У Беларусь працягваюць прывозіць дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны


У Беларусь прыехала чарговая група дзяцей з Данбасу. Плануюць прывезці іх каля тысячы. Аб гэтым перадае БелТА са спасылкай на Аляксея Талая.

Дзецей з часова акупаваных тэрыторый Украіны.  Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Дзмітрый Сандзіміраў / TASS / Forum

24 красавіка паралімпіец Аляксей Талай расказаў, што ў Беларусь прыехала чарговая група дзяцей з часова акупаваных тэрыторыяў Украіны.

«Беларусь прадаўжае аказваць падтрымку пацярпелым ад баявых дзеянняў рэгіёнам. На гэты раз у другую змену разам з хлопцамі з ДНР і ЛНР упершыню прыбыла група з Запарожскай вобласці (100 хлопцаў). Тым самым мы пашыраем геаграфію аказання дапамогі. У наш фонд звярнуўся грамадскі дзеяч з Запарожжа Уладзімір Рогаў з просьбай аказаць падтрымку ў аздараўленні дзяцей з яго рэгіёну ў Беларусі», – расказаў Талай.

Паводле паралімпійца, на вакзале «дзяцей з Данбасу» сустракалі супрацоўнікі фонду Аляксея Талая і валанцёры БРСМ. Дзяцей з Запарожжа, па словах Талая, прыехалі сустракаць сваякі з Беларусі.

У красавіку-маі ў Беларусь прывязуць агулам тры групы дзяцей: «Трэцяя ўжо напагатове – пакуе чамаданы». Паралімпіец сцвярджае, што дзеці прыязджаюць у Беларусь «на аздараўленне». У «першую змену» у Беларусь прыязджалі 350 украінскіх дзяцей і падлеткаў. Плануецца, што за два месяцы сюды прывязуць больш за тысячу непаўналетніх.

БелТА паведамляе, што дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь прывозяць па даручэнню Аляксандра Лукашэнкі. Арганізацыяй прыезду і знаходжання ў аздараўленчым лагеры «Дубрава» у Салігорскім займаецца фонд Аляксея Талая пры падтрымцы ААТ «Беларуськалій» і Саюзнай дзяржавы.

Нагадаем, што 9 красавіка Павел Латушка ў эфіру «Белсату» заявіў аб тым, што сабраў факты прымусовага вывазу дзяцей з часова акупаваных тэрыторыяў Украіны ў Беларусь і перадасць дакументы ў Міжнародны суд. Такія дзеянні ў дачыненні дзяцей з акупаваных тэрыторыяў зʼяўляюцца парушэннем нормаў міжнароднага права і падпадаюць пад катэгорыю вайсковых злачынства.

У сваю чаргу, экс-упаўнаважаны прэзідэнта Украіны па правах дзяцей, дырэктар фонду «Спосаемо Украіну» Мікола Кулэба 10 красавіка ў эфіру «Белсату» заявіў, што любое перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю іншай краіны з акупаваных тэрыторый Украіны – гэта вайсковае злачынства. За гэта Лукашэнку і іншым датычным можа быць выпісаны ордар на арышт.

Раней за масавы вываз дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны ў Расею Міжнародны суд выдаў ордар на арышт Уладзіміра Пуціна.

Абноўлена
Міжнародны суд у Гаазе выдаў ордар на арышт Пуціна
2023.03.17 19:11

Мірон Маліна belsat.eu

Стужка навінаў