Выведка Украіны: цяпер у Беларусі знаходзіцца каля тысячы расейскіх вайскоўцаў


У Беларусі зараз знаходзіцца каля тысячы расейскіх вайскоўцаў, а верагоднасць сухапутнага нападу пакуль малаверагодная, у адрозненні ад пагроз ракетных удараў з паветра і з зямлі. Пра гэта ў інтэрв’ю «РБК-Украіна» распавёў прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Вадзім Скібіцкі.

Расейская вайсковая тэхніка ў Беларусі.
Фота: Радыё «Свабода»/Telegram

«Тэрыторыя Беларусі нясе нам пагрозу, і на сёння гэта найперш пагроза ракетных удараў як паветранага кампанента, так і наземнага. На тэрыторыі Беларусі зараз размешчаны адзін дывізіён ракетнага комплексу «Іскандэр», які і ажыццяўляе ракетныя запускі, тры дывізіёны C-400, С-300. Мы бачылі, калі зусім нядаўна зенітнымі ракетамі комплексу C-300 абстрэльвалася Чарнігаўская вобласць», – заявіў Скібіцкі.

Прадстаўнік ГУР расказаў, што асноўная задача расейскіх ЗРК на тэрыторыі Беларусі – прыкрыццё паветранай прасторы падчас заходу бамбавікоў. Аднак яны могуць выкарыстоўвацца і для нанясення ўдараў па тэрыторыі Украіны – гэта другая мэта размяшчэння ЗРК. Іх дакладнасць нізкая, але яны могуць наносіць паразы асабоваму складу і грамадзянскаму насельніцтву.

З паветранай прасторы Беларусі Украіну атакуюць бамбавікі Ту-22М3. Напрыклад, з іх былі нанесеныя ракетныя ўдары па Украіне 24 жніўня. «Гэта рэальная пагроза, якая знаходзіцца на высокім узроўні», – сказаў Скібіцкі аб ракетных ударах з тэрыторыі Беларусі.

«Калі казаць пра сухапутны кампанент, яго там у дастатковай колькасці няма. Там ёсць толькі асобныя падраздзяленні сіл спецыяльных аперацый. Мы не бачым ні перакідкі туды сухапутнага кампанента, ні нарошчванні, ні стварэння якіх-небудзь наступальных груповак. Там уздоўж межаў зараз знаходзяцца толькі батальёны ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусь, якія праводзяць вучэнні, абсталявалі свае пазіцыі і нясуць службу на ратацыйнай аснове», – заявіў Скібіцкі.

Па ацэнках украінскай выведкі, агульная колькасць расейскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі складае каля тысячы чалавек. Таксама ў Беларусі пастаянна разгорнуты два вузлы сувязі, але гэтага недастаткова для сухапутнага ўварвання. Пагроза будзе расці, калі ў Беларусі зноў пачнецца разгортванне магутнага сухапутнага кампанента.

Аналітыка
«Нашае роднае замежжа!» Як з дапамогаю расейцаў выжывае беларускі турыстычны бізнес
2022.08.27 08:00

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў