У адзіны дзень галасавання Ціханоўская заклікала беларусаў «заставацца дома» і паглядзець онлайн-марафон дэмсілаў


«Заставацца дома» і «не ўдзельнічаць у падмане» заклікала беларусаў абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская. Сёння ў Беларусі – адзіны дзень галасавання на выбарах у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і мясцовыя саветы дэпутатаў.

Фота: @tsikhanouskaya / Telegram

У сваім тэлеграм-канале Святлана Ціханоўская таксама нагадала, што 25 лютага дэмсілы арганізуюць у «Ютубе» онлайн-марафон «Выбіраю новую Беларусь».

Раней прадстаўнікі дэмакратычных сілаў неаднаразова заклікалі беларусаў байкатаваць выбары. 20 лютага прэс-служба Святланы Ціханоўскай анансавала правядзенне ў «Ютубе» онлайн-марафону «Выбіраю новую Беларусь!».

«У дзень «безвыбараў» зрабі правільны выбар: застанься дома. Нам прапануюць зрабіць выгляд, што мы выбіраем. Але гэта падман. Будзе сітуацыя, калі наш удзел прывядзе да перамен. А сёння не ўдзельнічай у падмане – паглядзі ў «Ютубе» марафон», – гаварылася ў паведамленні.

У онлайн-марафоне прымуць удзел больш за 20 спікераў – «артыстаў і актывістаў, эканамістаў і палітыкаў, блогераў і журналістаў», якія «падзеляцца сваім бачаннем, як ад дыктатуры падману і страху перайсці да новай Беларусі».

Сярод удзельнікаў – Павел Латушка, Валерый Кавалеўскі, Аліна Коўшык, Аляксандр Дабравольскі, Анатоль Лябедзька, Павел Лібер, Вольга Зазулінская, Андрэй Стрыжак, Дзмітрый Лукашук, Міхаіл Рубін, Арцём Лядоўскі, Андрэй Павук, Аляксандр Кныровіч, Аляксандр Кабанаў, Сяргей Пятрухін, Яраслаў Раманчук, Іван Падрэз, Арцём Шапароў, Аляксандр Памідораў, Андрэй Курэйчык і іншыя.

Падкрэслівалася, што беларусам, якія плануюць глядзець марафон з Беларусі, трэба выконваць меры лічбавай бяспекі: выкарыстоўваць VPN і не пісаць у чаце трансляцыі з акаўнтаў «Ютуба», якія змяшчаюць рэальныя асабістыя дадзеныя (ПІБ, фота, відэа на канале).

Абноўлена
Выступ Ціханоўскай паказалі на сотнях экранаў у грамадскіх месцах у Беларусі
2024.02.24 17:12

25 лютага ўпершыню ў Беларусі праходзяць аб’яднаныя выбары – адзіны дзень галасавання. Назіраць за выбарамі запрошаны прадстаўнікі СНД, Парламенцкай асамблеі АДКБ. Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (БДІПЧ АБСЕ) запрашэння не атрымала.

Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазіцыі.

У якасці кандыдатаў у дэпутаты зарэгістраваны толькі прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі. Па выніках датэрміновага галасавання ЦВК даў справаздачу аб рэкорднай яўцы выбаршчыкаў – 41,71 %.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў