Павел Латушка: Дзяцей з акупаванай часткі Украіны вывезлі і ў Беларусь


Кіраўнік НАУ Павел Латушка ў эфіры «Белсату» распавёў, што сабраў факты прымусовай дэпартацыі дзяцей з акупаванай часткі Украіны ў Беларусь. Афіцыйныя чыноўнікі кажуць, што гэта добраахвотнае перамяшчэнне дзяцей нібыта на лячэнне. Але, на думку палітыка, насамрэч гэта злачынства рэжыму Лукашэнкі супраць чалавечнасці.

Павел Латушка ў эфіры «Белсату» распавёў, што НАУ мае намер у хуткім часе перадаць у Міжнародны крымінальны суд у Гаазе дакументы і пацверджанні фактаў дэпартацыі дзяцей з Украіны ў Беларусь.

«Гэтую навіну апублікавала нават БелТА. 1050 дзяцей з Данбасу… праз фонд Талая пры падтрыманні «Беларуськалію» перавозілі дзяцей з акупаваных тэрыторыяў. Гэта прымусовая дэпартацыя. У Гомельскай вобласці два дзясяткі хлопчыкаў і дзяўчат. Ёсць таксама заява Савету Федэрацыі Расеі, дзе пішацца, што пасля спаткання Матвіенкі з Мезенцавым была прынятая адпаведная праграма для дзяцей, якія знаходзяцца нібы на аздараўленні ў Менскай вобласці. 1050 дзяцей», – заявіў Павел Латушка.

Палітык таксама распавёў, што намеснік міністра замежных справаў Беларусі заявіў, што дзеці нібыта самыя добраахвотна едуць на аздараўленне.

«Мы гэтыя матэрыялы перадаем у Міжнародны крымінальны суд. Толькі там маюць права даць ацэнку», – заявіў Павел Латушка.

Апазіцыйны палітык таксама дадаў, што ёсць факты дэпартацыі і ўласна самых беларусаў.

Сёння апазіцыя збірае ўсе звесткі супраць рэжыму Лукашэнкі. У Польшчы вядуцца расследаванні на трох кірунках. Гэта захоп самалёта, арганізацыя міграцыйнага крызісу і гвалт супраць грамадзянаў краіны.

«І я як палітык, як грамадзянін даў адпаведныя паказанні Нацыянальнай пракуратуры Польшчы. Дэталі я не маю права разгалошваць. Але будуць дапытаныя і іншыя беларускія палітыкі. Гэта тысячы сведкаў і пацярпелых. Пракуратура выбудуе схему арганізаванай злачыннай групоўкі. І Нацыянальная пракуратура можа даваць ордары на арышты на ўсіх стваральнікаў гэтай групы», – кажа Павел Латушка.

Гісторыі
Як дзеці перажываюць пераезд у іншую краіну? Гутарым з аўтаркаю праекту «Дзяцінства ў эміграцыі» і псіхолагам
2022.08.07 08:30

 

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў