«Гэта наш шанец аб’яднацца». Гіркін-Стралкоў сабраўся на месца Пуціна – у прэзідэнты Расеі


Былы «міністр абароны ДНР» Ігар Гіркін (псеўданім – Стралкоў), які цяпер знаходзіцца ў СІЗА, абвясціў, што вылучаецца ў прэзідэнты Расеі на выбарах 2024-га. Аб самавылучэнні ён напісаў у лісце, які на прэс-канферэнцыі зачыталі яго паплечнікі, піша SOTA.

Ігар Гіркін. Крыніца фота: korrespondent.net

У сваім лісце Гіркін-Стралкоў звярнуўся да кіраўніцтва і паплечнікаў з «Расейскага руху Стралкова» (РРС) з прапановай пачаць працу для вылучэння яго ў якасці кандыдата ў прэзідэнты РФ.

«Усіх маіх сяброў і блізкіх, аднадумцаў, паплечнікаў, таварышаў па службе і прыхільнікаў, у тым ліку ў грамадскім руху «Наваросія», Камітэце 25 і Клубе раззлаваных патрыётаў, прашу пра ўсялякае садзейнічанне РРС у рашэнні пастаўленых задач і, спадзяюся, на нашу сумесную працу. Таксама звяртаюся да ўсіх расейскіх патрыятычных сілаў, грамадскіх і партыйных арганізацыяў. Прашу вас таксама падтрымаць мяне і РРС у працы для майго вылучэння ў якасці кандыдата ў прэзідэнты РФ на выбарах 2024 года. Гэта наш шанец аб’яднацца перад вонкавай і ўнутранай пагрозай. Ігар Іванавіч Стралкоў і Ігар Усеваладавіч Гіркін», – заключыў палітык, падпісаўшы ліст ад імя дзвюх сваіх іпастасяў.

Таксама пра сваё вылучэнне на выбары 2024 года ўжо заявілі былы дэпутат Дзяржаўнай думы Барыс Надзеждзін і журналістка Кацярына Дунцова. Уладзімір Пуцін пра сваё вылучэнне на чарговы тэрмін пакуль афіцыйна не заяўляў.

Аналітыка
Падказка для ультрапатрыётаў. Што азначае арышт Стралкова
2023.07.23 16:55

Гіркін браў удзел у дзвюх чачэнскіх войнах, падчас якіх, паводле інфармацыі журналістаў, меў дачыненне да выкрадання і пазасудовых пакаранняў мясцовых жыхароў. Акрамя таго, на пачатку 1990-х ён як добраахвотнік ваяваў у Прыднястроўі на баку сепаратыстаў і ў Босніі ў складзе сербскіх узброеных фармаванняў. Пры гэтым ён доўгі час служыў у ФСБ, адкуль (паводле сцвярджэнняў самога Гіркіна) звольніўся ў сакавіку 2013 года ў званні палкоўніка. Праўда, ягоная прыналежнасць да спецслужбаў пасля 2013 года застаецца пытаннем дыскусійным: некаторыя лічаць, што ён працягваў працаваць на ФСБ і ў 2014 годзе, калі прымаў удзел у анексіі Крыму і вайне на Данбасе.

Гіркін узначаліў узброеныя фармаванні «ДНР» і ў гэтай ролі адзначыўся шматлікімі ваеннымі злачынствамі. Тых, хто падтрымліваў адзінства Украіны, кідалі «на падвалы», катавалі і забівалі. Не шкадаваў ён і лаяльных Расеі сепаратыстаў, якія не падпарадкоўваліся ягоным загадам. У Славянску Гіркін ладзіў «ваенна-палявыя трыбуналы» і расстрэльваў людзей на падставе сталінскага закону 1941 года. Аднак самае вядомае злачынства – знішчэнне пасажырскага «боінга» MH17 у небе над Данецкай вобласцю 16 ліпеня 2014 года. У выніку трагедыі загінулі 298 чалавек. За гэта суд у Нідэрландах завочна прысудзіў Гіркіну пажыццёвае зняволенне.

Пасля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расеі супраць Украіны Гіркін фігураваў у публічнай прасторы ў асноўным як вайсковы блогер. Ён рэзка крытыкаваў расейскае кіраўніцтва за няўдалае вядзенне вайны і рэгулярна даваў алармісцкія для РФ прагнозы наконт вынікаў канфлікту. Тэндэнцыйныя заявы спарадзілі мноства мэмаў і пародыяў у інтэрнэце, Гіркіна часта называлі «ныцікам» і «сумным алкаголікам».

У сакавіку 2023 года Гіркін заснаваў нефармальны нацыяналістычны рух «Клуб раззлаваных патрыётаў». КРП аб’ядноўвае людзей, якія лічаць, што цяперашняе кіраўніцтва РФ вядзе вайну неэфектыўна і проста бяздарна (а яны нібыта ведаюць, як ваяваць эфектыўна). 21 ліпеня яго арыштавалі за «экстрэмізм».

Лукавыя навіны. Выкрываем фэйкі
Як Пуцін распраўляецца са здраднікамі ў сваіх шэрагах
2023.08.11 18:50

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў