«Канструктыўнага дыялогу» не атрымалася. Чырвоны касцёл адмаўляецца выносіць рэчы


На сайце менскага Чырвонага касцёлу з’явілася інфармацыя пра бягучы стан дыялогу з уладамі. У парафіі заявілі, што касцельны камітэт «катэгарычна не згодны» з раптоўным скасаваннем дамовы арэнды.

Закрыты ўладамі Чырвоны касцёл у Менску.
Фота: Павел Русак / minsknews.by

У Чырвоным касцёле адзначылі, што з дакументамі, якія засталіся ў зачыненым будынку, ягоным прадстаўнікам працаваць не даюць. Зняпраўдзілі ў парафіі і афіцыйную версію пра тое, што пажар у касцёле 26 верасня стаў вынікам «парушэння правілаў эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання».

Паколькі нікому з святароў і вернікаў «не была дадзена магчымасць убачыць сваімі вачыма пашкоджанні і пераканацца ў аварыйным стане касцёлу (а ўзгаранне пацверджана толькі ў прыбудове да касцёлу), то мы [касцельны камітэт. – Рэд. Belsat.eu] адмаўляемся выносіць рэчы з касцёлу, бо лічым гэта беспадстаўным і немагчымым з вышэй азначанай прычыны». Пры гэтым прадстаўнікам уладаў уваход у касцёл адкрыты, а каталікам нават «не прадставілі дакументы, на падставе якіх для нас абмежаваны доступ у касцёл».

«Такім чынам, усе азначаныя пытанні не вырашаны, а парафія засталася сам-насам з пагрозай страты касцельных каштоўнасцяў, а менавіта культавых рэчаў, архіваў, бібліятэкі, прыстасаванняў і механізмаў, патрэбных пры ажыццяўленні штодзённай дзейнасці касцёлу. Таму мы не згодны, што на сустрэчы прадстаўнікоў Касцёлу з прадстаўнікамі ўлады па справе Чырвонага касцёлу 14.10 у Менгарвыканкаме атрымаўся «канструктыўны дыялог», – заявілі ў парафіі.

І прапанавалі зрабіць патрэбны рамонт за свае грошы, а будынак перадаць каталікам.

Hавiны
Прыхаджанам Чырвонага касцёлу забаранілі маліцца і ў парафіяльным доме
2022.10.14 16:30

26 верасня ў Чырвоным касцёле здарыўся пажар, пасля чаго ўлады замкнулі яго і не пускалі нават святароў. Паводле афіцыйнай версіі Міністэрства надзвычайных сітуацыяў, уначы ў МНС паступіла паведамленне, што ў касцёле Святых Сымона і Алены спрацавала пажарная сігналізацыя: «Высветлілася, што адбылося загаранне электраправодкі ў будынку. У выніку здарэння пашкоджаная маёмасць на плошчы каля 20 квадратных метраў. Ніхто не пацярпеў».

Неўзабаве камісія надзвычайных сітуацыяў пры адміністрацыі Маскоўскага раёну Менску пастанавіла «часова забараніць эксплуатацыю будынку». У касцёл няма доступу, не пускаюць нікога.

Парафія Чырвонага касцёлу – адна з найстарэйшых і найбуйнейшых у Менску. Штодня ў святыні адбывалася ад 6 да 8 службаў, тут працавала нядзельная школа, ладзілася шмат розных культурніцкіх ініцыятываў. Дзе цяпер будуць маліцца вернікі, няясна. Не выключаюць, што закрыццё святыні можа быць палітычна матываванае.

Гісторыі
Чырвоны касцёл: як зачынялі раней і як забівалі яго святароў
2022.10.06 17:50

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў