Беларускі медык расказаў CNN, як у мазырскай лякарні лекавалі параненых расейскіх вайскоўцаў


Вялікая колькасць параненых расейцаў стала паступаць у Мазырскую гарадскую лякарню ў першыя дні пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, расказаў медык амерыканскаму CNN.

Рэнтгенаўскія здымкі раненняў расейскіх вайскоўцаў, якіх лекавалі ў Мазыры. Скрыншот: cnn.com

Медык, якога называюць Андрэем (імя змянілі ў мэтах бяспекі) цяпер знаходзіцца за межамі Беларусі, хацеў з’ехаць за мяжу яшчэ ў 2020 годзе пасля масавых рэпрэсіяў. Зімой 2022 года ён з уласных вокнаў бачыў верталёты і ракеты, якія ляцелі ва Украіну, а праз некалькі дзён быў вымушаны лекаваць расейскіх вайскоўцаў, якія напалі на Украіну.

У канцы сакавіка ён трапіў у няволю па, як сцвярджаецца, сфабрыкаваных абвінавачваннях у карупцыі (вядзецца пра масавае затрыманне хірургаў), па вызваленні ў траўні з’ехаў, дзякуючы дапамозе суполкі медычнай салідарнасці і фонду BYSOL. Ён баяўся, што яго могуць накіраваць ва Украіну ў якасці баявога санітара. Мяжу ён пераплыў праз раку.

Паводле Андрэя, з краіны ўцяклі і іншыя медыкі, якія давалі падпіскі аб неразгалошванні – а на аперацыйных сталах яны пабачылі маштабы стратаў Расеі ў вайне. Ён сцвярджае, што салдаты былі кепска падрыхтаваныя і думалі, што едуць на вучэнні.

Hавiны
У Гомельскіх шпіталях лечаць параненых падчас нападу на Украіну расейскіх вайскоўцаў
2022.02.27 14:30

Мазыр, расказвае медык, у сярэдзіне лютага «ператварыўся ў вялікую ваенную базу». Ён і ягоныя родныя баяліся выходзіць на вуліцу і пачалі падазраваць, што Расея рыхтуецца да нападу. Вучэнні мусілі скончыцца 20 лютага, а дырэктыву аб бясплатным лекаванні расейскіх вайскоўцаў падоўжылі да 10 сакавіка – імаверна, лічылі, што да гэтага часу скончыцца вайна.

Раніцай 24 лютага мазырскім медыкам загадалі пакінуць вольнымі 250 ложкаў для пацярпелых расейцаў, выправіць дамоў максімум беларускіх пацыентаў. Самая вялікая хваля параненых прыбыла ў першай палове дня 28 лютага – аўтобусамі прывезлі больш як сотню чалавек. Хтосьці застаўся без вачэй, хтосьці без рук ці ног, хтосьці без сківіцы ці часткі мазгоў. У той жа дзень дзяржаўны тэлеканал паказаў рэпартаж аб тым, што шпіталь нібыта працуе ў штатным рэжыме.

Многія параненыя ваявалі ў Гастомелі і Бучы пад Кіевам, а таксама ў забруджаным радыяцыяй «Рудым лесе» пад Чарнобылем. У шпіталь трапіў таксама расейскі генерал-маёр Сяргей Ныркоў – ён атрымаў раненне ў жывот у Чарнобылі, рэнтген Ныркова Андрэй таксама вывез.

«Яны былі прафесійнымі забойцамі, – расказвае медык пра дэсантнікаў і спецназаўцаў, якія высаджваліся ў гастомельскім аэрапорце, а потым трапілі на лекаванне ў Мазыр. – Трэба было іх лячыць, гэта была наша праца. Я адчуваў агіду да ўсяго гэтага. Але мне, як лекару, не дазволена адчуваць агіду».

Але большасць пацярпелых, дадае медык, гэта маладыя і недасведчаныя байцы. Многім з якіх было ад 19 гадоў да 21.

ВІДЭА
«New York Times» апублікавала новае расследаванне аб ваенных злачынствах у Бучы
2022.05.20 15:23

Нягледзячы на назіранне Камітэту дзяржаўнай бяспекі, Андрэй здолеў таемна скапіяваць рэнтгенаўскія здымкі дзясяткаў расейскіх вайскоўцаў: зафіксаваныя траўмы і імёны вайскоўцаў.

Аляксандр Лукашэнка 1 сакавіка прызнаў, што ў беларускіх лякарнях, у тым ліку ў Гомлі і Мазыры, лекуюць расейскіх вайскоўцаў. Нічога кепскага ён у гэтым не пабачыў: маўляў, параненым заўсёды дапамагалі ў Беларусі падчас любой вайны. Паведамленняў пра дапамогу ў беларускіх лякарнях параненым украінскім вайскоўцам не было.

Лукашэнка заяўляў 1 сакавіка, што за ўвесь час Беларусь аказала дапамогу 160-170 параненым, але Андрэй і іншыя медыкі расказалі CNN, што толькі ў Мазырскую гарадскую лякарню штодзень дастаўлялі па 40-50 параненых расейцаў. Спрабавалі нават даставіць забітых, бо не ведалі, што з імі рабіць. Расейскіх вайскоўцаў прывозілі найчасцей ноччу, бо баяліся, што мясцовыя звернуць увагу на колькасць машынаў з чырвоным крыжом.

Інтэрв’ю
Куды націсне Пуцін: на ядравую кнопку ці на Лукашэнку? Каментуе гісторык Юрый Фельшцінскі
2022.10.18 08:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў