Суддзі заявілі Трампу, што ў прэзідэнта няма «чароўнага права каралёў» пазбягаць адказнасці


Экс-прэзідэнт ЗША Доналд Трамп не мае абсалютнага імунітэту ад грамадзянскага ці крымінальнага пераследу за свае спробы застацца ва ўладзе пасля выбараў 2020 года. Такія рашэнні 1 снежня прынялі два федэральныя суды, паведамляе The Washington Post.

Доналд Трамп.
Фота: Shealah Craighead / Official White House Photo / Wikimedia

Двое паліцыянтаў, якія ахоўвалі Капітолій 6 студзеня 2021 годзе, на які напалі прыхільнікі Доналда Трампа, і з тузін кангрэсменаў-дэмакратаў падалі ў суд на экс-прэзідэнта ў 2021 годзе. Паводле іх, ён стварыў пагрозу для іх жыцця, кажучы пра скрадзеную перамогу на выбарах і заклікаючы натоўп прыхільнікаў ісці да Капітолію і «змагацца як чэрці», каб не дапусціць зацвярджэння перамогі на выбарах Джо Байдэна.

У сваю чаргу Трамп з адвакатамі сцвярджалі, што ён мае «поўны імунітэт», якім надзяляецца прэзідэнт у рамках выканання афіцыйных абавязкаў. Раней Вярхоўны суд сцвердзіў, што прэзідэнты ЗША могуць быць прыцягнуты да адказнасці толькі за дзеянні асабістага характару, якія выходзяць за «вонкавы перыметр» іх абавязкаў.

«Якімі б імунітэтамі ні карыстаўся дзейны прэзідэнт, у Злучаных Штатах адначасова ёсць толькі адзін кіраўнік выканаўчай улады, і гэтая пасада не дае права на пажыццёвую абарону ад турмы», – заявіла суддзя Таня Чаткан з Акруговага суду ў Вашынгтоне.

Паводле яе, першы прэзідэнцкі тэрмін Трампа не даў яму «чароўнага права каралёў ухіляцца ад крымінальнай адказнасці, пад якую падпадаюць ягоныя суграмадзяне».

Апеляцыйны суд акругі Калумбія ў сваю чаргу заявіў, што Трамп надалей можа карыстацца імунітэтам ад грамадзянскага пазову за афіцыйныя дзеянні, якія ён распачаў у якасці прэзідэнта. Але, заявіў галоўны суддзя Шры Срынівасан, «яго кампанія пераабрання не з’яўляецца афіцыйным прэзідэнцкім актам».

Абодва рашэнні, верагодна, будуць абскарджаныя. Прадстаўнік Трамп Стывен Чунг заявіў, што яны «ствараюць небяспечныя прэцэдэнты, якія нанясуць шкоду будучым прэзідэнцкім адміністрацыям».

Hавiны
Трампу выставілі ўжо чацвёртае крымінальнае абвінавачванне. Калі суд?
2023.08.15 11:11

Супраць Трампа заведзена ўжо некалькі крымінальных справаў. Яго абвінавацілі ў змове з мэтай адмяніць вынікі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, у незаконным утрыманні сакрэтных дакументаў, у фальсіфікацыі справаздачнасці для ўтойвання выплаты грошай за маўчанне порназоркі і за спробу адмяніць паразу на выбарах 2020 года ў штаце Джорджыя.

Сам палітык цяпер зноў збіраецца балатавацца на пасаду кіраўніка краіны. Ён праводзіць сваю выбарчую кампанію, заяўляючы пра сябе як пра ахвяру пракурораў-дэмакратаў, якія спрабуюць яго пасадзіць. Рэспубліканскія саюзнікі таксама выступілі ў абарону Трампа.

Hавiны
Доналда Трампа арыштавалі ў справе аб выбарах-2020 і праз 20 хвілін адпусцілі
2023.08.25 10:03

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў