«Politico»: пра пачатак перамоваў аб далучэнні Украіны да ЕЗ будзе абвешчана ў снежні


Брусель рыхтуецца да пачатку перамоваў аб будучым далучэнні Украіны да Еўразвязу, афіцыйная заява на гэты конт чакаецца ў снежні. Пра гэта паведамляе выданне «Politico» са спасылкай на трох дыпламатаў.

У лістападзе Еўракамісія апублікуе справаздачу аб тым, наколькі Украіна адпавядае ўмовам уступлення ў ЕЗ. Чакаецца, што пасля гэтага еўрапейскія лідары да канца года дадуць Кіеву зялёнае святло на пачатак афіцыйных перамоваў аб далучэнні да ЕЗ.

«Палітычны ціск вакол гэтага будзе занадта моцным, каб асобныя дзяржавы-чальцы гэтаму супрацьстаялі. Працоўная здагадка сапраўды заключаецца ў тым, што да снежня Еўрапейская рада прыме рашэнне пачаць перамовы», – кажа дыпламатычная крыніца выдання.

«Politico» зазначае, што да снежня Украіна, магчыма, выканае не ўсе рэкамендацыі Еўракамісіі, але еўрапейскія лідары ўсё роўна зробяць палітычную заяву, якая санкцыянуе перамовы.

«Мэта – палітычна дамовіцца ў снежні пра пачатак перамоваў», – сказаў другі дыпламат, дадаўшы, што юрыдычнае рашэнне аб прыёме Украіны можа быць прынята да пачатку 2024 года.

Абноўлена
Еўракамісія рэкамендавала надаць Украіне статус кандыдата на сяброўства ў ЕЗ
2022.06.17 14:19

Нагадаем, у чэрвені 2022 году Еўразвяз надаў Украіне статус кандыдата на сяброўства.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў