Алімпійскі Парыж-2024 усё бліжэй


Незвычайна рана, у апошні месяц ужо гэтага года, распачаўся продаж квіткоў на летнія Алімпійскія гульні, якія сталіца Францыі – Парыж – прыме з ліпеня да жніўня 2024 года. Горад святла станецца другім пасля Лондану, дзе галоўныя старты чатырохгоддзя (раней у 1900-м і 1924-м) адбудуцца трэці раз у гісторыі, а разам з зімовымі Алімпіядамі Францыя прыме ўжо шостыя гульні.

Ліцэнзійныя прадукты да імпрэзы ўжо можна набыць у афіцыйнай краме «Paris 2024» у Парыжы.
Фота: Gao Jing / Xinhua News Agency / Forum

Для параўнання нагадаем, што продаж квіткоў на папярэднюю Алімпіяду, у Токіа, пачынаўся крыху больш за год і два месяцы да яе – у траўні 2019-га, з разлікам на тое, што гульні пройдуць менавіта ў 2020-м (рашэнне пра перанос праз пандэмію ковіду Міжнародны алімпійскі камітэт прыняў 24 сакавіка 2020 года). На Зімовую Алімпіяду – 2018 у карэйскім Пхёнгчхангу пачалі заклікаць заўзятараў роўна за год да яе.

Як набыць квіткі

Паводле ўмоваў арганізатараў, набыццё квіткоў ажыццяўляецца ў онлайн-фармаце і, каб не зламаўся сервер, за некалькі этапаў. Можна будзе набыць і пакет квіткоў. Прадстаўнікі кожнай краіны, якая ўваходзіць у склад Міжнароднага алімпійскага камітэту (Беларусь пакуль у ліку 206 чальцоў МАК), могуць купляць квіткі праз сайт арганізацыйнага камітэту. Ёсць опцыя набыць пропускі на спаборніцтвы паводле лёсавання праз онлайн-чаргу.

Заўзятарам, якія вызначыліся з тым, што дакладна жадаюць убачыць на спаборніцтвах XXXIII Алімпіяды, трэба паспець зарэгістравацца на сайце да 31 студзеня 2023 года, пасля чаго сфармуюць поўны склад заяўнікаў.

15 лютага 2023 года адбудзецца лёсаванне для ўсіх зарэгістраваных удзельнікаў. Ліст з інфармацыяй прыйдзе на электронныя паштовыя скрыні пераможцаў разыграння, што пройдзе пад дэвізам «Make Your Games» («Ствары свае Гульні»).

Уласна продаж квіткоў пачнецца толькі пасля гэтага. Усе абраныя ўдзельнікі (і гэта вельмі важна!) павінныя будуць цягам 48 гадзінаў перайсці па спасылцы з электроннай пошты, пасля чаго абавязкова пацвердзіць атрыманне ліста. Гэта што датычыць тых, хто хоча набыць найбольш выгодны варыянт – пакет квіткоў. Мінімальны кошт яго складае 72 еўры.

Для тых, хто жадае атрымаць па адным квітку, рэгістрацыя пачнецца пазней. Тэрміны падачы заяўкі на ўдзел у лёсаванні – з 1 сакавіка да 30 красавіка 2023 года. Рэгістрацыя ўдзельнікаў лёсавання і продаж квіткоў будуць праходзіць цягам усяго траўня наступнага года.

Важна адзначыць, што на гэтым, стартавым этапе яшчэ нельга будзе набыць квіткоў на самыя відовішчныя падзеі, напрыклад, на адкрыццё і закрыццё Алімпіяды. Каб не прапусціць тэрміну іх рэалізацыі, варта падпісацца на рассылку ад арганізатараў.

Традыцыйна спачатку абіраюцца падзеі, на якія вы жадаеце трапіць, пасля чаго стане вядома, якія пляцоўкі трэба будзе наведаць, а значыць, дзе менавіта шукаць месца пражывання, каб яно было бліжэй стадыёну. Зарэзерваваць жытло можна максімум за год. Таксама за год да даты можна набываць квіткі на самалёты і цягнікі.

Мінімальны кошт на абсалютна большую колькасць спаборніцтваў (у залежнасці ад віду спорту, раўнду турніру і катэгорыі квітка) складае для найніжэйшай катэгорыі, D, 24 еўры і, часцей за ўсё, не перавышае 200 еўраў для найвышэйшай катэгорыі, А.  На некаторыя спаборніцтвы існуюць і квіткі найвышэйшага ўзроўню кошту і камфорту – «First». Такія квіткі не запланаваныя на лёгкаатлетычныя фіналы, але і кошт найвышэйшай катэгорыі, А, на гэтыя забегі і без таго ўражвае – 690 еўраў. Пры гэтым за марафонам можна паназіраць усяго за 40 еўраў.

Марафон. Шанец для непрафесійных спартоўцаў

Прычым за марафонам ёсць магчымасць не толькі назіраць, але і ўзяць удзел у ім. Упершыню ў гісторыі тут здолеюць выступіць і непрафесійныя спартоўцы. Гэтак званы публічны марафон пройдзе ў той жа дзень, што і элітныя спаборніцтвы. І нават на той жа трасе і ў тых жа ўмовах, толькі, натуральна, у іншы час.

Кенійскі спартовец Эліўд Кіпчоге вітае гледачоў падчас «Марафону для ўсіх» (J-1000 Paris 2024 Marathon Pour Tous). Гэта 5-кіламетровы забег па Шанз-Элізэ, які абазначае, што да пачатку Алімпійскіх гульняў 2024 года ў Парыжы – 1000 дзён.
Фота: Gao Jing / Xinhua News Agency / Forum

Забег адбудзецца 10 жніўня 2024 года. Старт дадуць на плошчы перад ратушаю Атэль-дэ-Віль, дзе яшчэ з 1357-га размяшчаюцца парыжскія муніцыпальныя органы ўлады. Фініш – на Эсплянад-дэз-Энвалід. Марафонскі маршрут будзе пракладзены да Вэрсалю і назад. Забег на 10 кіламетраў распачнецца пасля марафонскага, а 23:30, і пройдзе па вуліцах цэнтру Парыжу. У кожным старце выступяць па 20 024 чалавекі. Удзел будзе бясплатны, але, каб выгуляць нагрудны нумар, трэба спачатку зарэгістравацца на сайце.

З гэтай нагоды на сайце бачым заяву: «Гэтаю імпрэзаю Парыж-2024 запрашае людзей з усёй Францыі натхніцца здаровым ладам жыцця і алімпійскімі каштоўнасцямі, каб яны сталіся неад’емнаю часткай паўсядзённага побыту, дзеля чаго мы распрацавалі некалькі фарматаў забегу, каб кожны – ці то дасведчаны спартовец, ці то навічок, здаровы чалавек альбо той, хто мае асаблівыя патрэбы, малады ці не вельмі – напоўніцу насаладзіўся гэтым сапраўды выключным момантам».

Дэбюты Алімпіяды 

На Алімпіядзе дэбютуе брэйкінг (від танцу з працаю ног і спартовымі элементамі, у тым ліку кручэнне на спіне альбо галаве).

Упершыню ў гісторыі Алімпіядаў адзін з відаў спаборніцтваў будзе адбывацца ў самым аддаленым месцы ад гораду-арганізатара. Турнір па серфінгу адбудзецца ў месцы з ці не найпрыгажэйшаю хваляй у свеце – за 15 700 кіламетраў ад Парыжу, на Таіці, найбуйнейшай выспе французскай Палінэзіі.

Упершыню на наступнай Алімпіядзе будзе аднолькавая эмблема як для Алімпійскіх, гэтак і для Паралімпійскіх гульняў. Яе прэзентавалі яшчэ ў 2019 годзе, яна аб’ядноўвае тры сімвалы: залаты медаль, полымя і Мар’ян – сімвал рэвалюцыі і народу Францыі.

«Гэта гістарычны момант, – абвесціў кіраўнік заявачнага камітэту Парыжу-2024 і трохразовы алімпійскі чэмпіён у веславальным слаламе на каноэ Тані Эстанге. – Мы падкрэсліваем, што ў нас аднолькавае стаўленне да гэтых двух спаборніцтваў, і мы жадаем, каб і алімпійцы, і паралімпійцы былі на адным узроўні, каб мы аднолькава цешыліся перамогам і ўнёску ў развіццё спорту і тых, і іншых».

Афіцыйнае адкрыццё пройдзе не на стадыёне

Афіцыйнае адкрыюць Гульні ўпершыню ў гісторыі не на стадыёне. Пляцоўкаю для гэтай урачыстасці зробіцца рака Сена, сапраўдны сімвал Францыі ды галоўная вуліца Парыжу. Трыбуны будуць на набярэжных і мастах на працягу шасці кіламетраў. Спартоўцы і артысты праплывуць перад гледачамі на 160 караблях. Усё гэта дапоўняць светлавыя эфекты. Недарэмна Парыж называюць горадам святла з нагоды таго, што ён лічыцца найбольш асветленым у Еўропе. Плануецца, што ў шоу возьмуць удзел 10 500 спартоўцаў і 600 000 гледачоў. Парыж – горад даволі маленькі, і таму гульні выйдуць за межы сталічнага рэгіёну, гістарычнай вобласці Францыі Іль-дэ-Франс. Футбольныя матчы, напрыклад, адбудуцца ў шасці гарадах: Бардо, Нант, Ліён, Сэнт-Эт’ен, Ніцца і Марсэль. Турнір гандбалістаў правядуць у Лілі.

Прэс-канферэнцыя ў Парыжы, дзе  прэзентавалі дэталі адкрыцця Алімпійскіх гульняў 2024 года.
Фота: Berzane Nasser/ABACA / Abaca Press / Forum

У Парыжы ўсё робяць для таго, каб значна палепшыць экалагічную абстаноўку. Акрамя масавага азелянення гораду, з’яўлення новых алеяў, паркаў і садоў, ёсць вялікае спадзяванне, як заявіла мэр Парыжу яшчэ з 2014 года Ан Ідальго, што ўдасца ачысціць раку Сену настолькі, каб вада пасавала правядзенню спаборніцтваў па водных відах спорту. Чаўны паступова пераабсталююць электроннымі маторамі, на прычалах будуць станцыі ладавання. А з 2025 года Сену плануюць адкрыць для купання гараджанаў і гасцей французскай сталіцы.

Нам – тым, хто мае віды на Парыж-2024, – застаецца спадзявацца, што там абавязкова будуць выступаць вольныя беларускія спартоўцы. З гарачаю вераю ў гэта мы ўжо цяпер рэгіструемся на набыццё квіткоў.

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў