Суд штату Каларада забараніў Трампу ўдзел у выбарах. Вось на якой падставе


Былы прэзідэнт ЗША Доналд Трамп не можа браць удзелу ў першасных выбарах у Каларада праз ролю ў нападзе сваіх прыхільнікаў на Капітолій 6 студзеня 2021 года. Пра гэта 19 снежня пастанавіў Найвышэйшы суд штату, піша «Reuters».

Доналд Трамп.
Фота: Gage Skidmore / Wikimedia

Рашэнне суда робіць Доналда Трампа першым кандыдатам на прэзідэнта, якому забаранілі ўдзел у выбарах згодна з раздзелам 3 у 14-й канстытуцыйнай папраўцы ЗША, што забараняе займаць пасады чыноўнікам, якія бяруць удзел у «паўстанні ці мяцяжы». Папраўку прынялі ў 1868 годзе пасля грамадзянскай вайны ў ЗША, каб не дапусціць прыхільнікаў Канфедэрацыі да працы ва ўрадзе.

Рашэнне датычыць толькі праймерыз Рэспубліканскай партыі ў Каларада 5 сакавіка 2024 года, але яно можа паўплываць на статус Трампа ў штаце і на ўсеагульных выбарах 5 лістапада. Таксама дакумент можа стацца падставаю для далейшых разбораў у Вярхоўным Судзе.

Пастанова набудзе моц не раней за 4 студзеня, пакуль жа ў Трампа ёсць магчымасць падаць апеляцыю. Перадвыбарчы штаб Трампа назваў рашэнне суда «недэмакратычным» і «памылковым».

Пазоў быў ініцыяваны групаю выбарнікаў Каларада пры падтрыманні праваабарончай групы «Грамадзяне за адказнасць і этыку» ў Вашынгтоне, якая сцвярджала, што Трампа варта дыскваліфікаваць за падбухторванне сваіх прыхільнікаў да нападу на Капітолій у няўдалай спробе перашкодзіць перадачы прэзідэнцкай улады Джо Байдэну пасля выбараў 2020 года. Адвакаты Трампа сцвярджалі, што ягоная прамова перад прыхільнікамі ў дзень закалотаў была абароненая ягоным правам на свабоду слова. А канстытуцыйная папраўка, паводле іх, не распаўсюджваецца на прэзідэнтаў ЗША.

Hавiны
Суддзі заявілі Трампу, што ў прэзідэнта няма «чароўнага права каралёў» пазбягаць адказнасці
2023.12.02 11:13

Супраць Трампа, які цяпер ізноў збіраецца балатавацца на пасаду кіраўніка краіны, завялі ўжо некалькі крымінальных справаў. Яго абвінавацілі ў змове з мэтай адмяніць вынікі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, у незаконным утрыманні сакрэтных дакументаў, у фальсіфікацыі справаздачнасці для ўтойвання выплаты грошай за маўчанне порназоркі і за спробу адмяніць паразу на выбарах 2020 года ў штаце Джорджыя.

1 снежня два федэральныя суды пастанавілі, што Трамп не мае абсалютнага імунітэту ад грамадзянскага ці крымінальнага пераследу за свае спробы застацца ва ўладзе пасля выбараў 2020 года.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў