ЗСУ замацоўваюцца на левым беразе Дняпра. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 488-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 26 чэрвеня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Від з верху на Бахмут, месца найцяжэйшых баёў з расейскімі войскамі ў Данецкай вобласці, Украіна. 22 чэрвеня 2023 года.
Фота: Libkos / AP Photo / East News

Цягам апошніх содняў Збройныя сілы Украіны працягнулі правядзенне наступальных аперацыяў на ўсходзе і поўдні краіны, засяродзіўшы свае асноўныя намаганні на бахмуцкім, бярдзянскім і мелітопальскім кірунку.

У ваколіцах Бахмуту ў Данецкай вобласці ЗСУ наступаюць каля Арэхава-Васільеўкі, Бахмуту, Ягаднага, Кляшчэеўкі і Курдзюмаўкі. Адначасова з гэтым украінскія вайскоўцы замацоўваюцца на раней занятых пазіцыях – цягам апошняга тыдня на кожным з вышэйзгаданых участкаў фронту яны прасунуліся на адлегласць ад аднаго да двух кіламетраў.

У гэты ж час расейцы адзначыліся контратакамі ў ваколіцах Мінькоўкі, Грыгораўкі і Багданаўкі, але поспеху не дасягнулі.

На бярдзянскім кірунку працягваюць наступаць на так званым урэмеўскім выступе на стыку Данецкай і Запарожскай вобласцяў.

Удзень 26 чэрвеня намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр заявіла пра вызваленне чарговага населенага пункту – сяла Роўнапаль у Вяліканавасёлкаўскім раёне Данецкай вобласці. Гэтую інфармацыю пацвердзілі вайскоўцы 31-й Асобнай механізаванай брыгады ЗСУ, якія ўдакладнілі, што Роўнапаль перайшоў пад украінскі кантроль яшчэ 25 чэрвеня.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» піша, што таксама ЗСУ атакавалі ў бок Прыютнага і Старамаёрскага, але тут войскі РФ утрымалі свае пазіцыі.

Крыніца мяркуе, што цяпер украінцы будуць намагацца выраўняць фронт па лініі населеных пунктаў Ляваднае – Роўнапаль – Макараўка, каб далей наступаць на рубеж Прыютнае – Старамаёрскае.

Агулам вызваленне Роўнапалю адкрывае прастор для ЗСУ ў бок Старамаёрскага: абодва населеныя пункты звязвае мясцовая дарога, пры гэтым падкантрольнае расейцам сяло знаходзіцца ў нізіне, што гарантуе ўкраінцам агнявы кантроль над ім.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Від зверху на Бахмут, месца найцяжэйшых баёў з расейскімі войскамі ў Данецкай вобласці, Украіна. 22 чэрвеня 2023 года.
Фота: Libkos / AP Photo / East News

На мелітопальскім кірунку ЗСУ наступаюць на поўначы ад сяла Рабоціна ў Такмакскім раёне Запарожскай вобласці. Прарасейскі ваенкор Сямён Пегаў піша аб невялікім прасоўванні ўкраінцаў углыб абароны праціўніка, але на шырокім участку фронту – да 10 кіламетраў.

Акрамя гэтага працягваюцца баі ў ваколіцах сяла Пяціхаткі ў Васільеўскім раёне.

Таксама Збройныя сілы Украіны працягваюць прасоўвацца на левабярэжжы Дняпра ў Херсонскай вобласці. Так, ужо некалькі дзён украінцы трымаюць плацдарм каля разбуранага Антонаўскага моста.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Romanov Лайт» піша, што ЗСУ цалкам кантралююць лецішчы пад Алэшкамі. Пры гэтым спроба войскаў РФ адбіць гэтую тэрыторыю скончылася няўдачай. Таксама расейцы намагаюцца выбіць ЗСУ пра дапамозе авіяцыі, але пакуль безвынікова.

Пры гэтым украінцы прасоўваюцца ўглыб левабярэжжа, і цяпер замацоўваюцца ў пасадцы на паўночна-ўсходніх ускрайках самога гораду.

У сваю чаргу Узброеныя сілы РФ наступаюць на ўсходзе Украіны. Паводле Генеральнага штабу Збройных, цягам содняў па лініі фронту ў Луганскай і Данецкай вобласцяў адбылося 36 баявых сутыкненняў.

На купянскім кірунку расейцы правялі няўдалыя наступальныя дзеянні на захадзе ад сяла Крывашэеўка ў Сватаўскім раёне Луганскай вобласці.

На ліманскім кірунку УС РФ наступалі каля Вясёлага і Раздолаўкі ў Данецкай вобласці, але таксама не дасягнулі поспеху.

Не ўдалося прасунуцца расейцам і ў Мар’інцы на аднайменным кірунку, а таксама ў бок Новаміхайлаўкі на шахцёрскім.

Такім чынам ЗСУ пакуль удаецца стрымліваць праціўніка на ўсходзе, нягледзячы на спробы расейцаў перахапіць ініцыятыву.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Таццяна Міронава belsat.eu 

 

Стужка навінаў