Экс-упаўнаважаны па правах дзяцей ва Украіне: Лукашэнку можа быць выпісаны ордар на арышт за дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей


Любое перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю іншай краіны з акупаваных тэрыторый Украіны – гэта вайсковае злачынства. За гэта Лукашэнку і іншым датычным можа быць выпісаны ордар на арышт. Аб гэтым у эфіру «Белсату» заявіў экс-упаўнаважаны прэзідэнта Украіны па правах дзяцей, дырэктар фонду «Спосаемо Украіну» Мікола Кулэба.

Дзеці сядзяць з плакатамі на акцыі ў падтрымку абаронцаў Марыупалю ля Гарадскога савету ў Дзень Незалежнасці Украіны. Кіеў, Украіна. 24 жніўня 2022 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Былы ўпаўнаважаны прэзідэнта Украіны па правах дзяцей, дырэктар фонду «Спосаемо Украіну» Мікола Кулэба 10 красавіка ў эфіры «Белсату» пракаментаваў факты прымусовай дэпартацыі дзяцей з акупаванай часткі Украіны ў Беларусь, якія раней абнародаваў кіраўнік НАУ Павел Латушка.

Паводле Кулэбы, любыя перамяшчэнні дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны на тэрыторыю іншай краіны ёсць «дэпартацыя і вайсковае злачынства». Што тычыцца звестак аб перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей у Беларусь, то Мікола Кулэба адзначыў, што на сёння ва ўкраінскага боку няма адпаведным чынам задакументаваных фактаў і патрэбна праводзіць расследаванне. Кулэба заклікаў беларусаў дапамагчы ў гэтай справе і перадаць Украіне факты, якія ў іх ёсць.

Экс-упаўнаважаны прэзідэнта Украіны па правах дзяцей нагадаў, што ў гісторыі з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным і расейскай упаўнаважанай па правах дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай расследаванне было праведзена адпаведным чынам і міжнародны суд прызнаў сабраныя факты слушнымі, пасля чаго на Пуціна і Львову-Бялову былі выдадзеныя міжнародныя ордары на арышт. Паводле Кулэбы, такое ж расследаванне павінна быць праведзена і па заяўленых фактах вывазу дзяцей у Беларусь. Калі факты будуць сабраныя, то вельмі імаверна, што ордары на арышт могуць быць выдадзеныя і на Аляксандра Лукашэнку, і на іншых датычных да гэтага асобаў.

Абноўлена
Міжнародны суд у Гаазе выдаў ордар на арышт Пуціна
2023.03.17 19:11

Суразмоўца «Белсату» падкрэсліў, што ў справе ўстанаўлення фактаў і высвятлення, колькі ж менавіта дзяцей вывозіліся ў Беларусь з акупаваных тэрыторыяў Украіны, ёсць шмат складанасцяў. У выпадку дзяцей, якіх вывозілі ў Расею, спрацаваў іншы падыход. Калі дэакупавалі тэрыторыі, то высветлілі, колькі дзяцей няма ўдома, і што іх вывезлі ў Расею і не вярнулі. У выпадку Беларусі, дзеці, хутчэй за ўсё зʼездзілі і вярнуліся. Аднак, як лічыць Кулэба, і гэты вываз быў ваенным злачынствам у дачыненні гэтых дзяцей і іх семʼяў. Таму ўсе факты павінны быць абавязкова ўстаноўлены.

Адказваючы на пытанне вядоўцы «Белсату», ці не перашкодзіць расследаванню жаданне афіцыйнага Кіева не абвастраць стасункі з Беларуссю і Лукашэнкам, Мікола Кулэба адзначыў, што зробленае менскім рэжымам мала чым адрозніваецца ад зробленага Крамлём у гэтай вайне: было і ўварванне войскаў ва Украіну праз прадстаўленую тэрыторыю, былі і абстрэлы ракетнымі комплексамі з Беларусі, і вось цяпер паўтараецца гісторыя з удзелам у дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей. Адрозненне толькі ў тым, што расейскі бок усяляк бравіраваў фактамі вывазу дзяцей з Украіны, а беларускі бок – не бравіраваў.

Кулэба зазначыў, што будзе расследаванне і абавязкова будзе адказнасць, калі віна будзе даказаная. Аднак трэба сабраць доказную базу, у чым суразмоўца вельмі спадзяецца на беларусаў, якім, паводле яго слоў, яшчэ не «прамылі мазгі», і якія падтрымліваюць Украіну.

Дзяўчынка, апранутая ва ўкраінскі сцяг на Майдане незалежнасці. На галаве вянок у жоўта-блакітнай расфарбоўцы. Кіеў, Украіна. 24 жніўня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Мікола Кулэба таксама расказаў, што і вываз дзяцей у Расею з акупаваны тэрыторый Украіны таксама пачынаўся як выезд на аздараўленне, потым дзяцей затрымалі яшчэ на два тыдні, потым яшчэ і гд. Суразмоўца расказаў, што пасля вяртання дамоў ва Украіну дзеці расказваюць пра маральны, псіхічны і фізічны ціск, які на іх аказваўся: забаранялі размаўляць на украінскай мове, забаранялі мець пры сабе ўкраінскую сімволіку і пераследавалі за любыя праявы ўкраінскай ідэнтычнасці, казалі пра нацыстаў ва Украіне і што гэта NATO напала на Расею, таму ідзе вайна.

Паводле афіцыйных дадзеных, пасля лютага 2022 года з Украіны ў Расею вывезлі каля 19,5 тысячаў дзяцей, з іх 4 тысячы сіротаў. Іх вяртанне – вельмі цяжкая задача, асабліва сіротаў. Так, фонд «Спосаемо Украіну», якім кіруе Кулэба, знаходзіць бацькоў і іншых родзічаў, якія маюць дакументы на сваіх дзяцей, і дамаўляецца пра іх паездкі групай у Расею, каб патрабаваць вяртання дзяцей. Пад час такіх паездак родзічаў дзяцей па некалькі гадзінаў дапытвае ФСБ, людзі сутыкаюцца з ціскам. Гэта вельмі ўскладняе задачу.

Таксама Кулэба заявіў, што трэба весці размову не толькі пра 19,5 тысячаў дзяцей, вывезеных з Украіны за мінулы год, але і пра 1,5 млн украінскіх дзяцей, якія патрапілі пад акупацыю ў Крыме, Данецкай і Луганскай вобласцях Украіны, пачынаючы з 2014 года. Дырэктар фонду «Спосаемо Украіну» лічыць, што вярнуць гэтых дзяцей хоць і яшчэ складаней, але трэба. Ён звярнуў увагу, што ёсць мноства дзяцей-сірот, у каго не было бацькоў, ёсць мноства дзяцей, у каго бацькі загінулі пад час баявых дзеянняў ці знаходзяцца ў лагерах для інтэрніраваных асобаў. «Усіх гэтых дзяцей трэба вяртаць!», – зазначыў Кулэба. Мноства дзяцей на акупаваных тэрыторыях ужо аддалі на ўсынаўленне ў Расеі, змяніўшы ім прозвішчы і нават грамадзянства. Самае страшнае, што за 9 гадоў некаторыя дзеці ўжо выраслі і пад уздзеяннем расейкай прапаганды ўзялі ў рукі зброю і ваююць супраць Украіны.

«Дэпартацыя дзяцей – гэта сапраўдны генацыд, і ўсе датычныя да яго павінны быць пакараныя», падсумаваў суразмоўца.

Нагадаем, што 9 красавіка кіраўнік НАУ Павел Латушка ў эфіры «Белсату» распавёў аб тым, што сабраў факты прымусовай дэпартацыі дзяцей з акупаванай часткі Украіны ў Беларусь. Афіцыйныя чыноўнікі кажуць, што гэта добраахвотнае перамяшчэнне дзяцей нібыта на лячэнне. Але, на думку палітыка, насамрэч гэта злачынства рэжыму Лукашэнкі супраць чалавечнасці.

Латушка расказаў таксама, што НАУ мае намер у хуткім часе перадаць у Міжнародны крымінальны суд у Гаазе дакументы і пацверджанні фактаў дэпартацыі дзяцей з Украіны ў Беларусь. Паводле звестак, што ёсць у яго распараджэнні, каля 1050 дзяцей з Данбасу праз фонд Талая пры падтрыманні «Беларуськалію» было перавезена ў Беларусь з акупаваных тэрыторыяў Украіны. Вядома, што дзеці знаходзіліся ў Гомельскай і Менскай вобласцях.

Hавiны
Павел Латушка: Дзяцей з акупаванай часткі Украіны вывезлі і ў Беларусь
2023.04.09 23:27

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў