ГУР Украіны: Расея павялічвае вайсковую прысутнасць у Беларусі


Галоўнае ўпраўленне разведкі Міністэрства абароны Украіны сцвярджае, што Расея плануе павялічыць колькасць сваёй авіяцыі на тэрыторыі Беларусі і вярнуць на Гомельшчыну падраздзяленні сухапутных войскаў.

«Расея павялічвае вайсковую прысутнасць у Беларусі. Кіраўніцтва ўстановаў і арганізацыяў Гомельскай вобласці папярэдзілі пра верагоднасць вяртання падраздзяленняў Узброеных Сілаў Расеі. Адначасова расейцы плануюць нарасціць колькасць аператыўна-тактычнай авіяцыі ў Беларусі», – паведамляе ўкраінская выведка.

Паводле ГУР, павелічэнне авіяцыйнай групоўкі будзе адбывацца пад выглядам супольнага патрулявання паветранай прасторы. Запланаваны пералёт 10 самалётаў на аэрадром Баранавічаў.

Пацверджання гэтай інфармацыі з іншых крыніцаў пакуль няма.

Нагадаем, у апошнія дні аднавіліся ракетныя ўдары па Украіне з тэрыторыі Беларусі.

Учора, 25 чэрвеня, Уладзімір Пуцін паабяцаў Аляксандру Лукашэнку перадаць Беларусі ракетныя комплексы «Іскандэр-М», здольныя несці ядравыя боегалоўкі. Таксама ён прапанаваў правесці ў Расеі пераабсталяванне самалётаў Су-25, якія стаяць на ўзбраенні ў Беларусі.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў