Еўракамісія на сваім сайце апублікавала тлумачэнні, што тычацца санкцыйнага рэжыму супраць Расеі. З гэтай інструкцыі вынікае, што асабістыя рэчы расейскіх грамадзянаў могуць прызнаць незаконным імпартам і сканфіскаваць: ад шампуняў да аўтамабіляў.
Санкцыі ЕЗ супраць Расеі прадугледжваюць забарону на імпарт і экспарт пэўнай прадукцыі. Еўракамісія растлумачыла, што гэта тычыцца таксама рэчаў, якія расейцы вязуць з сабою нават падчас турыстычных паездак. То бок перасячэнне мяжы на зарэгістраваным у Расеі легкавіку з асабістым смартфонам лічыцца імпартам у ЕЗ.
«Не мае значэння, ці з’яўляецца выкарыстанне транспартавых сродкаў прыватным або камерцыйным, калі яны падпадаюць пад мытны код CN 8703 і вывозяцца з Расеі. Гэта тычыцца транспартавых сродкаў з расейскімі нумарамі і зарэгістраваныя ў Расеі. Працягласць іхнага перабывання ў ЕЗ значэння таксама не мае», – гаворыцца ў тлумачэнні.
Мытным кодам 8703 абазначаюцца аўтамабілі, разлічаныя максімум на 10 пасажыраў.
Раней медыі пісалі пра выпадкі арышту ў Нямеччыне прыватных аўтамабіляў з расейскімі нумарамі. Улады спасылаліся на выкананне санкцыяў.
Юрысты звяртаюць увагу, што незаконным імпартам у ЕЗ могуць палічыць увоз любых рэчаў з санкцыйных пералікаў. А ў спісах – багата ўсяго, у тым ліку касметыка, валізы, ноўтбукі, мабільныя тэлефоны, вырабы са скуры і футра, напаўкаштоўныя і каштоўныя камяні, туалетная папера, шампуні, зубныя пасты, прычэпы і паўпрычэпы, фотакамеры. Усё гэта ў расейскіх грамадзянаў могуць сканфіскаваць.
Сяргей Крот belsat.eu