8 ліпеня прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў пракаментаваў вяртанне з Турцыі пяцярых камандзіраў батальёна «Азоў» як парушэнне дамоўленасцяў – як з украінскага, так і з турэцкага боку, бо яны павінны былі знаходзіцца на тэрыторыі Турцыі «да канца канфлікту».
Паводле словаў Дзмітрыя Пяскова, вяртанне ўкраінскіх камандзіраў «з’яўляецца не чым іншым, як прамым парушэннем умоваў дамоўленасцяў, якія мелі месца».
Прэс-сакратар прэзідэнта Расеі таксама адзначыў, што гэтае рашэнне звязана з праваламі ў контрнаступе ўкраінскай арміі, з якімі «войскі кіеўскага рэжыму» сутыкаюцца штодзённа.
«У кантэксце падрыхтоўкі да саміту НАТО на Турцыю аказваўся вялікі ціск, а Анкара як сябра альянса праяўляе з ім салідарнасць, РФ усё цудоўна разумее. Аднак парушэнне дамоўленасцяў нікога не ўпрыгожвае», – падкрэсліў Дзмітрый Пяскоў.
Таксама кіраўнік прэс-службы Уладзіміра Пуціна зазначыў, што Расею ніхто не папярэдзіў аб перадачы камандзіраў «Азова» Украіне. «Па ўмовах дамоўленасцяў яны павінны былі знаходзіцца на тэрыторыі Турцыі да моманту заканчэння канфлікту», – сказаў Дзмітрый Пяскоў.
Пры гэтым па вяртанні ва Украіну камандзір «Азова» Дзяніс Пракапенка зрабіў заяву аб тым, што плануе вярнуцца на фронт: «Я глыбока перакананы, што армія – гэта камандная праца. І з сённяшняга дня мы разам з вамі працягнем змагацца. Мы абавязкова скажам сваё слова ў баі», – адзначыў камандуючы «Азовам», выступаючы перад журналістамі ў Львове.
Нагадаем, 8 ліпеня палонныя ваенныя камандзіры, якія стаялі на абароне «Азоўсталі», вярнуліся ва Украіну. «Вяртаемся дадому з Турцыі і вяртаем дадому нашых герояў. Украінскія воіны Дзяніс Пракапенка, Святаслаў Паламар, Сяргей Валынскі, Алег Хаменка, Дзяніс Шлега нарэшце будуць з роднымі», – напісаў Уладзімір Зяленскі ў сваім тэлеграм-акаўнце.
У верасні 2022 года ў рамках абмену з расейскім бокам былі вызваленыя 215 украінскіх абаронцаў, сярод якіх былі і камандзіры «Азоўсталі». Пяцёра камандзіраў пасля вызвалення засталіся на тэрыторыі Турцыі пад асабістыя гарантыя абароны і бяспекі Рэджэпа Эрдагана.
Раман Шавель belsat.eu