news
Агляд

Без права на песімізм. Пра што на прэс-канферэнцыі казаў Уладзімір Зяленскі

Галоўны мэсідж: Украіна не пойдзе на саступкі і кампрамісы ў супрацьстаянні з Расеяй.
19.12.202323:07

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ўвечары 19 снежня даў вялікую прэс-канферэнцыю, падчас якой падсумаваў вынікі 2023 году і выказаўся наконт перспектываў Украіны ў 2024 годзе. Галоўны мэсідж прэзідэнта: Украіна не пойдзе на саступкі ў супрацьстаянні з Расеяй і не адмовіцца ад задачы адваяваць усе акупаваныя тэрыторыі.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас прэс-канферэнцыі ў Кіеве, Украіна. 19 снежня 2023 года.
Фота: Sergei Supinsky / AFP / East News

Ні кроку назад

Прэс-канферэнцыя Уладзіміра Зяленскага адбылася ў вельмі трывожны час, на фоне крызісу заходняй дапамогі. Кангрэс ЗША ніяк не можа ўхваліць новую фінансавую дапамогу для Украіны, а вылучаныя раней грошы неўзабаве мусяць скончыцца. Еўразвяз праз вета Вугоршчыны на нядаўнем саміце таксама не здолеў вылучыць грошы на падтрыманне Украіны. У ЗСУ цяпер адкрыта наракаюць на скарачэнне замежнай дапамогі і карэктаванне франтавых аперацыяў з улікам гэтых праблемаў. Раніцай 19 снежня агенцтва Bloomberg апублікавала артыкул, які вельмі добра характарызуе настроі апошніх тыдняў: «А што калі Пуцін перамагае? Саюзнікі ЗША асцерагаюцца паразы – у той час як дапамога Украіне спынена».

Падчас прэс-канферэнцыі 19 снежня Зяленскі імкнуўся развеяць алармісцкія настроі, прадэманстраваць сваю стойкасць і веру ў перамогу. На пытанне журналісткі BBC, ці лічыць ён, што цяперашнія негатыўныя тэндэнцыі могуць прывесці да паразы ў вайне, Зяленскі адназначна заявіў: «Не, я гэтак не лічу». Ён нагадаў, што ў 2022 годзе Украіна была ў больш цяжкой сітуацыі, але выстаяла. «Цяпер у нас іншая сітуацыя. Рызыка, пра якую вы кажаце, ёсць. Але трэба змагацца і верыць, не словам, а справамі набліжаць перамогу», – адзначыў ён.

Зяленскі выказаў упэўненасць, што саюзнікі не кінуць Украіну і вылучэнне дадатковай дапамогі – толькі пытанне часу.

«Я ўпэўнены, што ЗША нам не здрадзяць», – заявіў ён.

Зяленскі даў зразумець, што няўдача ўкраінскага контрнаступу ў 2023 годзе і крызіс заходняй дапамогі не прымусілі афіцыйны Кіеў змяніць пазіцыю ў прынцыповых пытаннях вайны і міру. Прэзідэнт Украіны не адмаўляцца ад стратэгічнай задачы выйсці да межаў 1991 году, ён падкрэсліў, што павінен абараняць усю краіну, у тым ліку акупаваны Данбас і Крым. Выключыў Зяленскі і кампраміс з частковым далучэннем да NATO: то бок уступленне ў Альянс толькі ў межах тых тэрыторыях, якія цяпер Украіна кантралюе. Прэзідэнт выказаўся наконт гэтай прапановы вельмі рэзка, назваўшы яе трызненнем.

Перамовы з Расеяй Зяленскі лічыць магчымым толькі на падставе ўкраінскай формулы міру, але ўмовы для гэтага не склаліся. «На сённяшні дзень пытанне аб перамовах з Расеяй не актуальнае. У іх рыторыцы мы бачым толькі нахабства і забойствы», – падкрэсліў ён.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі дае прэс-канферэнцыю ў Кіеве, Украіна. 19 снежня 2023 года.
Фота: Sergei Supinsky / AFP / East News

Зяленскі таксама адмовіўся прызнаць, што Украіна збіраецца перайсці да стратэгічнай абароны. Пры гэтым ад адказу на пытанне аб задачах на фронце на 2024 год ён ухіліўся. «Я не магу сказаць аб нашых мэтах. У нас былі цяжкасці на поўдні Украіны, таму што ўсе гаварылі і дэталёва абмяркоўвалі нашыя мэты. Прабачце, але яно гэтак не працуе», – адзначыў прэзідэнт.

Песімізм – недазваляльная раскоша

Разам з тым, дэманстрацыя бескампраміснасці і веры ў перамогу не магла схаваць той факт, што ўпэўненасці ў будучыні ў Зяленскага ўсё-ткі паменшылася. Напрыклад, насуперак сваім заявам аб надзейнасці заходніх саюзнікаў, ён прызнаў, што ў выпадку перамогі Доналда Трампа на выбарах ЗША палітыка Белага дому можа змяніцца і гэта будзе мець негатыўныя наступствы для Украіны.

«Калі палітыка наступнага прэзідэнта, якім бы ён ні быў, будзе іншай, халаднейшай, ці больш эканомнай, то, я думаю, гэтыя сігналы вельмі моцна паўплываюць на ход вайны ва Украіне», – адзначыў ён.

Адказваючы на пытанне, калі скончыцца вайна, Зяленскі заявіў, што цяпер гэтага ніхто не ведае. Свае разважанні ён адразу перавёў у кірунак баявога духу грамадства, якое не мае права паддавацца песімістычным настроям.

«Вайна, перамога, параза, стагнацыя залежыць ад шматлікіх рашэнняў, шматлікіх рызыкаў, шматлікіх кірункаў. Але ў большасці сваёй ад нас з вамі. Калі мы не страцім нашу стойкасць, то завершым вайну раней. Калі не страцім наш дух.

Можна жыць са скепсісам, але можна і краіну пра…, прабачце, са скепсісам. А я да гэтага не гатовы. І я ведаю, што такіх як я, вельмі шмат – мільёны. Не гатовы мы аддаць нашую краіну. З першага дня да апошняга так і будзе. Калі мы захаваем усе гэтыя мэты, усё, што ў нас ёсць, усё, што мы можам, а зробім значна больш, чым кожны з нас можа, я ўпэўнены, мы зможам наблізіць гэтую перамогу», – заявіў ён.

Стасункі з Залужным і мабілізацыя

Падчас прэс-канферэнцыі ніхто не запытаў Зяленскага пра скандал з праслухоўваннем галоўнакамандуючага ЗСУ Валерыя Залужнага, што напярэдадні стала галоўнай тэмай для ўсіх украінскіх медыяў. Але пра стасункі з Залужным яму ўсё-ткі прыйшлося выказацца.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі дае прэс-канферэнцыю ў Кіеве, Украіна. 19 снежня 2023 года.
Фота: Sergei Supinsky / AFP / East News

Прэзідэнт Украіны яўна не хацеў паглыбляцца ў гэтую тэму і адказаў на пытанне журналіста досыць расплывіста. «З Залужным у мяне працоўныя стасункі. Ён павінен адказваць на вынікі на поле бою як глаўкам», – адзначыў ён, дадаўшы, што «ёсць шмат там пытанняў».

Мяркуючы па тону выказванняў Зяленскага можна было зрабіць выснову, што пэўнае напружанне ў стасунках з Залужным цяпер сапраўды існуе.

Разам з тым, украінскі прэзідэнт пастараўся асцярожна абысці ўсе вострыя вуглы і не даў нагоды западозрыць сябе ў намеры змясціць Залужнага. Ён фактычна дыстанцыяваўся ад дзеянняў дэпутаткі Вярхоўнай Рады з прапрэзідэнцкай партыі «Слуга народу» Мар’яны Бязуглай, якая жорстка крытыкуе галоўнакамандуючага ЗСУ і заклікае да ягонай адстаўкі. «Залужны – мой прадстаўнік, як і ўсе, каго я прызначаў», – адзначыў ён, даўшы зразумець, што пазіцыя Бязуглай не з’ўляецца афіцыйнай пазіцыяй ягонай адміністрацыі.

Выказаўся Зяленскі і па яшчэ адным вострым для ўкраінскага грамадства пытанні – наконт мабілізацыі. Ён распавёў, што пакуль не знайшоў паразумення з армейскім камандаваннем на гэты конт. Паводле прэзідэнта, вайскоўцы папрасілі яго аб дадатковай мабілізацыі 450-500 тысяч чалавек.

«Гэта вельмі сурʼёзная лічба. Я сказаў, што мне трэба больш аргументаў, каб падтрымліваць гэты напрамак», – сказаў Зяленскі.

Ён прапанаваў штабу дапрацаваць план, каб ён улічваў не толькі прыцягненне новых вайскоўцаў, але і ратацыю (дэмабілізацыю) тых, хто служыць ужо каля двух гадоў. Паводле ягоных словаў, у гэтых адносінах важна захоўваць справядлівасць.

Зяленскі таксама заявіў, што кошт мабілізацыі такой колькасці людзей складзе каля 500 млрд грыўняў (каля USD 13 млрд) і таму ўзнікае пытанне, адкуль узяць грошы.

Глеб Нержын belsat.eu