Святлана Ціханоўская заклікала беларусаў не выконваць патрабаванняў ваенкаматаў


Кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету Святлана Ціханоўская звярнулася да грамадзянаў краіны з нагоды магчымай мабілізацыі. Лідарка дэмакратычнай Беларусі заклікае не выконваць патрабаванняў у выпадку атрымання позваў з ваенкамату.

«Што б ні было пазначана ў мабілізацыйных позвах – не выконвайце таго, што там напісана», – заклікае беларусаў кіраўніца Абʼяднанага пераходнага кабінету Святлана Ціханоўская. Палітык нагадала, што ўлады Крамля распачалі мабілізацыю ў Расеі. Лукашэнка сцвярджае, што ў Беларусі мабілізацыі нібыта не будзе. Але веры яму як палітыку даўно няма. Тым больш, што некаторыя ў краіне ўжо атрымалі позвы з так званымі «мабілізацыйнымі прадпісаннямі».

«Калі вам ужо прыйшла такая, што б ні было ў ёй пазначана – вучэнні, мабілізацыя, прызыў, – не выконвайце таго, што там напісана. Беражыце сябе і родных. Не паддавайцеся на хлусню і маніпуляцыі. Я кажу гэта не толькі як палітык. Я жанчына, я маці. Я ведаю цану чалавечага жыцця і ведаю, як сціскаецца сэрца, калі твае любімыя людзі не ў бяспецы. Паклапаціцеся пра сябе і блізкіх. Бо мае рацыю заўсёды той, хто абараняе сваю сямʼю і дом», – заявіла Святлана Ціханоўская.

Да гэтай заявы далучыўся і прадстаўнік Абʼяднанага пераходнага кабінету ў справе аднаўлення законнасці і правапарадку Аляксандр Азараў. Паводле палітыка, цяпер у Беларусі ўлады карэктуюць мабілізацыйныя планы і ладзяць мерапрыемствы дзеля павышэння мабілізацыйнай гатовасці ўзброеных сілаў. Таму і няма ніякіх гарантыяў, што людзі, якія прыйшлі па атрыманні позваў або з’явіліся на зборы, не акажуцца мабілізаванымі ў найбліжэйшы час.

Hавiны
У ААН заявілі, што не прызнаюць вынікі «рэферэндумаў», якія прайшлі на акупаваных тэрыторыях Украіны
2022.09.30 00:26

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў