Днямі ў Літве прадставяць праект павелічэння тэрміну дзеяння пашпарта замежніка


Бліжэйшымі днямі Міністэрства ўнутраных справаў Літвы ўнясе ў Сейм законапраект аб павелічэнні тэрміну дзеяння пашпарта іншаземца, які выдаецца ў краіне. Пра гэта заявіла кіраўніца МУС Агне Білатайце ў інтэрв’ю «BNS». Раней тэрмін дзеяння такога пашпарта хацелі павялічыць да трох гадоў.

Літоўскі пашпарт.
Фота: Белсат

«У бліжэйшы час мая прапанова да Закону аб прававым становішчы замежнікаў будзе зарэгістраваная альбо мной, альбо супольна з маімі калегамі. І будуць прапановы падоўжыць тэрмін дзеяння пашпарта замежніка. Вядома, гаворка ідзе не пра ўсіх, а пра выбраных асобаў, якія сапраўды пераследуюцца і дакладна не могуць вярнуцца ў Беларусь», – сказала Агне Білатайце.

Цяпер пашпарты іншаземца ў Літве выдаюцца на год, аднак раней сцвярджалася, што тэрмін іх дзеяння могуць павялічыць да трох гадоў. Зарэгістраваць гэтую папраўку ў Сейм плануецца днямі.

Hавiны
Літва можа павялічыць тэрмін дзеяння пашпартоў замежнікаў для беларусаў да трох гадоў
2023.09.11 19:00

Аднак пакуль не зразумела, ці будзе праект нешта мяняць ва ўмовах выдачы пашпарта замежніка.

«Пазіцыя Міністэрства ўнутраных справаў такая, што пашпарты іншаземцаў павінны выдавацца асобам, якія пацярпелі або зазнаюць пераслед з боку рэжыму. Для таго, каб гэты працэс працаваў, павінен быць механізм, у якім удзельнічалі б і Міністэрства замежных справаў, і Дэпартамент дзяржбяспекі», – адзначыла міністарка замежных справаў Літвы.

Таксама раней у літоўскім Дэпартаменце міграцыі заявілі, што беларусы, якія ўцякалі ад рэжыму Лукашэнкі, змогуць атрымліваць пашпарты замежнікаў. Але, паводле іх, гэта датычыць толькі тых, хто не можа вярнуцца ў Беларусь з палітычных ці гуманітарных прычынаў.

Таксама Народныя амбасады Беларусі пры ўдзеле Офісу Святланы Ціханоўскай і Аб’яднанага пераходнага кабінету стварылі сайт pashpart.org, на якім можна знайсці падрабязныя інструкцыі аб парадку атрымання праязнога дакументу замежніка са спасылкамі на законы 29 краінаў, у якіх існуе такая магчымасць.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў