Польшча прыняла рашэнне не ставіць штампы ў пашпарты грамадзянаў Беларусі, якія прыязджаюць у краіну. Гэта адказ на «пашпартны» ўказ Аляксандра Лукашэнкі, які не дазваляе абмяняць беларускі пашпарт за межамі Беларусі. Рашэнне было ўзгодненае Памежнай аховай Польшчы, МЗС і МУС, піша BYSOL.
Гэтую інфармацыю пацвердзіў выданню «Наша Ніва» польскі дыпламат, прозвішча якога не называецца.
«Пакуль што няма яснага разумення, што рабіць тысячам беларусам, якія жывуць у Польшчы і не могуць абмяняць свае дакументы. Магчыма, будзе прынятае рашэнне аж да спрашчэння працэдуры атрымання польскага пашпарту, але цяпер робіцца тое, што робіцца», – сказаў польскі дыпламат.
Такія захады Польшчы дапамогуць захаваць у пашпартах больш чыстага месца.
Выданне ўдакладняе, што ў Аб’яднаным пераходным кабінеце ведаюць пра рашэнне Польшчы не ставіць штампы ў пашпарты беларусаў, і плануюць угаварыць іншыя краіны рабіць тое ж.
BYSOL нагадвае, што ў Літве прапанавалі падоўжыць тэрмін дзеяння віду на жыхарства для тых беларусаў, якія не могуць паехаць на радзіму праз рызыку трапіць у турму. Ініцыятарам такой прапановы стала міністарка ўнутраных справаў Літвы Агне Білатайце. Калі папраўка да закону будзе прынятая, тэрмін дзеяння часовага дазволу на пражыванне ў краіне для замежнікаў будзе падоўжаны да 3 гадоў.
Народныя амбасады Беларусі пры ўдзеле Офісу Святланы Ціханоўскай і Аб’яднанага пераходнага кабінету стварылі сайт pashpart.org, на якім можна знайсці падрабязныя інструкцыі аб парадку атрымання праязнога дакументу замежніка са спасылкамі на законы 29 краінаў, у якіх існуе такая магчымасць.
Зміцер Міраш belsat.eu