Мастак Дэ Лёс разам з «Белсатам» падсумоўвае падзеі першых тыдняў ліпеня.
Беларусі пагражае жалезная заслона, курсы еўра і долара зраўняліся, журналістцы Кацярыне Андрэевай прысудзілі яшчэ 8 гадоў зняволення – цяпер за «здраду дзяржаве». Усё гэта ў новых малюнках.
Законапраект аб змяненнях у закон «Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь» унесены ўрадам у Палату прадстаўнікоў. Разглядаць яго парламент будзе ўвосень. Калі закон прымуць, то ў Беларусі з’явяцца тры катэгорыі людзей, якім будзе забаронены выезд з краіны: сілавікі ўсіх структураў і супрацоўнікі МНС, грамадзяне Беларусі, у дачыненні якіх вядзецца адміністратыўны працэс нават да прыняцця судом рашэння, і тыя, чый выезд, паводле КДБ, «супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь».
Ужо больш за год на сусветных рынках назіраецца зніжэнне курсу еўра адносна долара.
13 ліпеня Гомельскі абласны суд абвесціў вырак журналістцы «Белсату» Кацярыне Андрэевай: 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу («Здрада дзяржаве»). Суд праходзіў у закрытым рэжыме, справа мае грыф сакрэтнасці. Адвакат Кацярыны застаецца пад строгай падпіскай аб нераскрыцці і ніякіх акалічнасцяў не можа распавесці нават сваякам. Што за «здрада дзяржаве», не ведае нават муж зняволенай Ігар Ільяш – але ён перакананы, што жонка не вінаватая.
З пачаткам поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны тэма COVID-19 адышла ў Еўропе на другі план. Рэч не толькі ў тым, што з’явілася страшнейшай пагроза: пасля гіганцкага студзеньскага піку ў лютым 2022 года ў свеце ішоў рэзкі спад захваральнасці і смяротнасці ад COVID-19. Шмат якія краіны ў выніку знялі каронавірусныя абмежаванні.
Але каронавірус вяртаецца з новымі сіламі і адкрывае для сябе новыя краіны. Генеральны дырэктар Сусветнай арганізацыі здароўя Тэдрас Адханам Гебрэесус адзначыў, што ў апошнія тыдні колькасць новых выпадкаў COVID-19 істотна падскочыла.
Дэ Лёс, belsat.eu