Вадзім Пракоп'еў пра Пуціна: «Ён цалкам паспяхова дамогся звання тэрарыста №1 у свеце»


Аб канфлікце Расеі з Захадам, планах Пуціна, дзеяннях Украіны і месцы Беларусі ў супрацьстаянні краін у эфіры праграмы «Студыя Белсат» паразмаўляў з бізнесмэнам і палітычным дзеячам Вадзімам Прокопьевым.

На думку Вадзіма Пракоп’ева, цяпер мы назіраем вайну поглядаў паміж Крамлём і калектыўным Захадам, але імавернасць вялікага канфлікту і буйнога ўварвання ва Украіну вельмі нізкая. У той жа час эксперт упэўнены, што сваімі дзеяннямі Уладзімір Пуцін толькі згуртаваў Захад, зрабіўшы яго па-сапраўднаму калектыўным.

«Чаго Уладзімір Пуцін дамогся і чаго не дамогся – гэта важна таксама разумець. Пасля выстаўлення свайго ультыматуму, які хутчэй трэба пазначаць крымінальным тэрмінам «прадʼява», ён дамогся таго, што пустуючае месца Бін Ладэна ў сучасным свеце трывала належыць яму. Гэта значыць, ён дамогся вялікага індэкса цытавання, ён дамогся таго, што сусветная прэса пра яго піша, і ён дамогся цалкам сабе паспяхова звання тэрарыста №1 у свеце».

У сваю чаргу сам Захад дамогся большага. Вадзім Пракопʼеў мяркуе, што ЗША фактычна зноў вярнуліся ў становішча лідара вольнага свету, а рэпутацыя NATO моцна вырасла, і ўжо цяпер ёсць патэнцыял уступлення ў арганізацыю Швецыі і Фінляндыі.

Акрамя гэтага, эксперт адзначае правільныя і паслядоўныя дзеянні Украіны, якая своечасова падпісала дэкларацыю з ЗША, а таксама пабудавала правільную нацыянальную ідэалогію.

«Мы ўсе разумеем, што Захад не будзе ваяваць за Украіну, але пры гэтым мы маем справу з беспрэцэдэнтным Ленд-лізам. Гэта вялікае дасягненне Украіны. Вялікае дасягненне Украіны ў тым ліку ў тым, што ў іх нацыянальная ідэнтычнасць і антырускамірнасць дазваляюць спадзявацца, што супраціў будзе нацыянальным, калі дойдзе».

Вадзім Пракоп’еў прызнае, што нам пакуль невядомыя сапраўдныя матывы дзеянняў Пуціна, але ён упэўнены, што лідар Расеі не гатовы да гэтага канфлікту і шмат у чым блефуе. Аднак сам канфлікт усё роўна магчымы.

«Я лічу, што канфлікт можа перарасці зусім нечакана ў непрыемнасць і ахвяры, і хутчэй за ўсё гэта будзе звязана не столькі з жаданнем Пуціна, які збіраецца працягваць быць блефаманам, а, хутчэй за ўсё, адбудзецца нешта такое непапраўнае на мяжы, што і прывядзе да гэтага ўзгарання».

Hавiны
Лаўроў заявіў, што Расея не збіраецца ваяваць з Украінай
2022.01.28 18:17

Ва ўсёй сітуацыі вакол Украіны эксперт бачыць і пазітыўны бок для беларусаў. На ягоную думку, усё гэта можа выліцца ў больш выразную пазіцыю Захаду адносна нашай краіны і Лукашэнкі.

«Захад упершыню разгледзеў у Пуціне не банальнага злодзея, а пагрозу свайму існаванню. І для Беларусі гэта можа быць, як ні дзіўна, добрай навіной. Таму што калі ў Захаду будзе выразная стратэгія процідзеяння Пуціну, я лічу, што нашая праблема набудзе іншы зусім узровень прыярытэтаў».

На думку Вадзіма Пракоп’ева, беларусам не варта спадзявацца на звяржэнне рэжыму Лукашэнкі шляхам сілавога супраціву ўнутры краіны, бо на баку рэжыму цяпер працуюць спецслужбы Беларусі і Расеі, але можна разлічваць на дапамогу Украіны.

«Я веру, што ўсе свабодныя беларусы абсалютна дакладна на баку Украіны ў гэтым супрацьстаянні, і я думаю, што мы з вамі пачуем словазлучэнне «беларускі добраахвотніцкі батальён» з вуснаў зусім нечаканых людзей. Я лічу, што гэта карысная рэч, і гэта залежыць выключна ад волі і жадання, можа быць, уладаў у Кіеве. Але я лічу, што калі б такая ініцыятыва была абвешчаная, велізарная колькасць беларусаў маглі б апынуцца на баку Украіны».

Поўную размову з грамадскім дзеячам Вадзімам Пракопʼевым можна паглядзець тут.

Размова
Расея цягне Беларусь у 19 стагоддзе
2022.01.28 15:32

ВК/ММ belsat.eu

Стужка навінаў