Апошняе слова Бяляцкага: заклікаў спыніць грамадзянскую вайну ў Беларусі


«Трэба спыняць гэтую грамадзянскую вайну!» Алесь Бяляцкі і іншыя фігуранты «справы «Вясны» выступілі з апошнім словам у судзе. Аб гэтым паведамляе сайт праваабарончага цэнтру. 

Алесь Бяляцкі ў судзе.
Фота: «Вясна» / spring96.org

У судзе Ленінскага раёну Менску 13 лютага скончыўся судовы разбор у крымінальнай справе супраць старшыні «Вясны» і нобэлеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, ягонага намесніка і віцэ-прэзідэнта FIDH Валянціна Стэфановіча, каардынатара кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзіміра Лабковіча і праваабаронцы Дзмітрыя Салаўёва (завочна). Праваабаронцы выступілі з апошнімі словамі – на беларускай мове.

Першым выступіў старшыня «Вясны» і лаўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі. Набэліят зазначыў, што суд над ім і ягонымі калегамі быў несправядлівым, а крымінальная справа была палітычна матываванай.

«Відавочна, калі мы азнаёміліся з некаторымі тамамі так званай крымінальнай справы, следства выконвала пастаўленую перад імі задачу: зняволіць праваабаронцаў «Вясны» любым коштам, знішчыць «Вясну» і спыніць нашую працу», – падкрэсліў Бяляцкі.

Да «вясноўцаў» з самага пачатку перадузята ставілася і следства, і суд, і дзяржаўныя медыі, якія масава распаўсюджвалі паклёп. Моцны ўціск абрынуўся на адвакатаў, якія асмеліліся абараняць Алеся Бяляцкага. З чатырох адвакатаў, што ўзяліся за гэтую справу, да фіналу дайшла адна адвакатка, дваіх пазбавілі ліцэнзіі, а адзін з іх – Віталь Брагінец – апынуўся ў турме і быў зняволены на восем гадоў.

Асобна Бяляцкі адзначыў катастрафічную сітуацыю з беларускай мовай у судзе: «Надзвычайна склалася сітуацыя з мовай у судзе: абвінавачванне і суд катэгарычна адмовіліся размаўляць па-беларуску, нягледзячы на тое, што я як абвінавачаны зʼяўляюся беларускамоўным у жыцці чалавекам. Я размаўляю, пішу, думаю на беларускай мове. Нагадваю, што беларуская мова зʼяўляецца дзяржаўнай мовай, і вы як дзяржаўныя чыноўнікі павінны ведаць дзве дзяржаўныя мовы, у тым ліку і беларускую, а не пыкаць і бэкаць».

Але галоўны мэсідж прамовы Бяляцкі накіраваў да дзейснага ў Беларусі палітычнага кіраўніцтва. Алесь Бяляцкі падкрэсліў, што беларускі палітычны крызіс не ўнікальны, такое было і ёсць проста цяпер: у Казахстане, Венесуэле і нават у Іране палітычныя сілы праходзяць цяжкі шлях перамоваў дзеля будучыні краіны. Набэліят заклікаў спыніць жорсткае супрацьстаянне і як бы ні было складана, але пачаць грамадска-палітычны дыялог, які б дапамог захаваць Беларусь. Інакш краіну чакаюць цяжкія наступствы.

«Трэба ясна ўсвядоміць, што лепей цяжкія перамовы і паступовы выхад з крызісу, чым бязлітаснае супрацьстаянне, якое можа прывесці да вельмі сурʼёзных наступстваў: да беднасці і жабрацтва, да гвалту і несправядлівасці, якія спустошаць Беларусь», – патлумачыў сваю пазіцыю Бяляцкі.

Усе сілы, якія думаюць пра Беларусь як «пра супольную для ўсіх беларускіх грамадзянаў радзіму» нягледзячы на палітычныя погляды і геапалітычныя прыхільнасці, павінны пачаць грамадска-палітычны дыялог, «не дапусціць масавага вымушанага выезду беларусаў у свет па лепшую долю, калі мы хочам атрымаць шанец на эканамічнае, сацыяльнае, грамадска-палітычнае, экалагічнае развіццё нашага народу».

«Досыць, трэба спыняць гэтую грамадзянскую вайну! Я спадзяюся, мяне пачуюць», – заклікаў улады Беларусі нобэлеўскі лаўрэат.

Бяляцкі перакананы, што узяты ўладамі курс «на татальны кантроль грамадства і жорсткае падаўленне іншадумства, поўную адмову ад плюралізму думак, пераўладкаванне дзяржаўнага ладу па ўзору таталітарнага грамадства а-ля «Савецкі саюз 70-х гадоў» зусім бесперспектыўны».

У 2020 годзе ўлады адмовіліся пачуць голас нязгодных з імі беларусаў, абраўшы курс на мацнейшую рэакцыю. Жорсткія рэпрэсіі працягваюцца ўжо тры гады, мноства людзей за кратамі, мноства з’ехала, знішчаныя НДА, незалежныя медыі пазбаўленыя магчымасці нармальна працаваць у Беларусі, альтэрнатыўная дзяржаўнай прапагандзе інфармацыя недасяжная насельніцтву, але ніякага лагічнага канца пакуль што не праглядваецца.

9 лютага пракурор Аляксандр Кароль запатрабаваў для праваабаронцаў «Вясны» тэрміны ад 9 да 12 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Прысуд у справе «Вясны» будзе сімвалічна абвешчаны на пачатку вясны – 3 сакавіка а 12:00.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў