Еўрапарламент ухваліў рэзалюцыю аб прызнанні Расеі дзяржавай – спонсарам тэрарызму, паведамляе тэлерадыёкарпарацыя «Бі-Бі-Сі». Што праўда, ніякіх юрыдычных наступстваў для Крамля гэтая пастанова пакуль не нясе.
Дэпутаты Еўрапарламенту ўхвалілі рэзалюцыю аб прызнанні Расеі дзяржавай – спонсарам тэрарызму. Дакумент падтрымалі 494 асобы, супраць былі 58.
«Наўмысныя напады і зверствы, што Расейская Федэрацыя ўчыніла супраць цывільнага насельніцтва Украіны, разбурэнне цывільнай інфраструктуры ды іншыя сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека і міжнароднага гуманітарнага права раўназначныя актам тэрору», – гаворыцца ў рэзалюцыі.
Гэты дакумент мусіць «падрыхтаваць глебу для таго, каб Уладзімір Пуцін і ягоны ўрад былі прыцягнутыя да адказнасці за злачынствы перад міжнародным трыбуналам», адзначаецца на сайце Еўрапарламенту.
«Бі-Бі-Сі» падкрэслівае, што пакуль гэтая рэзалюцыя не будзе мець юрыдычных наступстваў для Расеі. Бо ў ЕЗ цяпер няма прававой базы для прызнання трэцяй краіны дзяржавай, якая падтрымлівае тэрарызм. Няма таксама дакументаў, якія б рэгламентавалі санкцыі супраць дзяржавы – спонсара тэрарызму.
Прыняцце рэзалюцыі Еўрапарламенту пракаментаваў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Ён напісаў у Twitter, што Расею трэба ізаляваць на ўсіх узроўнях і прыцягнуць да адказнасці, каб спыніць яе «шматгадовую палітыку тэрарызму ва Украіне і свеце».
Раней Чэхія, Польшча і Эстонія, а таксама Парламенцкая асамблея Рады Еўропы прызналі Расею краінай з тэрарыстычным рэжымам, а Парламенцкая асамблея NATO прызнала Расею дзяржавай-тэрарыстам.
Сяргей Крот belsat.eu