Новыя падаткі, заробкі і камуналка. Што чакае беларусаў у студзені


Новы 2023 год прынясе беларусам значныя змены ў самых розных сферах. Карэспандэнты «Белсату» традыцыйна сабралі самыя важныя з тых, што набудуць моц ужо ў гэтым студзені.

Суд над нобэлеўскім лаўрэатам

5 студзеня стартуе працэс у справе «Вясны». Кіраўніка праваабарончага цэнтру, нобэлеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, ягонага намесніка Валянціна Стэфановіча, юрыста Уладзіміра Лабковіча і праваабаронцу Змітра Салаўёва (завочна) абвінавачваюць у тым, што аплачвалі штрафы пратэстоўцаў і паслугі іхных адвакатаў. Справу будзе разглядаць суддзя Марына Запаснік у судзе Ленінскага раёну Менску.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Адкрыццё муралу з партрэтам Алеся Бяляцкага каля амбасады Беларусі ў Вільні.
Фота: Белсат

Вырастуць заробкі і сямейны капітал

З 1 студзеня ў Беларусі з 483 руб. 17 кап. да 554 руб. вырасце мінімальны заробак. Рост складзе 14,7 %.

Таксама з 212 руб. да 228 руб. падвысяць памер базавай стаўкі. Ад яе залежаць заробкі бюджэтнікаў. Акрамя гэтага, падвысяць заробкі некаторых работнікаў адукацыі, а ў медыцыне прадугледжанае «ўдасканаленне ўмоваў аплаты працы работнікаў аховы здароўя».

Акрамя таго, з 1 студзеня памер сямейнага капіталу павялічаць да 30 336 руб. У 2022 годзе ён складаў 25 995 руб.

Адсоткавыя стаўкі па крэдытах знізяцца

У студзені банкі знізяць адсоткавыя стаўкі па некаторых крэдытах для фізічных і юрыдычных асобаў. Гэта звязана з пераглядам разліковых велічынь стандартнай рызыкі (РВСР) – гэта адсоткавая столь па банкаўскіх крэдытах. Са студзеня РВСР для фізічных асоб знізяцца да 18,24 % (цяпер – 18,4 %), а для юрыдычных асоб – да 13,77 % (цяпер – 14,82 %). На гэта павінны арыентавацца банкі, выстаўляючы адсоткавыя стаўкі па некаторых крэдытах на нерухомасць і аўтамабілі на агульных умовах, іх нельга перавышаць.

А на валютным рынку з 1 студзеня мае з’явіцца новаўвядзенне ў спісанні розніцы курсу. Чыноўнікі дазволяць штомесяц уключаць гэтыя сумы ў даходы або выдаткі (у залежнасці ад сітуацыі на валютным рынку). Курсавая розніца – гэта разбежка ў кошце тавару або паслуг, якая ўзнікла праз змену курсу рубля ў адносінах замежных валютаў.

Падаражэе камуналка

У 2023 годзе павінны падаражэць жыллёва-камунальныя паслугі. Раней штогод гэтыя тарыфы даражэлі ў межах 5 долараў у разліку на тыповую двухпакаёвую кватэру з трыма жыхарамі пры нарматыўным спажыванні паслуг. Але цяпер тарыфы адвязалі ад курсу долара.

Референдум, Конституция Республики Беларусь, голосование, изменение Конституции
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Вырастуць падаткі

Са студзеня чыноўнікі хочуць павысіць шмат якія падаткі. Так, з 18 % да 20 % павялічыцца стаўка падатку на прыбытак. Акрамя таго, істотна вырасце адзіны падатак для індывідуальных прадпрымальнікаў і фізічных асоб, якія працуюць без ІП. Напрыклад, для рэпетытараў у Менску – з 82 да 164 рублёў за месяц, а для будаўнікоў – з 292 да 438 рублёў.

У залежнасці ад рэгіёну ад 10 % да 11,1 % вырасце падатак на першую кватэру. Прыкладна на 19 % плануюць падняць зямельны падатак. Вырасце і падаходны падатак для некаторых фізічных асоб. Збор на перавышэнне выдаткаў над прыбыткам павялічыцца да 26 % (быў 20 %).

Са сферы адзінага падатку для ІП выкрасленыя пэўныя віды дзейнасці, стаўкі адзінага падатку для іх вырастуць у 1,5–3 разы і ў 1,5–2,5 разу для самазанятых. Таксама з’явіцца падатак на прафесійны прыбытак самазанятых памерам 10 % і вырастуць стаўкі збору для аграэкасядзіб і рамеснай дзейнасці.

Яшчэ на два гады падоўжаць уведзены ў 2021 годзе павышаны падатак на прыбытак для аператараў сотавай сувязі, мікрафінансавых арганізацыяў, Парку высокіх тэхналогіяў. Апошнія два гады гэты збор складае 30 %, а раней – 18 %. Акрамя таго, плануюць істотна падняць стаўкі акцызаў на алкаголь і цыгарэты. Прыкладна на 19 % падвысяць падатак з уладальнікаў сабакаў, які трэба выплачваць адзін раз на тры месяцы.

Атрымаць пенсію будзе складаней

З 1 студзеня ў Беларусі ўвядуць змены ў разлік пенсіяў. Перыяд, за які бяруць заробак для разліку гэтых выплатаў, падымуць на адзін год – да 29 гадоў бесперапыннага стажу працы. Таксама на паўгода – да 19 гадоў – падвысяць мінімальны страхавы стаж, які патрэбны для атрымання працоўнай пенсіі. Беларусы, якія не выпрацавалі страхавога стажу, не змогуць прэтэндаваць на працоўную пенсію, ім могуць прызначыць толькі сацыяльную.

Пры гэтым 1 студзеня павінна набыць моц Палажэнне аб прадстаўленні і атрыманні інфармацыі аб памеры зарплаты чыноўнікаў. У прыватнасці, што датычыць разліку іх заробкаў за выслугу гадоў.

Навіны з жыллём

З 1 студзеня ўвядуць змены ў дзяржпадтрыманне пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылых памяшканняў. Сярод іншага, змены датычаць грамадзянаў, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў і да 15 студзеня 2022 года атрымалі зямельныя надзелы для будаўніцтва жылых дамоў у мястэчках і вёсках – яны змогуць скарыстацца дзяржаўнай дапамогай.

Новыя правілы для адвакатаў і экскурсаводаў

З 1 студзеня запрацуюць пастановы Міністэрства юстыцыі № 150 і № 151. Яны змяняюць пытанні правядзення кваліфікацыйнага экзамену для грамадзянаў Беларусі, якія маюць намер стаць адвакатамі, а таксама пастанова № 152 аб прафесійнай этыцы асоб, якія надаюць юрыдычныя паслугі.

Таксама з 1 студзеня 2023 года набывае моц новы закон «Аб турызме» і шэраг нарматыўных прававых актаў. Напрыклад, забараняецца правядзенне экскурсіяў без атэстацыі. Таксама вызначаныя выпадкі, калі фізічныя асобы не дапускаюцца да атэстацыі, а пасведчанне анулююць. У выніку, са словаў кіраўніка лукашэнкаўскай адміністрацыі Ігара Сяргеенкі, не будуць працаваць «экскурсаводы, якія прапагандуюць не зразумела якія каштоўнасці».

Акрамя таго, Савет Міністраў вызначыў парадак атрымання дазволу на наданне паслуг у сферы аграэкатурызму.

Ліквідацыя дэпартаменту ліквідацыі

З 1 студзеня скасоўваюцца Дэпартамент ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і адміністрацыя зонаў адсялення. Іх функцыі і задачы перадаюцца Гомельскаму і Магілёўскаму аблвыканкамам. Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік перададуць Міністэрству прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, а «Палессе» і «Радон» – ва ўласнасць Гомельскай і Магілёўскай вобласцяў.

АДКБ – усё

З 1 студзеня Беларусь будзе старшыняваць у Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы. Месца Станіслава Зося на пасадзе генеральнага сакратара АДКБ зойме Імангалі Тасмагамбетаў з Казахстану.

Сяргей Лаўроў, Імангалі Тасмагамбетаў і Уладзімір Пуцін на сустрэчы ў Крамлі ў 2017 годзе.
Фота: kremlin.ru

Але інтэграцыі з Расеяй гэта не спыніць. Так, у другой палове студзеня пройдзе супольная калегія міністэрстваў замежных справаў Беларусі і Расеі, а міністэрствы юстыцыі дзвюх краінаў у студзені плануюць пачаць кансультацыі з нагоды пераходу на электронны дакументазварот.

Змены з самалётамі

«Белавія» з 18 студзеня зменіць расклад палётаў у ААЭ. Частка рэйсаў будзе перанесена з Шарджы ў Дубай. Цяпер больш палётаў выконваецца ў Шарджу, чым у Дубай. А 6 студзеня закрыецца чартарная праграма з Менску ў турэцкую Анталью. Апошні рэйс пасля Новага года забярэ беларускіх турыстаў. У кастрычніку планавалася, што «Белавія» будзе выконваць чартарны рэйс у Анталью раз на тыдзень да пачатку вяснова-летняга сезону.

Якія яшчэ навінкі?

Акрамя гэтага, з 1 студзеня пачне працаваць новая версія інтэграванай аўтаматызаванай сістэмы кантрольнай (нагляднай) дзейнасці. Таксама Міністэрства культуры скарэктуе формы ахоўных абавязкаў і ахоўнай дошкі. З 2 студзеня ўдакладняць парадак вядзення кнігі заўваг і прапаноў. А з 6 студзеня зменяцца нормы харчавання ў дамах-інтэрнатах і санаторыях сістэмы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

28 студзеня пройдзе рэпетыцыйны цэнтралізаваны экзамен – новае выпрабаванне, якое трэба будзе ўпершыню прайсці 11-класнікам 2023 года. Гэта сумяшчэнне выпускнога экзамену і ЦТ. Усяго школьнікам давядзецца здаць два ЦЭ: па беларускай або расейскай мове і матэматыцы.

Макар Мыш / Авер belsat.eu

Стужка навінаў