Паводле звестак ЗША, больш за 75 тысяч чалавек былі забітыя ці параненыя з расейскага боку з пачатку вайны


Пра меркаваную колькасць загінулых і параненых расейскіх вайскоўцаў паведамілі на закрытым брыфінгу Палаты прадстаўнікоў ЗША са спасылкаю на адміністрацыю Байдэна, піша CNN.

Валнаваха на паўднёвым захадзе Данецкай вобласці пасля абстрэлу. 13 сакавіка 2022 года.
Фота: Stringer / Белсат

У адміністрацыі прэзідэнта ЗША парламентарам распавялі, што больш за 80 % расейскага войска ўгразла, яны стаміліся ад баявых дзеянняў. ЗСУ ў той жа час шукаюць дадатковыя рэзервы, каб пачаць контрнаступленне на поўдні да пачатку зімы.

Афіцыйныя асобы ЗША і Захаду заявілі, што наступныя некалькі тыдняў вайны будуць вызначальныя, бо ўкраінскі бок паспрабуе правесці буйное контрнаступленне на поўдні. Рычард Мур, кіраўнік сакрэтнай выведнай службы Вялікай Брытаніі, таксама заявіў, што расейцы пачнуць страчваць абароты бліжэйшымі тыднямі, бо ў іх заканчваецца ваенная сіла. Амерыканскія і заходнія чыноўнікі лічаць, што Украіна будзе імкнуцца вярнуць Херсон, акупаваны Расеяй з сакавіка.

«Галоўная размова на брыфінгу заключалася ў тым, што яшчэ мы можам і павінны рабіць для ўкраінцаў, літаральна бліжэйшыя тры, шэсць тыдняў, вельмі тэрмінова. Украінцы хочуць рухацца на поўдзень і правесці аперацыі на поўдні. І мы хочам, каб яны былі максімальна паспяховыя», – сказала Эліса Слоткін, сябра Палаты прадстаўнікоў ЗША.

Таксама падчас паседжання гаварылі пра пастаўку Украіне новай зброі.

Сенат ЗША правядзе ўласны брыфінг пра Украіну. Яго планавалі на сёння, 28 ліпеня, але давялося перанесці.

Hавiны
З тэрыторыі Беларусі зноў запусцілі ракеты ў бок Украіны
2022.07.28 08:52

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў