«Народная воля» апублікавала адкрыты ліст свайго галоўнага рэдактара Іосіфа Сярэдзіча. Ён заклікаў да нацыянальнага прымірэння дзеля захавання Беларусі. Журналіст адразу закінуў мяч у Дразды: першым крокам, паводле «плана Сярэдзіча», мусіць стаць спыненне рэпрэсіяў і вызваленне палітвязняў.
«Белсат» спытаў у кіраўніка НАУ Паўла Латушкі, ці гатовы ён да перамоваў, а ў аналітыкаў – ці здольны Аляксандр Лукашэнка цяпер размаўляць з апанентамі па-за сценамі КДБ.
Заснавальнік і нязменны галоўны рэдактар «Народнай волі» Іосіф Сярэдзіч, асабліва не падбіраючы словаў, напісаў у адкрытым лісце пра гвалт, які не спыняецца ад 2020-га, арышты, прысуды, здзекі, катаванні; пра «чобаты чужых салдатаў, што топчуць нашу святую зямлю»; пра неадэкватных прапагандысцкіх кілераў, якія распальваюць варожасць; пра загінулых падчас пратэстаў; пра эміграцыю найбольш адукаваных беларусаў; пра ўладу, якая знаходзіцца ў палоне сілавікоў; пра надзвычай агрэсіўныя формы канфрантацыі ў беларускім грамадстве; раскрытыкаваў камісію для «збеглых».
Сярэдзіч прапанаваў шлях выйсця з крызісу. Найперш цяперашнія ўлады мусяць спыніць рэпрэсіі і абвясціць шырокую амністыю, вызваліўшы ўсіх палітвязняў. Наступным крокам «уся апазіцыя дружна звернецца ў міжнародныя структуры з ініцыятывай зняць усялякія санкцыі з Беларусі». Далей – перамовы пры пасярэдніцтве Швейцарыі ці Фінляндыі «па ўсім спектры пытанняў, звязаных з нацыянальным прымірэннем і вызначэннем шляхоў далейшага развіцця краіны».
Галоўрэд «Народнай волі» заклікаў не марудзіць, каб паспець да парламенцкіх і мясцовых выбараў, якія мусяць адбыцца з удзелам вызваленых палітвязняў і з сумленным падлікам галасоў.
«Без нацыянальнага прымірэння мы, безумоўна, страцім Беларусь! Сёння, як, бадай, ніколі на працягу апошніх дваццаці-трыццаці гадоў, наша незалежнасць знаходзіцца ў страшэннай небяспецы», – папярэдзіў Іосіф Сярэдзіч.
Дэмакратычныя сілы ніколі не былі супраць нацыянальнага прымірэння і дыялогу, заявіў «Белсату» кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў пытаннях транзіту ўлады Павел Латушка:
«Асноўная перашкода на шляху да нацыянальнага дыялогу – гэта не дэмакратычныя сілы, не санкцыі, а сам Лукашэнка. Без яго беларусы змогуць дамовіцца, таму што большасць ужо і так дамовілася ў 2020-м, калі выбрала ісці далей без Лукашэнкі. Менавіта тады адбыўся нацыянальны дыялог і прымірэнне».
Латушка заўважыў, што перадумовы для пачатку дыялогу, што прапанаваў Сярэдзіч, сугучныя народным патрабаванням: спыненне рэпрэсіяў і тэрору ды вызваленне палітвязняў:
«Менавіта Лукашэнка мусіць зрабіць першыя крокі, спыніць гвалт і вызваліць людзей. Мы патрабуем гэтага з 2020 года. Аднак увесь гэты час мы бачым толькі крокі рэжыму назад, у 30-я гады сталінскіх рэпрэсіяў».
Кіраўнік НАУ адзначыў: «Няма ніякіх прыкметаў таго, што рэжым Лукашэнкі збіраецца такія перадумовы выконваць. Наадварот, ягоныя перадумовы – закатаць усіх у асфальт і «паўзіце каяцца на каленях».
Павел Латушка таксама пракаментаваў меркаванне Іосіфа Сярэдзіча пра касаванне санкцыяў у выпадку спынення палітычнага пераследу:
«Іх уводзяць не дэмсілы. Казаць пра тое, што санкцыі могуць быць цалкам знятыя ў выпадку спынення гвалту ў Беларусі, было б зусім некарэктна. Частка санкцыяў – імаверна. Таму вельмі важна тут не спекуляваць і не кідацца гучнымі словамі».
Палітык падкрэсліў, што Сярэдзіч выразна пазначыў Расею пагрозай незалежнасці Беларусі і фактычна падставай для нацыянальнага прымірэння. Пры гэтым, на меркаванне Латушкі, аўтар «мірнага плану» не ўлічвае фактару Крамля, які наўпрост уплывае на магчымасць дыялогу. Лукашэнка не перастане падтрымліваць Расею ў вайне, не выведзе расейскіх войскаў, не пакіне АДКБ і «Саюзную дзяржаву», не адновіць ахоўнай мяжы з Расеяй, пералічыў кіраўнік НАУ.
«Значыць, не будзе выкананая яшчэ адна значная ўмова для дыялогу дзеля захавання незалежнасці, якая чамусьці ігнаруецца: Беларусь не перастане быць расейскім вайсковым палігонам і плацдармам. У такіх умовах размовы пра дыялог і тым больш, як піша Іосіф Сярэдзіч, парламенцкія выбары – гэта размовы пра нейкую альтэрнатыўную рэальнасць», – падсумаваў Латушка.
Адкрыты ліст Сярэдзіча можа мець водкуг сярод часткі кіраўніцтва Беларусі, мяркуе дырэктар інстытуту «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч. У каментары «Белсату» ён адзначыў, што сярод тых, хто лічыць сябе ўладай, «ёсць разуменне, што Беларусь паступова губляе самастойнасць і незалежнасць». Ім пры гэтым няўтульна жыць у сацыяльнай напружанасці, калі заўважная частка насельніцтва ставіцца насцярожана ці варожа.
«Разам з тым мы не бачым хоць нейкай прыкметы таго, што будзе адбывацца рух у бок прымірэння. Не думаю, што ліст можа да гэтага спрычыніцца, ён можа толькі пазначыць палітычную пазіцыю і наяўнасць праблемы», – сказаў палітолаг.
Ён мяркуе, што цяперашнія ўлады, імаверна, пойдуць на дыялог, толькі калі прыпячэ:
«Такога кшталту кантакты могуць быць толькі тады, калі ўлады будуць вымушаныя гэта зрабіць, калі яны будуць знаходзіцца пад нейкім сур’ёзным ціскам з пункту гледжання захавання сваіх палітычных пазіцый. Першы рэалістычны фактар – пагаршэнне стасункаў з Расеяй з нейкіх прычынаў, хоць зараз мы можам цяжка сабе гэта ўявіць паводле шэрагу прычынаў».
Казакевіч звярнуў увагу, што ў нацыянальным дыялогу аб прымірэнні не зацікаўленая Масква. Ёй выгодная не кансалідаваная Беларусь, што можа спрабаваць выйсці з-пад уплыву Расеі, а аслабленая ўлада, якая канфліктуе са значнай часткай грамадства.
Палітычны аглядальнік праекту «Позірк» Аляксандр Класкоўскі таксама не бачыць прыкметаў таго, што цяперашнія ўлады на заклік галоўнага рэдактара «Народнай волі» кінуцца вызваляць палітвязняў і размаўляць з апанентамі. Аналітык сказаў «Белсату», што нават калі эканамічная сітуацыя пагоршыцца максімальна, Лукашэнка хутчэй паляціць у абдымкі да Пуціна, чым адкруціць гайкі:
«Ён пайшоў бы на большыя саступкі Расеі, стаў бы яшчэ шпарчэй і большымі кавалкамі прадаваць суверэнітэт, чым стаў бы на калені, у ягоным уяўленні, перад Захадам і «пятай калоннай». З гледзішча Лукашэнкі, лепей быць нейкім расейскім губернатарам, чым калі прыйдзе апазіцыя да ўлады і павязе яго ў Гаагу. Гэта для яго страшны сон».
Паводле Класкоўскага, Лукашэнка мяркуе, што прыход апазіцыі да ўлады азначае ягоную фізічную смерць, прычым пакутлівую: «І вось гэтыя фобіі будуць яго штурхаць хутчэй у бок Расеі, чым у бок саступак апазіцыі».
Суразмоўца «Белсату» падкрэсліў, што вызваленне палітвязняў можа выклікаць уздым у грамадстве, а там і да новых пратэстаў недалёка. І перамовы з апанентамі для Лукашэнкі – «нахіл непахіснага»:
«У ягоным разуменні гэта азначае, што нязломнага, непахіснага правадыра ўсё ж такі нахілілі, і гэта з маральна-псіхалагічнага гледзішча для яго вельмі балюча, ён жа хоча здавацца такім моцным і што ніхто не можа яго змусіць да нейкіх саступак. Сёння Лукашэнка занадта моцны. Ён пачуваецца занадта ўпэўнена дзеля таго, каб ісці на нейкія кампрамісы і перамовы з апазіцыяй».
Аляксандр Класкоўскі адзначыў мужнасць галоўнага рэдактара «Народнай волі», які наважыўся надрукаваць ліст з «жорсткай ацэнкай сённяшняй сітуацыі».
«Сярэдзіч знаходзіцца ў Беларусі і кідае выклік сістэме. Ён кажа наўпрост і пра рэпрэсіі, і пра свавольства сілавікоў, пра гвалт, пра камісію для вяртання, пра прапагандыстаў вельмі жорстка выказваецца. Хай сабе гэты заклік, можа, і наіўны, але ўсё адно патрэба ў нацыянальным прымірэнні будзе вісець у паветры. І калі не цяпер, то некалі давядзецца: зменіцца сітуацыя, і Лукашэнка не вечны. І разарваную на сёння нацыю трэба будзе неяк сшываць», – заўважыў аналітык.
Класкоўскі згадаў нобэлеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, які ў апошнім слове на судзе таксама казаў пра нацыянальнае прымірэнне. Ён, як і Сярэдзіч, – не палітык: «Гэта людзі, у якіх сапраўды баліць душа за радзіму. Гэта той арыенцір, які мы не павінны страчваць з віду. Барацьба барацьбою, але ж мы мусім мець канчатковую мэту: захаванне Беларусі, захаванне нашай нацыі».
Класкоўскі падсумаваў, як, зрэшты, і Сярэдзіч у сваім лісце, што без прымірэння ў Беларусі няма будучыні:
«Калі ўявіць сабе перамогу апазіцыі – ну не паставіш жа да сценкі мільён ці два мільёны гэтых так званых ябацек. З імі таксама трэба будзе неяк знаходзіць агульную мову і жыць у адной дзяржаве. Прымірэнне, кампраміс – тыя пытанні, без якіх немагчыма будучыня беларускай нацыі».
Сяргей Крот belsat.eu