Еўразвяз пачынае перамовы з Малдовай і Украінай пра ўступленне. Вугоршчына была супраць


Еўрапейскія лідары прынялі рашэнне пра пачатак перамоваў з Украінай і Малдовай адносна іх уступлення ў Еўразвяз, а Грузіі далі статус кандыдата. Пра гэта паведаміў кіраўнік Еўрапейскай Рады Шарль Мішэль. 

Сцяг Еўразвязу. Брусель, Бельгія. 21 чэрвеня 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Еўрапейская Рада прыняла рашэнне адкрыць перамовы аб уступленні ў ЕЗ з Украінай і Малдовай. Еўрапейская Рада надала Грузіі статус кандыдата. А з Босніяй і Герцагавінай ЕЗ адкрые перамовы, як толькі будзе дасягнутае неабходная ступень адпаведнасці крытэрам сяброўства, і прапанавала камісіі надаць даклад да сакавіка, каб прыняць такое рашэнне. Ясны сігнал надзеі для іх народаў і для нашага кантынента», – напісаў ён у X.

У сваю чаргу старшыня Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен адзначыла, што гэта «стратэгічнае рашэнне і дзень, які застанецца ў гісторыі нашага Звязу».

«Гэта перамога Украіны. Перамога ўсёй Еўропы. Перамога, якая матывуе, натхняе і ўмацоўвае», – заявіў Уладзімір Зяленскі.

Між тым, як піша The Guardian, прэм’ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан заявіў, што Украіна не гатова пачаць перамовы аб уступленні ў ЕЗ. Паводле яго, пачынаць перамовы аб уступленні з Кіевам «ірацыянальна» ў цяперашніх абставінах.

«Венгрыя не хоча ўдзельнічаць у гэтым дрэнным рашэнні», – сказаў Орбан.

У выніку ён заявіў, што 26 краін могуць ісці сваім шляхам, але Вугоршчына засталася ў баку ад гэтага рашэння.

Рада Еўропы 23 чэрвеня 2022 года падтрымаўла прадастаўленне Украіне і Малдове статусу кандыдатаў на ўступленне ў Еўразвяз. Грузіі тады такі статус нададзены не быў.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў