Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк застаецца ў няволі ўжо 1000 дзён. Больш за палову гэтага тэрміну яна правяла або ў карцары, або ў ШІЗА, або ў памяшканні камернага тыпу, звяртае ўвагу ейны сужэнец Андрэй Шарэнда. 2 кастрычніка пачнецца трэці суд над спадарыняй Палінай.
«Супраць яе ўжываліся ўсе метады псіхалагічнага і фізічнага ціску. Псіхалагічна Паліна трымаецца, але фізічна яе арганізм вельмі аслаблены», – напісаў у Facebook Андрэй Шарэнда.
Паліна Шарэнда-Панасюк за кратамі ўжо 1000 дзён, больш за палову тэрміну яе трымаюць або ў карцары, або ў ШІЗА, або ў памяшканні камернага тыпу.
«2 кастрычніка пачнецца чарговае, ужо трэцяе судзілішча над Палінай. Такім чынам, тэрмін зняволення Паліны становіцца проста бясконцым. І перад кожным новым тэрмінам яе будуць катаваць і здзекавацца ўсё мацней», – адзначыў сужэнец палітзняволенай.
Ён заклікаў грамадскія і праваабарончыя арганізацыі, беларускія дыяспары выказаць салідарнасць з Палінай і «запатрабаваць у дыктарскага рэжыму Лукашэнкі безумоўнага яе вызвалення».
«Гэта можа быць допіс у сацсетках, акцыя падтрымання, афіцыйны зварот, альбо любы іншы жэст салідарнасці. У салідарнасці нашая моц!» – напісаў Шарэнда.
Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі 3 студзеня 2021 года. Яе абвінавацілі ў «гвалце ў дачыненні міліцыянта», «знявазе Лукашэнкі» і «абразе прадстаўніка ўлады». Суддзя Яўген Брэган прызначыў ёй 2 гады калоніі.
Летась у красавіку Паліну судзілі яшчэ раз, паводле артыкулу аб злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы. Вырак, які агучыў суддзя Мікалай Крупадзёраў, – 1 год пазбаўлення волі. З улікам неадбытай часткі пакарання атрымаўся тэрмін 1 год 5 месяцаў.
Пасля гэтага на Шарэнду-Панасюк завялі яшчэ адну крымінальную справу, і зноў за «непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі». Працэс, што пачнецца 2 кастрычніка, будзе весці суддзя Станіслаў Іванюценка.
Сяргей Крот belsat.eu