Манеўр (без) Орбана. Украіну запрасілі ў Еўразвяз, але грошай пакуль не далі


На саміце Еўразвязу ў Бруселі Украіну і Малдову афіцыйна запрасілі да перамоваў наконт сяброўства ў ЕЗ. Вугорскі прэм’ер-міністр Віктар Орбан не стаў блакаваць гэтага гістарычнага рашэння, затое наклаў вета на фінансавую дапамогу Украіне. Лідары Еўразвязу абяцаюць неўзабаве развязаць праблему грошай, нават калі рашэнне давядзецца прымаць, абыходзячы Вугоршчыну.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэм’ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ціснуць адзін аднаму рукі падчас саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Палацы Кангрэсу ў Гранадзе, Іспанія. 5 кастрычніка 2023 года.
Фота: Abaca Press / Forum

Фактар Орбана

Каталізатарам еўраінтэграцыйных працэсаў для Украіны і Малдовы сталася поўнамаштабная расейская агрэсія ў лютым 2022 года. Кіеў і Кішынэў падалі заяўку на далучэнне да Еўразвязу, і ў чэрвені 2022 года ім надалі статус кандыдатаў.

Тое, што цяпер Украіну і Малдову афіцыйна запрасілі да перамоваў, нельга лічыць неспадзяванкай. Аўтарытэтныя заходнія медыі яшчэ некалькі месяцаў таму апавядалі, што Брусель цвёрда намераны зрабіць гэта на снежаньскім саміце. Аднак шлях да рашэння быў няпросты, найперш з прычыны рэзка негатыўнай пазіцыі Вугоршчыны.

Вугорскі прэм’ер-міністр Віктар Орбан увесь час настойваў, што Украіна не гатовая да перамоваў, у тым ліку праз тое, што вынікі канфлікту з Расеяй яшчэ не вядомыя. «Мы не ведаем памеру тэрыторыі гэтай краіны, бо яна ўсё яшчэ ў стане вайны, і мы не ведаем, якое яе насельніцтва, бо яно ўцякае… Прыняць краіну, не ведаючы яе параметраў, было б беспрэцэдэнтна», – заявіў у канцы верасня палітык, выклікаўшы хвалю абурэння ў Кіеве. Таксама ён вінаваціў Украіну ў карупцыі ды нібыта парушэнні правоў этнічных вугорцаў. Праўда, напярэдадні саміту Орбан заявіў журналістам, што ягоная пазіцыя – «не зусім вета». Гэтыя словы падарылі надзею на станоўчы вынік у Бруселі.

Вугоршчына сваёй пазіцыі наконт Украіны не змяніла, але і накладаць вета не стала. Галасаванне ў Бруселі адбылося без удзелу Орбана, які на гэты час наўмысна выйшаў з залы. З ідэяй даць магчымасць вугорскаму прэм’еру ўхіліцца ад галасавання выступіў канцлер Нямеччыны Оляф Шольц. Як патлумачыў вугорскі ўрад, зрабілі гэта, «каб пазбегчы супрацы ў прыняцці памылковага, на нашую думку, рашэння».

У выніку фармальна ніхто не выступіў супраць пастановы пра пачатак перамоваў з Украінай і Малдовай, а таксама пра наданне статусу кандыдата для Грузіі.

«Юрыдычна гэта абсалютна адпавядае правілам. Так, мы прынялі пастанову без прысутнасці Орбана, але не за ягонаю спінай. Ён ведаў, што адбудзецца галасаванне наконт гэтай пастановы, і выйшаў з пакою», – адзначыў прадстаўнік каманды прэзідэнта Еўрапейскай рады Шарля Мішэля, якога цытуе «Українська правда».

Аналітыка
«Захад – ён розны». Вугоршчына ўсё больш адхіляецца ад курсу ЕЗ адносна Пуціна і Лукашэнкі
2023.10.25 19:40

Гістарычнае рашэнне без канкрэтных тэрмінаў

Шарль Мішэль, які абвесціў пра рашэнне ЕЗ, адзначыў, што гэта «ясны сігнал надзеі для грамадзянаў гэтых краінаў і для нашага кантыненту». Кіраўніца Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен напісала, што 14 снежня «застанецца ў гісторыі нашага Звязу».

«Гэта перамога Украіны. Перамога ўсёй Еўропы. Перамога, якая матывуе, натхняе і ўмацоўвае», – заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

«Сёння Малдова адкрывае новую старонку, атрымаўшы дабро на перамовы аб уступленні ў ЕЗ. Сёння мы адчуваем цёплыя абдымкі Еўропы. Дзякуй за вашае падтрыманне і веру ў тое, што мы здолеем прайсці гэты шлях», – адзначыла прэзідэнтка Малдовы Мая Санду.

«Гэты дзень азначае вялікі крок наперад для Грузіі і нашай еўрапейскай сям’і», – напісала прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі.

Віталі рашэнне ЕЗ і ў Вашынгтоне. «Гэта гістарычны момант для Еўропы і для трансатлантычнага партнёрства», – адзначаецца ў заяве Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША.

Пры гэтым важна разумець, што запрашэнне да перамоваў не азначае старту ўласна перамоваў. Як падкрэсліваюць у Бруселі, перамовы з Украінаю наконт уступлення ў ЕЗ пачнуцца, калі Кіеў выканае ўсе рэкамендацыі, заяўленыя раней Еўракамісіяй. Тэрміны выканання «крокаў для ўступленні ў Еўразвяз» афіцыйна не вызначаныя, як і меркаваная дата пачатку перамоваў.

Еўракамісія цяпер будзе рыхтаваць тэхнічныя аспекты перамоваў, рамкі якіх, імаверна, будуць зацверджаныя ўвесну 2024 года. Перамовы пра далучэнне да ЕЗ могуць зацягнуцца на гады – ніякіх дэдлайнаў тут не існуе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сцягі Украіны і Еўразвязу на Еўрапейскай плошчы ў цэнтры Кіева, Украіна. 15 снежня 2023 года.
Фота: Roman Pilipey / AFP / East News

На гэтым шляху Вугоршчына яшчэ неаднаразова можа стварыць Украіне дадатковыя перашкоды, пра што адкрыта кажуць у Будапэшце. «Можна будзе заблакаваць гэта яшчэ мінімум 75 разоў», – папярэдзіў Орбан.

Вугорскі шантаж

Запрашэнне да перамоваў сталася моцным знакам доўгатэрміновага палітычнага падтрымання Украіны з боку еўрапейскай супольнасці. Разам з тым саміт у Бруселі зноў нагадаў, што заходняя дапамога – з’ява нестабільная. Адразу пасля гістарычнай перамогі Кіеў чакала расчараванне: Вугоршчына наклала вета на фінансавую дапамогу Украіне на суму 50 млрд еўраў да 2027 года. Няўдалыя перамовы еўрапейскіх лідараў працягваліся да глыбокай ночы.

Як і ў выпадку з рэспубліканцамі ў Кангрэсе ЗША, блакаванне дапамогі Украіне Орбан увязвае з развязаннем нутраных пытанняў. Вугорскі прэмʼер спрабуе выкарыстаць украінскую праблему, каб дамагчыся размарожвання 30 млрд еўраў, якія Вугоршчыны мусіла атрымаць з агульнага бюджэту ЕЗ. Раней Еўракамісія заблакавала гэты транш, абвінаваціўшы вугорскія ўлады ў парушэнні прынцыпаў вяршэнства права.

Амаль траціну сумы напярэдадні саміту Брусель размарозіў. Медыі ўспрынялі гэта як спробу задобрыць Орбана, аднак на вылучэнне 50 млрд Украіне вугорскі прэм’ер усё-такі наклаў вета.

Шарль Мішэль паабяцаў, што лідары краінаў ЕЗ вернуцца да пытання дапамогі Украіне ў пачатку наступнага года. Пры гэтым палітык адзначыў, што ў ЕЗ ёсць і нейкі запасны варыянт: «У нашых руках ёсць розныя інструменты, каб пераканацца, што мы выконваем нашыя палітычныя прыярытэты».

Крыніцы NV у Еўракамісіі тлумачаць, што рашэнне можа быць праведзенае 26 краінамі ЕЗ у абыход Вугоршчыны, на ўзроўні двухбаковых пагадненняў паміж урадамі чальцоў Еўразвязу. Ёсць таксама варыянты, як за наступныя гады вылучаць па 1,5 млрд еўраў кожны месяц, каб «не пакінуць Украіны без грошай».

Прэм’ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан размаўляе з медыямі па прыбыцці на саміт ЕЗ у Бруселі, Бельгія. 14 снежня 2023 года.
Фота: Virginia Mayo / AP Photo / East News

Кіраўнікі ўрадаў Эстоніі, Літвы, Бельгіі і Нідэрландаў далі зразумець, што вераць у станоўчае развязанне пытання ўжо ў студзені 2024 года.

«Магу запэўніць вас, што Украіна не застанецца без падтрымання. Ёсць дакладная палітычная воля 26 краінаў даць гэтую дапамогу, і мы знойдзем рашэнне», – заявіла прэмʼер-міністарка Эстоніі Кая Калас.

Яна падкрэсліла: «Я практычна ўпэўненая, што на студзень у нас будзе рашэнне».

Прэмʼер Бельгіі Александэр Дэ Кроў мяркуе, што для супольнай пастановы «трэба яшчэ некалькі тыдняў».

Але пры гэтым еўрапейскія лідары прызнаюць, што альтэрнатыўны шлях (то бок насуперак пазіцыі Вугоршчыны) значна складаней, і яны яшчэ не пакідаюць спробаў дамовіцца з Орбанам. «Магчыма, лепш прыкласці больш намаганняў, каб гэта было рашэннем усіх (27) краінаў», – пракаментаваў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.

«У мяне – асцярожны аптымізм адносна таго, што мы здолеем дабіцца прарыву разам з Вугоршчынай у пачатку наступнага года», – сказаў журналістам прэмʼер-міністр Нідэрландаў Марк Рутэ.

Орбан разлічвае, што ягоны шантаж усё-такі спрацуе і Вугоршчына ўзамен на зняцце вета атрымае замарожаныя грошы ад Еўракамісіі. «Гэта выдатная магчымасць для Вугоршчыны дакладна даць зразумець, што яна павінна атрымаць усё, што ёй належыць», – заявіў ён.

Імаверна, пазачарговы саміт ЕЗ, дзе будуць развязваць пытанне фінансавання, адбудзецца ў пачатку 2024 года.

Hавiны
Віктар Орбан: Вугорцы больш не дадуць грошай Украіне
2023.06.30 18:48

Іронія і новыя санкцыі

Цікава, што і ў выпадку запрашэння да перамоваў, і ў выпадку вылучэння 50 млрд дапамогі ў ЕЗ узніклі праблемы толькі з Вугоршчынаю. Хаця пэўныя сумневы існавалі таксама наконт Аўстрыі і Славаччыны. У апошняй, напрыклад, на выбарах нядаўна перамагла папулісцкая прарасейская партыя «Smer – SSD», якая крытычна ставіцца да дапамогі Украіне. Аднак сумневы не апраўдаліся. Абедзве краіны ў выніку падтрымалі рашэнні наконт Украіны, не пажадаўшы далучацца да канфрантацыйнай лініі Будапэшту.

Пры гэтым выданне «Politico» звярнула ўвагу на тое, што трук Орбана з выхадам з залы паўтарыў канцлер Аўстрыі Карл Нэгамэр падчас галасавання за 12-ы пакет санкцыяў супраць Расеі. Праўда, крыніцы выдання тлумачаць гэта «збегам акалічнасцяў»: нібыта ў момант галасавання канцлер выйшаў з залы, каб паразмаўляць з Урзуляю фон дэр Ляен. Такое супадзенне «Politico» ахарактарызавала як «іранічнае», улічваючы, што прыняцце 12-га пакету санкцыяў тармазіла якраз Аўстрыя. Вена хацела, каб украінскі бок выключыў са свайго чорнага спісу аўстрыйскую банкаўскую групу «Raiffeisen Bank International», якую называюць «міжнародным спонсарамі вайны» праз шчыльныя сувязі з РФ.

У 12-ы пакет санкцыяў увойдзе забарона на імпарт алмазаў з Расеі са студзеня 2024 года і паэтапная забарона на імпарт расейскіх алмазаў, апрацаваных у трэціх краінах, з сакавіка 2024-га. Таксама ў новы пакет залучылі патрабаванне да еўрапейскіх кампаніяў падаваць доказы таго, што яны прытрымліваюцца цэнавай столі на расейскую нафту.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў