«Паслядзяцінства. Паслябегства»: акторы-бацькі ўзрушылі дзяцей да слёз


«Калі б была мая воля, я б уключыла гэты спектакль у школьную праграму замест «Бацькоў і дзяцей» Тургенева» – падумала я, выходзячы з прэмʼернага паказу «ПаслядзяцінстваПаслябегства» ад беларускага Свабоднага тэатру.

Спектакль беларускага Свабоднага тэатру «Паслядзяцінства. Паслябегства». Варшава, Польшча. 11 лютага 2023 года.
Фота: Белсат

Чаму так? Напрыклад, таму, што Тургенеў – частка хоць і падобнай да нашай, але ўсё ж расейскай культуры, а «ПаслядзяцінстваПаслябегства» – гэта пра нас з вам, пра нашых родных і суседзяў, пра нашых сяброў. Пра Беларусь, прагу да волі, месца кожнага з нас у сямʼі і вялізную сілу любові адно да аднаго. А яшчэ пра тое, як кожнаму з нас важна быць пачутым і ўмець слухаць іншых.

«Паслядзяціства» – гэта гісторыі беларускіх і ўкраінскіх дзяцей, якія перажылі вымушаную эміграцыю (некаторыя нават двайную) і ўцяклі ад вайны разам са сваймі бацькамі. Прэмʼера ж спектаклю – які не толькі пра гэта, а можа быць нават зусім не пра гэта – не змагла пакінуць бацькоў абыякавымі. «Усё добра, але мы цяпер хочам ім адказаць» – амаль адзінагалосна заявілі бацькі маладых актораў. «Добра» – адказаў беларускі Свабодны тэатр. Тое, што атрымалася, стала тэрапіяй ужо і для бацькоў, і для дзяцей, і для ўсіх, хто гэты спектакль паглядзіць. Арганізатары – малайцы, яны прадугледзелі ўсё і на ўваходзе раздалі гледачам сурвэткі.

«Гэта для таго, каб плакаць ці каб выцірацца?» – спытала я ў маладой акторкі. «Будзе і тое, і тое» – адказала яна і не падманула. Плакалі ўсе: бацькі, якія глядзелі творчае выказванне пратэсту сваіх дзяцей як у першы раз, дзеці, якія акурат упершыню змаглі паставіць сябе на месца бацькоў і пабыць у іхнай скуры, ну і, вядома ж, мы, гледачы, якія суперажывалі і тым, і другім.

Фота: Белсат
Фота: Белсат
Фота: Белсат

Як даць рады з тым, што нельга набыць лішнюю кніжку ці кветку, бо хутка зноў пераязджаць? Калі толькі знайшоў новых сяброў, якіх ізноў згубіш? Што рабіць, калі бацькі лічаць цябе маленькім? А што, калі яны наогул зʼехалі, а ты вырашыў застацца і пачалася вайна?

А што, калі табе давялося зʼехаць, а твае дзеці засталіся і ты не ведаеш, як жыць далей? Што, калі памірае твой родны бацька, а ты нават не можаш сказаць яму самых важных словаў? Што, калі твая краіна ў адзін момант пачынае лічыць цябе ворагам?

Кожны з актораў падчас працы над спектаклем шукаў адказ на сваё самае важнае пытанне. І, здаецца, знайшоў.

– Нам здавалася, што бацькі і дзеці, якія перажылі эміграцыю, пандэмію, пачатак вайны – хочуць казаць пра гэта. Але яны сказалі: «не, нам важна казаць пра тое, што адбываецца ўнутры сямʼі», – распавядае рэжысёрка «бацькоўскай» часткі пастаноўкі Юлія Шаўчук. – Гэта была такая псіхатэрапія шмат для каго з бацькоў і дзяцей.

Фота: Белсат
Фота: Белсат

Словы бацькоў

«Тыя гісторыі, якія распавялі нашы дзеці, сапраўды выявіліся вельмі кранальнымі. Мы зразумелі, што наш сын за той час, калі мы былі не разам, стаў вельмі дарослым чалавекам, які сам прымае рашэнні. І таму нам таксама хацелася сказаць са сцэны, як мы ім ганарымся.

Я ведаю, што тэрапеўтычны эфект зʼявіўся пасля працы над спектаклем ува ўсіх актораў-бацькоў. І ён быў дастаткова моцны. Напэўна, у першую чаргу гэта дапамагло нам быць больш смелымі і выразіць тыя эмоцыі, якія былі ўнутры. Мяне вельмі ўзрушыла тое, як дзеці адрэагавалі на наш спектакль. Той спектр эмоцыяў, які мы пабачылі ад іх, – гэта для нас таксама вельмі дорага. Мне падаецца, яны змаглі зразумець нашыя пачуцці і нашыя гісторыі.

Калі б у мяне быў шанец сказаць нешта важнае іншым бацькам, я б сказала, што самае галоўнае, гэта размаўляць і слухаць. Размаўляць і слухаць», – распавяла маці і акторка Вікторыя.

Фота: Белсат
Фота: Белсат

«Я пабачыў спектакль у верасні толькі падчас прэмʼеры. Было жаданне пераасэнсаваць гэта ўсё. А яшчэ ў мяне была цяжкая асабістая сітуацыя: бацька захварэў на анкалогію, і ў лістападзе яго не стала. Таму калі было прынятае рашэнне, што мы ўдзельнічаем у «бацькоўскай» частцы спектаклю, то я неяк прыйшоў з гэтымі змрочнымі думкамі і адразу напісаў тэкст. А потым проста змяншаў яго, бо напачатку было 10 старонак, а ў выніку стала 3. І ўсе гэтыя часткі, якія засталіся, яны прайшлі праз сіта асэнсавання: што важна, а што не. Было балюча, было страшна. З лістапада да канца снежня я сябе проста не адчуваў: я не разумеў, што са мной адбываецца. Ні пра што думак не было. Але дзякуючы праца над гэтым спектаклем мяне выцягнула. Я да гэтага часу нібыта размаўляю з татам. Я магу ўявіць яго слабасць і слёзы, магу яго абняць. Ён застаўся са мной у тым ліку дзякуючы гэтаму спектаклю. Таму гэта маё выратаванне», – распавёў бацька і актор Уладзіслаў.

Фота: Белсат

Ганна Вашчанка belsat.eu

Стужка навінаў