Колькі каштуе сабраць дзіця ў школу ў Беларусі, Літве, Польшчы і Грузіі?


Зусім блізка 1 верасня і пачатак новага навучальнага года. Самыя актуальныя пытанні для бацькоў цяпер – дзе набыць патрэбныя да школы рэчы, колькі яны каштуюць і як зэканоміць. Гутарым пра рыхтаванне да школьнага года не толькі з тымі, хто аддае дзяцей у школу ў Беларусі, але і з беларусамі ў Літве, Польшчы, Грузіі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Беларусь: «Белы верх, чорны ніз», школьная форма, эмблемы

У Беларусі зборы ў школу пачынаюцца ўжо з сярэдзіны ліпеня – у гэты час адкрываюцца школьныя базары, навучальныя ўстановы выдаюць бацькам спісы таго, што трэба набыць. Пра сёлетнія кошты на школьныя рэчы «Белсат» пагутарыў з дзвюма бабруйкамі – мамамі першакласнікаў.

У Кацярыны ў першы клас ідзе дачка. Жанчына распавядае, што ў іхнай школе ўжо абвесцілі: дзяўчынцы трэба будзе насіць «белы верх, чорны ніз», можна надзяваць штаны ці спадніцу з блузкай, сукенку, сарафан з блузкай.

«У нас так вырашылі з формай, адмысловы строй не трэба набываць, – кажа Кацярына. – Увогуле цяпер нават у адным горадзе ў кожнай школе свае патрабаванні да формы. А яшчэ будзе свой значок з нумарам школы. Як ён будзе выглядаць, пакуль невядома, гэтак жа, як і колькі за яго прыйдзецца заплаціць».

Рэпартаж
Апранаем дзіця ў школу: паглядзелі, што з формай і коштамі
2022.07.28 15:50

На камплект адзення для дачкі Кацярына патраціла 143 рублі: штаны каштавалі 30 рублёў, блузка – 28 рублёў, сарафан – 45 рублёў, туфлі – 40 рублёў. За зменны абутак бабруйка аддала 25 рублёў, красоўкі на фізкультуру набыла за 30 рублёў і спартовы касцюм – за 50 рублёў. Агулам за самую неабходную адзежу ў адзінкавым экзэмпляры наша суразмоўца заплаціла 248 рублёў.  Гэта амаль 100 еўраў па цяперашім курсе.

«Такая сума атрымалася нават з улікам таго, што я старалася набываць недарагія рэчы, па сярэдніх коштах, – зазначае Кацярына. – Нам шмат чаго аддалі сябры. Напрыклад, той жа стол для хатняй працы, які каштуе рублёў 200. Калі б нам усё прыйшлося купляць, выйшла б нашмат даражэй».

У «падоўжанку» – свая пасцельная бялізна

Яшчэ каля 30 рублёў сышло на канцылярскія тавары: асадкі, алоўкі, фарбы, альбом для малявання, фламастары, сшыткі, пластылін, 45 рублёў – на заплечнік.

«Больш за 300 рублёў я ўжо патраціла, – кажа жанчына. – А яшчэ трэба дадаць на букет да 1 верасня – разлічваю, што не больш за 20 рублёў. Яшчэ мая дачка будзе хадзіць у «падоўжанку», і кажуць, што там трэба купляць пасцельную бялізну для дзяцей. Дакладна пакуль не ведаю, але калі спатрэбіцца, то гэта яшчэ 60 рублёў. Таксама ў «падоўжанку» трэба будзе набыць размалёўкі. І за абеды – школьны і дадатковы ў «падоўжанцы» трэба будзе плаціць, але кошт скажуць толькі на пачатку навучальнага года. Такім чынам набягае яшчэ каля 150 еўра.

Алена сёлета збірае ў першы клас сына. Знаёмых, якія маглі б падзяліцца рэчамі для школьніка, у жанчыны няма, усё давялося набываць самой. Агулам бабруйка патраціла амаль тысячу рублёў (каля 400 еўраў).

«З адзення мы купілі два гарнітуры – за 97 і за 125 рублёў, мятлік за 3 рублі, звычайны гальштук за 10. Кашуля каштавала 26 рублёў, джэмпер – 30, штаны – 65, туфлі – 35, за камплект маек, бялізны, шкарпэтак, спартовы касцюм заплацілі 190 рублёў. Агулам на адзежу атрымаўся 581 рубель», – падлічыла Алена.

За сшыткі і асадкі жанчына аддала 12 рублёў. Заплечнік набыла за 50 рублёў, стол і лямпу для заняткаў удома – за 230 рублёў.

Усе выдаткі на сённяшні дзень у Алены складаюць 873 рублі. А яшчэ не ўсё набыта з канцылярыі, плюс кветкі на 1 верасня.

Польшча: 300 злотых на «добры старт» школьнага года

Андрэй з сям’ёй жыве ў Польшчы пад Гданьскам ужо чатыры гады, і сёлета яны з жонкай аддаюць старэйшую дачку ўжо ў чацвёрты клас, сын апошні год ходзіць у садок. У першы клас дачка Андрэя таксама пайшла ў Польшчы. Распавядаючы нам пра сёлетнія кошты, мужчына параўноўвае іх з выдаткамі на першакласніка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Самае галоўнае, пра што трэба ведаць бацькам, якія плануюць пераехаць у Польшчу і аддаць тут дзіця ў школу, – калі ёсць від на жыхарства, можна разлічваць на матэрыяльную дапамогу ад дзяржавы – так званая праграма «Добры старт». Кожнаму школьніку раз на год выплочваецца 300 злотых (63 еўры), – кажа Андрэй. – Гэта адчувальная сума, і дзякуючы ёй зборы ў школу не так моцна б’юць па гаманцы. Акрамя таго, калі матэрыяльнае становішча вельмі цяжкае, калі шматдзетная сям’я, можна звяртацца па дадатковую дапамогу. Акрамя таго, у пачатковай школе ў Польшчы бацькам не трэба плаціць за падручнікі – яны бясплатныя».

Паводле Андрэя, калі збіраць дзіця ў школу ў Польшчы з нуля, то трэба рыхтавацца аддаць не менш за 1000 злотых, а то і больш. Гэта прыкладна 210 еўраў.

«Калі мы збіралі дачку ў першы клас, у нас пайшло каля 1200 злотых (250 еўраў), – зазначае мужчына. – Сёлета ўжо прасцей, бо не ўсё трэба купляць. Мы зрабілі рэвізію рэчаў, якія ў нас ёсць, напрыклад, заплечнік яшчэ цалкам добры, паглядзелі, што новы каштуе 250 злотых (больш за 50 еўраў), і вырашылі, што сёлета яшчэ можна пахадзіць са старым».

«Калі бачыш 1 верасня дзіця з кветкамі – гэта эмігрант з Беларусі ці Украіны»

Спатрэбілася набыць канцылярскія тавары, крыху адзення.

«Школьнай формы тут няма, нейкіх асаблівых патрабаванняў да знешняга выгляду не выстаўляюць. Агулам жа заўважаю, што палякі адзяваюць дзяцей у школу даволі проста, – кажа Андрэй. – Мы сёлета на адзенне аддалі каля 400 злотых. На канцылярыю кшталту сшыткаў, алоўкаў, пеналу сышло каля 200 злотых. Агулам патрацілі прыкладна 600 злотых».

Кветак на 1 верасня сям’я Андрэя набываць не будзе.

«Калі ты ў Польшчы бачыш 1 верасня дзіця з кветкамі, а яшчэ і ўрачыста адзетае – гэта дакладна дзіця эмігрантаў з Беларусі ці Украіны, – зазначае мужчына. – Бо тут няма такой традыцыі. У першы школьны дзень бацькі проста нармальна, акуратна адзяваюць дзяцей, без нейкага там афіцыёзу, часцей за ўсё не купляюць кветак.

Навучанне ў дзяржаўных школах у Польшчы бясплатнае. Аплочваць даводзіцца толькі абеды – 4,50 злотага на дзень (менш за 1 еўра), за месяц прыкладна 70 злотых (каля 15 еўраў).

«На гэтую суму даюць першае, другое, кампот ці сок. А яшчэ бясплатна ўжо сама школа выдае штодня фрукты, ці гародніну, ці малако, тваражкі, – зазначае Андрэй. – Цягам школьнага года ніякіх пабораў у нас няма, на шторы і да т. п. здаваць не просяць. Хоць бацькоўскі камітэт можа арганізаваць так званую класную касу. У першай школе мы так скідваліся па 10–20 злотых на падарункі для дзяцей на святы, а ў мінулай – штомесяц здавалі па 40 злотых, і за іх кіраўнік камітэту арганізоўваў для дзяцей экскурсіі. То бок гэтыя грошы ідуць выключна на дзяцей, а не на рамонт класаў.

Літва: «У крамах увогуле няма адзення, падобнага да школьнай формы»

У Літве, каб сабраць у школу першакласніка, спатрэбіцца не менш за 300 еўраў, кажа Вольга, якая збірае сёлета ў школу сына.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Мы стараліся не купляць вельмі дарагой адзежы, абутку, бо ў школе і так усё хутка зносіцца і папсуецца, але ўсё роўна ў нас выйшла прыкладна 330 еўраў, – кажа жанчына. – Большая частка гэтай сумы – гэта адзенне, абутак, зменны абутак, спартовы, спартовая форма – каля 200 еўраў.

На канцылярскія тавары ў Вольгі пайшло каля 30 еўраў, на заплечнік – 50 еўраў, на сшыткі, патрэбныя для вучобы, – таксама каля 50еўраў.

Іншая наша суразмоўца, Надзея, таксама сёлета аддае сваіх дзяцей у школу ў Літве, але не ў першы клас. Жанчына кажа, што моцна траціцца не давялося, бо шмат чаго засталося з мінулага года. Большасць жа з таго, што патрэбна, набылі яшчэ на пачатку лета. Цяпер жа закупляюць яшчэ крыху адзення ды канцылярскія тавары.

«Канцылярка» цяпер вельмі танная, – зазначае беларуска. – Сшыткі на 16 аркушаў – 32–40 еўрацэнтаў, заплечнікі – 10–20 еўраў, алоўкі каляровыя – 1,80 еўра, набор канцылярскіх прадметаў: лінейка, алоўкі, нажніцы, маркер – 1,30 еўра, асадкі – 29 еўрацэнтаў.

Знайсці ў віленскіх крамах нешта ў дзелавым стылі для школьнікаў амаль немагчыма, зазначае Надзея.

«Была ў «Акропалісе». Тут у прынцыпе не прадаецца нічога такога, што мы называем школьнай формай, – зазначае жанчына. – Я толькі ў «HM» знайшла пару кашуляў і світшотаў і нешта падобнае да школьнай сукенкі. Думаю, гэта таму, што ў школу дзеці ходзяць вольна. Нават абутак – усё спартовае, нічога падобнага да туфляў для хлопчыка я не знайшла. Кошты: у сетках кшталту «Pepco», «Sinsay» ці «HM» джынсы – ад 7 да 15 еўраў, спартовыя касцюмы – 15–20 еўраў, абутак (кеды, красоўкі, сандалі, тапачкі) – 7–20 еўраў».

Цяпер паўсюль зніжкі, зазначае Надзея, аднак ажыятажу ў крамах няма.

Падчас размоваў з мамамі з розных краінаў у нас склалася ўражанне, што найбольшы ажыятаж на школьныя тавары – у Беларусі. Ён распачынаецца з сярэдзіны ліпеня і сканчаецца толькі ў сярэдзіне верасня, калі бацькі дакупяць тое, што не паспелі перад пачаткам навучальнага года. У той жа час беларусы, якія цяпер жывуць у Польшчы ці Літве, яшчэ ў сярэдзіне жніўня казалі, што пакуль нічога не могуць распавесці пра кошты, бо нічога не куплялі. Адчуваецца, што за мяжой бацькі больш расслабленыя, пра што кажа таксама Алёна, дачка якой пойдзе сёлета ў першы клас у Грузіі.

Грузія: ноўтбук кожнаму першакласніку

Алёна аддае сваю дачку ў прыватную грузінска-амерыканскую школу ў Батумі. Спрабавалі ўладкавацца ў бясплатную дзяржаўную, але не хапіла месцаў у расейскамоўным сектары.  У грузінска-амерыканскай школе навучанне на грузінскай і паглыбленае вывучэнне англійскай. Сям’я Алёны – ужо год у Батумі, дачка ў садку пачала вучыць грузінскую, ужо ўмее чытаць і пісаць на ёй.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Навучанне ў грузінска-амерыканскай школе каштуе 200 долараў на месяц, за ўвесь навучальны год – 2000 долараў. Аплочваць можна за тры этапы. Калі ж унесці адразу ўсю суму, то будзе зніжка на 200 долараў, і агульная сума выйдзе 1800 долараў.

«У гэтыя грошы ўваходзіць харчаванне, школьная форма, якую выдае школа, і дадатковыя два гурткі, – распавядае Алёна. – Асобна нам трэба аплаціць падручнікі па англійскай мове, якія замаўляюць на кожнага вучня. Каштаваць гэта будзе каля 200 лары – крыху менш за 100 долараў. Больш пакуль што не казалі за нешта плаціць. І я нічога і не купляла. Не ведаю нават, ці будзе патрэбны заплечнік, таму яго пакуль не набывалі, бо тут у школах першакласнікам выдаюць ноўтбукі, і па сутнасці не трэба насіць з сабой вялізную колькасць кніг. Канцылярыю не набывала таксама, бо не ведаю яшчэ, што будзе патрэбна.

Алёна вельмі задаволеная школай і коштам навучання ў ёй, падкрэслівае, што ў Беларусі за такія грошы прыватную школу не знойдзеш – навучанне ў беларускіх нашмат даражэйшае. У Беларусі Алёна збірала ў школу старэйшага сына, і зазначае, што гэта было нашмат складаней і забірала больш часу і нерваў.

«А цяпер дык увогуле, калі ўвялі школьную форму, нейкія эмблемы папрыдумлялі, і на гэта яшчэ і грошы трэба здаваць. Я камунікую з сяброўкамі з Беларусі, якія збіраюць дзяцей у першы клас. Яны за галаву бяруцца – дзе што купіць, дзе добрая школьная адзежа і да т. п., – кажа жанчына. – Я ўзгадваю свой досвед таксама, і разумею, што ў Грузіі прасцей і танней. Бо калі б мы пайшлі ў звычайную дзяржаўную школу, то купіць бы давялося толькі асадкі, сшыткі, мо яшчэ нешта з «канцыляркі». І ўсё. Але нават і з прыватнай школай я слухаю сябровак з Беларусі і думаю: дзякуй Богу, я заплаціла грошы, і мне больш нічога не трэба рабіць, некуды бегаць, па школьных базарах нешта шукаць. У Грузіі галоўнае – каб месца ў школе было, а больш пакуль ніякіх праблемаў са школай не бачу».

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў