Што вядома пра магчымую адстаўку Залужнага і якія наступствы для Украіны гэта будзе мець


Канфлікт паміж прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім і галоўнакамандуючым ЗСУ Валерыем Залужным, які абмяркоўваецца ў публічнай прасторы ўжо некалькі месяцаў, імаверна, дасягнуў сваёй кульмінацыі. Паводле некаторых медыяў, прынцыповае рашэнне аб звальненні Залужнага нібыта ўжо прынятае і можа быць аформлена бліжэйшым часам. Чаму надзвычай папулярны ва Украіне генерал можа страціць сваю пасаду і як гэта адаб’ецца на вайне?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Галоўнакамандуючы ЗСУ Валерый Залужны слухае прамову Уладзіміра Зяленскага падчас цырымоніі з нагоды Дня дзяржаўнасці Украіны на Міхайлаўскай плошчы. Кіеў, Украіна. 28 ліпеня 2023 года.
Фота: Ukrainian Presidential Press Off / Zuma Press / Forum

Гісторыя канфлікту

Рознагалоссі паміж Зяленскім і Залужным маюць доўгую гісторыю. Упершыню інфармацыя пра напружанасць у стасунках Офісу прэзідэнта Украіны і камандавання ЗСУ ўзніклі яшчэ ў жніўні 2022 году. Тады ў медыях сталі з’яўляцца ўкіды, што Залужнага нібыта хочуць пазбавіць магчымасці беспасярэдне кіраваць ваеннымі аперацыямі і перавесці ў Міністэрства абароны. Улады вельмі хутка зняпраўдзілі гэтыя ўкіды і ўвогуле доўгі час рабілі ўсё, каб інфармацыя аб унутраных спрэчках не выходзіла за межы чутак. Аднак у лістападзе 2023 году стасункі галоўнакамандуючага ЗСУ і прэзідэнта рэзка абвастрыліся, пасля чаго канфлікт выплеснуўся ў публічную прастору.

Усё пачалося з таго, што Залужны даў рэзананснае інтэрв’ю выданню «The Economist». Генерал шчыра апавёў, што сітуацыя на фронце зайшла ў пазіцыйны тупік, а гэта рэзка кантраставала з публічнаю рыторыкаю Зяленскага, які прытрымліваўся значна больш аптымістычных ацэнак. Выказванні генерала вельмі не спадабаліся прэзідэнту Украіны. Зяленскі адкрыта выказаў сваю нязгоду са словамі Залужнага, а потым пайшоў на неадназначныя кадравыя рашэнні, у якіх шмат хто ўбачыў спробу падарваць пазіцыі галоўкама. Выданне «Украінская праўда» са спасылкай на свае крыніцы распавядало, што Зяленскі ў абыход Залужнага фактычна стварыў паралельныя трэкі для камунікацыі з камандзірамі розных відаў войска, што дэстабілізуе працу галоўнакамандуючага ЗСУ.

У канцы лістапада інфармацыйную кампанію супраць Залужнага распачала дэпутатка Вярхоўнай Рады з прапрэзідэнцкай партыі «Слуга народу» Мар’яна Бязуглая, якая абвінаваціла галоўнакамандуючага ў адсутнасці плану вайны на 2024 год і заклікала да ягонай адстаўкі. Ва ўкраінскім грамадстве яе заявы былі ўспрыняты як прамацванне глебы з боку адміністрацыі Зяленскага наконт магчымага звальнення Залужнага.

У публічных выступах украінскі прэзідэнт стараўся абыходзіць усе вострыя вуглы: ён ніколі не прызнаваў ні сам факт канфлікту, ні намер змясціць галоўнакамандуючага ЗСУ. Разам з тым, незадаволенасць і нават раздражненне генералам станавіліся ўсё больш прыкметныя ў рыторыцы Зяленскага. У інтэрв’ю брытанскаму таблоіду «The Sun» ён заўважыў, што вайскоўцы, якія збіраюцца займацца палітыкаю, не маюць «займацца вайною». «Пры ўсёй павазе да генерала Залужнага і да ўсіх камандзіраў на полі бою, ёсць абсалютнае разуменне іерархіі», – заявіў прэзідэнт, у чым шмат хто ўбачыў адкрыты папрок у бок галоўнакамандуючага ЗСУ.

Паводле шэрагу медыяў, першапрычынай канфлікту прэзідэнта і генерала з’яўляецца рэўнасць Зяленскага да шалёнай папулярнасці Залужнага ў народзе: з электаральнага пункту гледжання сёння толькі галоўнакамандуючы ЗСУ мог бы кінуць выклік дзейнаму прэзідэнту. Праўда, іншыя кажуць, што канфлікт мае абсалютна рацыянальныя асновы: магчыма, Зяленскі і Залужны проста па-рознаму ацэньваюць далейшыя перспектывы вайны з Расеяй і па-рознаму бачаць стратэгію Украіны.

Аналітыка
Праслухоўванне Залужнага: што вядома і якія наступствы для Украіны можа мець гэты скандал
2023.12.18 17:22

Рэпетыцыя адстаўкі

Увечары 29 студзеня 2024 году шэраг аўтарытэтных украінскіх медыяў, журналістаў і палітыкаў паведамілі са спасылкай на ўласныя крыніцы, што Залужнага адпраўляюць у адстаўку. Прыкладна праз паўтары гадзіны з’явіліся першыя афіцыйныя заявы, у якіх інфармацыя пра звальненне зняпраўджвалася.

Неўзабаве стала зразумела, што чуткі пра адстаўку ўсё-ткі з’явіліся не на пустым месцы. Медыям стала вядома, што 29 студзеня Зяленскі запрасіў Залужнага да сябе на Банкавую (на гэтай вуліцы ў Кіеве месціцца будынак Офісу прэзідэнта), дзе ў прысутнасці міністра абароны Рустэма Умерава паведаміў генералу, што прыняў рашэнне аб ягоным звальненні.

Паводле «The Washington Post», Зяленскі сказаў Залужнаму, што ўкраінцы стаміліся ад вайны і што краіны-саюзнікі Украіны замарудзілі вайсковую дапамогу, таму новы галоўнакамандуючы ЗСУ мог бы «асвяжыць» сітуацыю. Крыніцы выдання сцвярджаюць, што між Зяленскім і Залужным таксама ўзніклі рознагалоссі наконт таго, колькі чалавек трэба мабілізаваць Украіне ў гэтым годзе: генерал нібыта прапануе 500 тысяч, а Зяленскі лічыць такую колькасць немэтазгоднай з улікам дэфіцыту зброі, навучальных пляцовак і нават вайсковай формы, а таксама патэнцыйных цяжкасцяў набору людзей.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фрэска з выявай Валерыя Залужнага бачная на сцяне блокпасту ў Херсоне, Украіна. 24 кастрычніка 2023 года.
Фота: Ukrinform / East News

Падчас размовы, якую крыніцы Бі-Бі-Сі і CNN апісваюць як «спакойную», прэзідэнт прапанаваў Залужнаму іншую пасаду. Якую – дакладна невядома. Паводле Financial Times, гаворка ішла пра пасаду дарадцы па абароне, паводле «The Economist» – сакратара Рады нацыянальнай бяспекі і абароны. Аднак Залужны ў любым выпадку адмовіўся. Як піша CNN, у адказ на гэта Зяленскі сказаў, што адмова генерала не паўплывае на рашэнне аб адстаўцы.

Трошкі іншую версію прапануе «The New York Times»: прэзідэнт Украіны планаваў звольніць Залужнага, але змяніў рашэнне пасля таго, як інфармацыя патрапіла ў публічную прастору (украінскае выданне NV удакладняе: пасля шуму ў медыях умяшаліся заходнія партнёры). Цяпер улады «запавольваюць працэс», цытуе NYT ўкраінскага чыноўніка.

«The Times» сцвярджае, што насамрэч працэс затармазіў той факт, што камандуючы Сухапутным войскам ЗСУ Аляксандр Сырскі і кіраўнік ГУР Мінабароны Кірыл Буданаў, якіх Зяленскі нібыта разглядаў у якасці прэтэндэнтаў на пасаду галоўкама, нібыта адмовіліся заняць месца Залужнага. Пра вырашальную ролю Сырскага і Буданава піша таксама газета «Bild».

Што далей

Паводле крыніцаў CNN, указ аб адстаўцы Залужнага можа з’явіцца да канца тыдня. Ні пацвердзіць, ні зняпраўдзіць гэтыя звесткі немагчыма.

Нельга выключаць, што Зяленскі ўсё-ткі адкладзе рашэнне да больш зручнага моманту. Тут варта ўспомніць, як прэзідэнт Украіны летась звальняў міністра абароны Аляксея Рэзнікава. Чуткі пра адстаўку міністра з’явіліся ў пачатку 2023 году, тэма актыўна абмяркоўвалася, у медыі нават трапіла імя таго, хто мусіць заняць гэтую пасаду – тады таксама гаворка ішла пра Кірыла Буданава. Потым размовы пра адстаўку надоўга сціхлі і ў выніку важная кадравая перастаноўка адбылася толькі ў верасні 2023-га, праз восем месяцаў пасля «рэпетыцыі».

Аналітыка
Рэха «камунікацыйнага правалу». Што азначае адстаўка міністра абароны Украіны
2023.09.05 08:00

Сыход Залужнага таксама можа адбыцца не адразу. Аднак выглядае на тое, што гэта выключна пытанне часу. Падзеі апошніх месяцаў паказалі, што генерал і прэзідэнт наўрад ці здольны пераадолець свае рознагалоссі. Калі звесткі медыяў пра абставіны размовы 29 студзеня адпавядаюць рэчаіснасці, то ў прынцыпе цяжка сябе ўявіць, што Залужны і Зяленскі змогуць нармальна працаваць разам пасля таго, як галоўнакамандуючаму ЗСУ адкрыта заявілі, што яго не жадаюць бачыць на гэтай пасадзе.

Разам з тым, Зяленскі, безумоўна, зацікаўлены ў тым, каб мінімізаваць негатыўныя наступствы свайго рашэння. А на гэта сапраўды можа спатрэбіцца час.

Магчымыя наступствы

Рашэнне аб звальненні Залужнага выглядае досыць рызыкоўным адразу па некалькіх прычынах.

Па-першае, гэта можа адмоўна паўплываць на аўтарытэт уладаў і ўнутранае адзінства. Сацыялагічныя апытанні паказваюць, што большасць украінцаў (60%) з’яўляюцца прыхільнікамі адначасова і Залужнага, і Зяленскага. Аднак рэйтынг даверу ў Залужнага значна вышэй, чым у Зяленскага – 88% супраць 62%. Супраць адстаўкі галоўнакамандуючага ЗСУ выступаюць 72% украінцаў. То бок гаворка ідзе пра вельмі непапулярны крок. Таму Зяленскі, безумоўна, быў зацікаўлены ў тым, каб сыход Залужнага выглядаў самастойным рашэннем генерала, а не вынікам ягонага канфлікту з прэзідэнтам.

Па-другое, адстаўка галоўнакамандуючага ЗСУ можа негатыўна адбіцца на стасунках з саюзнікамі, бо ў вачах Захаду Залужны мае вялікі прафесійны аўтарытэт, яму давяраюць. Сам факт таго, што чуткам пра сыход Залужнага на гэтым тыдні прысвяцілі матэрыялы амаль што ўсе найбуйнейшыя сусветныя медыі, сведчаць пра тое, якое значэнне тэма мае для заходняй аўдыторыі. А менавіта ад падтрымкі Захаду ў значнай ступені залежыць будучыні Украіны ў гэтай вайне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі абдымае Галоўнакамандуючага ЗСУ Валерыя Залужнага падчас уручэння яму падарунка з пісталетам пасля брыфінгу. Дняпро, Украіна. 27 ліпеня 2023 у года.
Фота: Pool / Ukrainian Presidential / Zuma Press / Forum

У трэціх, ніхто не ведае, як адстаўка галоўнакамандуючага ЗСУ паўплывае на маральна-псіхалагічны стан войска, якасць кіравання і аператыўных рашэнняў. Бо Залужны не толькі надзвычай папулярная асоба ва Украіне, так званая «агульнадзяржаўная ікона», але і, магчыма, самы таленавіты военачальнік свайго часу.

Хто зойме ягонае месца? Медыі паведамляюць пра двух найбольш імаверных кандыдатаў – Сырскі і Буданаў.

Прызначэнне Буданава на пасаду галоўкама выглядае як досыць авантурная ідэя. Ён спецслужбіст і не мае досведу кіравання буйнымі армейскімі злучэннямі. Паводле звестак галоўнага рэдактара «Цензор. нет» Юрыя Бутусава, Буданаў нават узводам ніколі не камандаваў – ён у свой час быў толькі камандзірам групы спецназу. Пры гэтым ягоныя спробы падчас вайны арганізаваць агульнавайсковыя аперацыі на востраве Змяіны і ў Энэргадары былі на рэдкасць няўдалыя, зазначае Бутусаў.

Прызначэнне Сырскага выглядала б больш лагічна і абгрунтавана. «The Economist» называе яго «адным з самых дасведчаных афіцэраў арміі, які быў аператыўным мозгам» двух бліскучых перамог над Расеяй у 2022 годзе: пад Кіевам і ў Харкаўскай вобласці. Медыі часам называлі яго самым паспяховым палкаводцам XXI стагоддзя. «Генерал Сырскі карыстаецца вялікай павагай. Многія гавораць аб яго мэтанакіраванасці, рашучасці і ваеннай хітрасці», – распавядала летась у сваім рэпартажы BBC.

Разам з тым, іншыя крыніцы наракаюць на тое, што Сырскі неабгрунтавана чапляўся за Бахмут, што прывяло да непатрэбных чалавечых стратаў. «Ягоны жорсткі падыход да вядзення баявых дзеянняў зрабіў яго непапулярным сярод вайскоўцаў. Летась ён ахвяраваў загартаванымі ў баях камандзірамі падчас, магчыма, бессэнсоўнай абароны невялікага гораду Бахмут», – сцвярджае выданне «The Economist».

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў