Агулам па стане на 6 жніўня ў Беларусі за кратамі знаходзяцца 610 палітычных зняволеных.
4 жніўня ў Беларусі пасля ператрусаў былі затрыманы грамадскі дзеяч, філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч і сацыёлаг, старэйшы аналітык Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Таццяна Вадалажская. Яны дагэтуль знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання ГУУС Менгарвыканкама. У чым іх вінавацяць – невядома.
Сёння, 6 жніўня, праваабарончыя арганізацыі Беларусі прызналі іх палітзняволенымі. Праваабаронцы лічаць, што зняволенне Уладзіміра Мацкевіча і Таццяны Вадалажскай – вядомых навуковых і грамадскіх дзеячаў – «было ўжытае выключна з-за іх перакананняў, а таксама ў сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем правоў і свабодаў».
«Працяг запалохванняў і арыштаў прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, адвольнае пазбаўленне волі сталі звыклай практыкай органаў, закліканых у дэмакратычным грамадстве забяспечваць законнасць і правапарадак.
Свабода і асабістая недатыкальнасць, адны з асноватворных правоў чалавека, перасталі ўспрымацца ўладамі як непарушныя і абавязковыя да павагі і абароны», – канстатуецца ў заяве.
Праваабаронцы заклікаюць неадкладна вызваліць Уладзіміра Мацкевіча,Таццяну Вадалажскую і спыніць крымінальны пераслед у іх дачыненні.
ІІ belsat.eu