Аб'яднаны кабінет: У Чэхіі жыве больш за 40 беларусаў, што зазналі катаванні сілавікоў


У Аб’яднаным кабінеце заявілі аб тым, што ў Чэхіі жыве больш за 40 беларусаў, якія зазналі катаванні сілавікоў падчас пратэстаў 2020 году, і адзначылі, што «па фактах катаванняў ініцыіраваны крымінальныя справы». Але дырэктарка Офісу дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы сцвярджае, што навіна атрымала некарэктную інтэрпрэтацыю ў медыях.

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі Павел Латушка падчас сустрэчы з высокапастаўленымі палітыкамі Чэхіі.
Фота: Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі / Telegram

Так, у тэлеграм-канале АПКБ гаворыцца аб тым, што намеснік кіраўніцы кабінету Павел Латушка правёў сустрэчу з намеснікам міністра юстыцыі Карэлам Дворжакам, «падчас якой ішла размова аб выкарыстанні інструментаў універсальнай юрысдыкцыі для прыцягнення да адказнасці вінаватых у злачынствах супраць чалавечнасці ў Беларусі: больш за 40 ахвяр зараз пражываюць у Чэхіі, па фактах катаванняў ініцыіраваны крымінальныя справы».

У той жа час у некаторых незалежных медыях гэтую інфармацыю інтэрпрэтавалі так, што менавіта па ўсіх 40 справах заведзеныя крымінальныя справы.

У сувязі з гэтым дырэктарка Офісу дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы Крысціна Шыянок вымушана была зрабіць удакладненні:

«У публічнай прасторы з’явілася інфармацыя пра тое, што Чэхія распачала крымінальныя справы па фактах катаванняў 40 беларусаў. Гэта інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці. Не ведаю пакуль, ці памылка адбылася з боку палітычнага альбо журналісцкага, але з праўнага сітуацыя наступная: у Чэхіі на сёння пададзеная толькі адна такая заява ад адной асобы, датычныя субʼекты па-ранейшаму працуюць над тым, каб па ёй было распачатае крымінальнае вядзенне», – напісала яна ў сваім акаўнце ў «Facebook».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў