Гандбольны клуб «Віцязь» з Менску аднаўляецца ў Літве


Гандбольны клуб «Віцязь» абвесціў пра сваё вяртанне на гандбольную пляцоўку. Прыпыніўшы дзейнасць пасля выказвання салідарнасці з пратэстамі ў 2020 годзе, клуб аднаўляецца ў Літве. Аб гэтым паведамляе тэлеграм-канал «Віцязя».

Эмблема гандбольнага клубу «Віцязь».
Фота: «Handball Club “Viciaz”» / Telegram

29 чэрвеня гандбольны клуб «Віцязь» абвесціў пра вяртанне на гандбольную пляцоўку пасля часовага перапынку. Заснаваны ў 2012 годзе ў Менску, гэты спартовы клуб дасягнуў значных поспехаў, перш чым падзеі 2020 года вымусілі яго часова спыніць дзейнасць.

«Выконваючы абяцанне – “Мы яшчэ згуляем”, – ГК “Віцязь” вяртаецца», – гаворыцца ў паведамленні.

На цяперашні момант клуб вядзе перамовы з афіцыйнымі прадстаўнікамі Федэрацыі гандболу Літвы і літоўскай гандбольнай лігай аб тым, каб нашую каманду дапусцілі да ўдзелу ў чэмпіянаце Літвы па гандболе. Таксама ГК «Віцязь» выказаў шчырую падзяку сваім заўзятарам, якія падтрымлівалі клуб падчас яго часовай адсутнасці.

«У жніўні 2020-га мы падтрымалі народ, а вы засталіся з намі. Ваша нязменная падтрымка была крыніцай натхнення і матывацыі, і мы рады, што вы зноў з намі, калі мы разам адпраўляемся ў гэтае захапляльнае падарожжа», – звярнуўся клуб да сваіх прыхільнікаў.

Гандбольная каманда працуе над прыцягненнем да супрацы новых партнёраў і спонсараў і запрашае да кантакту ўсе зацікаўленыя бакі. Прадстаўнікі клубу ўпэўненыя, што такая супраца дапаможа зрабіць гандбольную каманду інструментам яднання беларусаў.

Hавiны
Клуб, які адмовіўся праводзіць матч з-за арышту Леўчанкі, знялі з чэмпіянату
2020.10.01 22:05
Hавiны
Затрымалі галоўнага трэнера гандбольнага клубу «Віцязь»
2021.06.16 13:38
Рэпартаж Дудзінскага: Людзі вайны
«Маю сям’ю бамбуе Расея. Пры чым тут Амерыка?» – Канстанцін Якаўлеў у рэпартажы Дзяніса Дудзінскага
2022.07.03 11:00

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў