Былы прэзідэнт ЗША Доналд Трамп перамог на першым унутрыпартыйным галасаванні – кокусе, якое праходзіла ў штаце Аява, паведамляе CNN.
Ва ўнутрыпартыйным галасаванні ў Аяве ўзялі ўдзел больш за 109 тысяч выбарцаў. Па выніках падліку больш за 90 % галасоў: Трамп атрымаў 51,1 %, губернатар Флорыды Рон Дэсэнтыс – 21,2 %, былая амбасадарка ЗША ў ААН Нікі Гэйлі – 19,1 %. За Трампа прагаласавалі больш за 55 тысяч чалавек.
Рэспубліканская і Дэмакратычная партыі ЗША на ўнутрыпартыйных выбарах – кокусах – вызначаюць сваіх кандыдатаў. Галасаванні сярод партыйных выбарнікаў скончацца ў чэрвені 2024 года, пасля чаго партыі афіцыйна вылучаць сваіх кандыдатаў на прэзідэнцкія выбары, якія пройдуць у ЗША 5 лістапада 2024 года.
Напрыканцы снежня 2023 года некаторыя штаты ЗША забаранілі Трампу браць удзел у першасных выбарах, якія пройдуць 5 сакавіка 2024 года. Сярод іх – штаты Мэйн і Каларада.
Дзяржаўная сакратарка штату Мэйн, сябра Дэмакратычнай партыі Шэна Бэлаўз, як і Вярхоўны суд Каларада, спаслалася на тое, што Трамп правакаваў паўстанне, распаўсюджваў непраўдзівую інфармацыю і заклікаў сваіх прыхільнікаў здзейсніць марш на Капітолій. Такім чынам, як сцвярджаецца, была парушаная 14-ая папраўка Канстытуцыі ЗША, што забараняе балатавацца ўдзельнікам мяцяжу.
«Канстытуцыя ЗША не дапускае замаху на асновы нашага ўраду», – напісана ў пастанове Бэлаўз.
НА 8 лютага 2024 года Вярхоўны суд ЗША прызначыў паседжанне, на якім будзе вырашаць, ці зможа Трамп прыняць удзел у прэзідэнцкіх выбарах.
Суд хоча паспець да гэтак званага «Супераўторка» 5 сакавіка, калі ў Каларада і шмат якіх іншых штатах пройдуць першасныя выбары. Такім чынам, рашэнне будзе прынятае цягам некалькіх дзён ці тыдняў, хаця звычайна разгляд справаў у інстанцыі можа расцягвацца да года.
Трамп намагаецца аспрэчыць пастанову Вярхоўнага суда Каларада, які забараніў яму ўдзельнічаць у праймерыз.
Рашэнне Вярхоўнага суда ЗША будзе абавязковым для ўсіх штатаў, таму фактычна інстанцыя пастановіць, ці зможа Трамп зноў балатавацца на пасаду прэзідэнта.
Марыя Міхалевіч belsat.eu