 25 чэрвеня забралі ў маскоўскае СІЗА «Ляфортава».

«The Moscow Times» са спасылкай на крыніцу ў Мінабароны Расеі таксама ўвечары 28 чэрвеня паведаміла, што генерала арыштавалі за тое, што падчас мяцяжу Прыгожына ён нібыта заняў бок вагнэраўцаў.

З’явілася таксама інфармацыя, што быў звольнены намеснік Суравікіна Аляксей Юдзін.

Мінабароны ніяк не пракаментавала інфармацыю аб знікненні Суравікіна.

Адначасова «Рыбарь» паведаміў, што ўзброены мяцеж ПВК Вагнэра стаў нагодай для правядзення маштабных чыстак у шэрагах Узброеных сілаў Расеі. Мінабароны не пракаментавала гэтай інфармацыі.

Публікацыі аб знікненні Суравікіна з’явіліся на фоне выхаду матэрыялаў «The New York Times» і «The Wall Street Journal», якія са спасылкай на заходніх высокапастаўленых чыноўнікаў, знаёмых а звесткамі выведкі, паведамілі, што генерал нібыта «загадзя ведаў пра планы Яўгенія Прыгожына паўстаць супраць вайсковага кіраўніцтва Расеі». У Крамлі гэтую інфармацыю назвалі спекуляцыяй і плёткамі.

На меркаванне палітолага Уладзіміра Пастухова магчымы арышт Суравікіна можа сведчыць пра тое, што мэтай мяцяжу ПВК Вагнэра была змена ўлады.

«Калі знікненне з публічнай прасторы генерала Суравікіна насамрэч абернецца не тое што ягоным арыштам, а проста нават паніжэннем у пасадзе, гэта прымусіць цалкам змяніць оптыку, праз якую мы глядзім на падзеі мінулага тыдня», – зазначае эксперт.

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны дапускае, што расейскія ўлады могуць выкарыстоўваць Суравікіна і ягоных прыхільнікаў «у якасці ахвярных казлоў», каб «публічна патлумачыць» недастаткова хуткую рэакцыю вайскоўцаў і органаў унутранай бяспекі на мяцеж.

Генерал Сяргей Суравікін у кастрычніку 2022 года ўзначаліў Аб’яднаную групоўку расейскіх войскаў ва Украіне. У сацсетках яго празвалі «генерал Армагедон» за тое, што ён нібыта праславіўся ўменнем прымаць жорсткія рашэнні. Пры Суравікіну расейскія вайскоўцы пачалі рэгулярна абстрэльваць аб’екты ўкраінскай энергетычнай інфраструктуры.

У студзені 2023 года Аб’яднаную групоўку войскаў узначаліў начальнік Генштабу Валер Герасімаў, а Суравікін стаў ягоным намеснікам.

Паводле цэнтру «Дасье», у Суравікіна былі добрыя дачыненні з Яўгеніем Прыгожыным, ён быў «ганаровым чальцом» ПВК Вагнэра з 2017 года.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў