Трампу выставілі ўжо чацвёртае крымінальнае абвінавачванне. Калі суд?


У штаце Джорджыя былому прэзідэнту ЗША Доналду Трампу і 18 ягоным саюзнікам выставілі абвінавачванні ў спробе адмяніць паразу на выбарах 2020 года ў штаце. Пры гэтым пракуратура выкарыстала закон, які звычайна асацыюецца з бандытамі, каб абвінаваціць палітыка, адвакатаў і іншых памочнікаў у «злачыннай» спробе ўтрымаць уладу, піша AP.

Доналд Трамп.
Фота: Gage Skidmore / Wikimedia

«Замест таго, каб выконваць юрыдычны працэс Джорджыі для аспрэчвання выбараў, абвінавачаныя заняліся злачынным рэкетам, каб адмяніць вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Джорджыіі», – заявіла акруговы пракурор акругі Фултан Фані Ўіліс, чыя пракуратура пачала справу.

У прыватнасці, у амаль 100-старонкавым абвінаваўчым дакуменце згадваецца зварот да дзяржсакратара Джорджыі з просьбай знайсці дастаткова галасоў для перамогі ў штаце, ілжывыя абвінавачванні ў махлярстве супраць прадстаўніка выбарчай камісіі, спроба пераканаць заканадаўцаў Джорджыі ігнараваць волю выбарцаў і прызначыць новы спіс калегіі выбарцаў, прыхільных да Трампа.

Гэта, магчыма, самая маштабная судовая справа супраць Трампа. Сярод іншых абвінавачаных былы кіраўнік апарата Белага дому Марк Мідаўз, асабісты адвакат Трампа Рудалф Джульяні і іншыя.

Падсудным будзе дазволена добраахвотна здацца да поўдня 25 жніўня. Пракурор плануе прасіць прызначыць дату суда на працягу шасці месяцаў.

Агулам гэта ўжо чацвёртая крымінальная справа супраць былога прэзідэнта ЗША, які цяпер зноў збіраецца балатавацца на пасаду кіраўніка краіны. Усе справы распачалі за апошнія пяць месяцаў.

Раней Трапма абвінавацілі ў змове з мэтай адмяніць вынікі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, у незаконным утрыманні сакрэтных дакументаў і ў фальсіфікацыі справаздачнасці для ўтойвання выплаты грошай за маўчанне парназоркі.

Сам Трамп праводзіць сваю выбарчую кампанію, заяўляючы пра сябе як пра ахвяру пракурораў-дэмакратаў, якія спрабуюць яго пасадзіць. Рэспубліканскія саюзнікі таксама выступілі ў абарону Трампа.

«Амерыканцы бачаць скрозь гэтую адчайную аферу», – напісаў спікер Палаты прадстаўнікоў Кевін МакКарці.

Трамп на сёння застаецца найбольш папулярным прэтэндэнтам сярод прыхільнікаў Рэспубліканскай партыі.

Аналітыка
«Джокер для Украіны і чорны лебедзь для Расеі». Байдэн ідзе на новы тэрмін: што гэта дае і каму?
2023.04.28 07:00

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў